мобильная версия
Прамень

"Арт-сесія" для талентаў

Нумар - №230-232    Рубрыка - Адукацыя

03.12.2011

Фотография 1

Паспяховым быў удзел вучняў Стаўбцоўскай і Шашкоўскай школ мастацтваў у ІV абласным конкурсе юных мастакоў спецыялізаваных дзіцячых мастацкіх школ і дзіцячых школ мастацтваў "Арт-сесія", які адбыўся ў Салігорску.

Вучні нашага раёна заваявалі тры лаўрэацкія дыпломы. Уладальнікамі дыпломаў ІІ ступені сталі: вучаніца Шашкоўскай школы мастацтваў Аліна Калкоўская (намінацыя "Кампазіцыя", выкладчык С. К. Калкоўская) і вучні мастацкага аддзялення Стаўбцоўскай школы мастацтваў Софія Масюкевіч (намінацыя "Жывапіс"), Аляксей Зянько (намінацыя "Малюнак" (выкладчыкі А. В. і І. М. Зянько). Яшчэ адна вучаніца Стаўбцоўскай школы мастацтваў Дзіяна Чарнец у намінацыі "Кампазіцыя" атрымала спецыяльны дыплом Салігорскай дзіцячай мастацкай школы.

Кіраўніцтва аддзела культуры райвыканкама выдзеліла транспарт, каб прадаставіць вучням і іх выкладчыкам магчымасць з'ездзіць у Салігорск для прыняцця ўдзелу ў цырымоніі ўзнагароджвання пераможцаў. Такім чынам, паўдзельнічаць ва ўрачыстасці змаглі не толькі лаўрэаты, але і лепшыя вучні мастацкага аддзялення  Стаўбцоўскай школы мастацтваў і народнай мастацкай студыі "Раніца" Шашкоўскай школы мастацтваў. Арганізатары конкурсу паклапаціліся аформіць шыкоўную выставу работ юных мастакоў, удзельнікаў абласнога конкурсу "Арт-сесія" ў Салігорскім Цэнтры культуры. Як падзялілася ўражаннямі выкладчыца мастацкага аддзялення Стаўбцоўскай школы мастацтваў Ірэна Зянько, усе работы (а іх больш за 100), былі ў рамках, выстава размясцілася ў некалькіх залах. Адметна, што на ёй былі ўсе 7 работ,  прадстаўленыя на суд журы стаўбцоўскімі вучнямі. Арыгінальна выкананы і лаўрэацкія дыпломы, дызайн якіх умясціў на грамаце работы лаўрэатаў. Акрамя таго, у падарунак пераможцы атрымалі  дыск з  работамі,  адзначанымі  ўзнагародамі. Судзілі творчасць рабят дацэнты Беларускай акадэміі мастацтваў і Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтва, і іншыя прафесіянальныя мастакі. Гэта гаворыць аб узроўні конкурсу і аб цане перамогі.

Лана СВЯТЛІЦКАЯ