Асвячэнне купалоў
Нумар - №233-234 Рубрыка - Духоўная і гістарычная спадчына
06.12.2011

Прыгожая царква ў вёсцы Налібакі, асвечаная ў гонар Архістраціга Божага Міхаіла і ўсіх Нябесных Сіл Бясплотных, 21 лістапада святкавала прастольнае свята. У гэты дзень у Налібакі прыбылі паломніцкія групы са Стоўбцаў, Баранавіч, прыехалі мінчане, каб разам у саборнай малітве раздзяліць радасць урачыстасці. Святочнае богаслужэнне ўзначаліў благачынны цэркваў Стаўбцоўскай акругі протаіерэй Аляксандр Марцінчык. Адметнасць гэтага праваслаўнага храма ў нашым раёне ў тым, што настаяцелем яго з'яўляецца манах - ігумен Афанасій.
У гэтыя лістападаўскія дні адбылася яшчэ адна важная і знамянальная падзея для Налібацкага прыхода. За некалькі дзён да прастольнага свята благачынным айцом Аляксандрам быў здзейснены чын асвячэння крыжоў і купалоў: адзін з іх, трэці па ліку, устаноўлены над алтаром, два - над будынкам нядзельнай школы.
Купалы выраблены майстрамі з Бабруйска. Каб устанавіць іх, спатрэбілася спецыяльная тэхніка - вышка. Клір храма, старшыня царкоўна-прыходскага савета Пётр Цімкоў, прыхаджане выказваюць удзячнасць начальніку ДЭУ № 62 Генадзю Сею за прадастаўленне тэхнікі для ажыццяўлення гэтай святой справы. Выканаў работу, якая застанецца ў летапісе прыхода, вадзіцель Іван Ложкін.
Налібацкі храм даступны для людзей кожны дзень. У нядзелю і ў святы служацца літургіі, кожны дзень днём чытаецца Псалтыр, а вечарам, у 18 гадзін, - акафісты.






