"Аўтограф" паэтычнага слова
Нумар - №233-234 Рубрыка - Культура
06.12.2011
Стаўбцоўскае літаратурна-музычнае аб'яднанне "Аўтограф" - часты госць у школах, працоўных калектывах раёна. Кіруе літаб'яднаннем член Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесь Камароўскі. Алесь Адамавіч расказвае аб справах творчай суполкі.
- У наступным годзе грамадскасць будзе шырока адзначаць 130-годдзе з дня нараджэння народных паэтаў Беларусі Якуба Коласа і Янкі Купалы. Стаўбцоўшчына ганарыцца тым, што яна радзіма Коласа, што з нашых родных мясцін і радаводныя карані Купалы (тут нарадзілася яго маці).
Як справаздача, як знаёмства з новымі творамі - паездка "Аўтографа" па школах. Яўген Карпуць, паэт і кампазітар, вядомы як аўтар больш чым ста песень, нядаўна падрыхтаваў зборнік, які выйдзе з друку ў пачатку наступнага года. Аляксандра Бібікава выдала кнігу паэзіі "Агонь святой любові". Яе вершы лірычныя, прасякнутыя светлым пачуццём кахання, замілавання хараством роднай прыроды. У восьмым нумары часопіса "Полымя" змешчана аповесць Лідзіі Адамовіч "Свет сапраўдных жанчын". Працуе яна ў Мікалаеўшчыне, у сістэме аддзела культуры, член Саюза пісьменнікаў Беларусі. Алена Маскевіч падрыхтавала да друку дзве кнігі: паэзіі і прозы. Яна - аўтар шматлікіх сцэнарыяў народных свят.
Нядаўна "Аўтограф" завітаў у госці да вучняў і настаўнікаў Нававёскаўскай, Горкаўскай, Старасвержанскай, Залужскай школ і СШ № 2 г. Стоўбцы. Удзячныя слухачы шчыра віталі сваіх землякоў.
Важным клопатам цяпер лічу, - падкрэсліў Алесь Адамавіч, - падрыхтоўку да друку зборніка вершаў паэтаў Стаўбцоўшчыны. Чытачам будуць прапанаваны як творы знакамітых нашых аўтараў, якія выдалі ўжо багата кніжак, так і тых, хто больш вядомы па публікацыях у перыядычным друку. У кожнага ёсць сваё, асабістае важкае паэтычнае слова.






