мобильная версия
Прамень

Брава, баскетбалісткі!

Нумар - №233-234    Рубрыка - Спорт

06.12.2011

Фотография 1

Зборная жаночая каманда Стаўбцоўскага раёна заняла другое месца ў першынстве Мінскай вобласці па баскетболе.

Гэты факт атрымае яшчэ большую значнасць, калі ўлічыць, якія моцныя прафесіянальныя каманды абыгралі нашы спартсменкі. На спаборніцтва было заяўлена 13 каманд. У паўфінал выйшлі 6, у ліку іх і стаўбцоўская. Фінальная гульня адбылася ў Маладзечне ў новым спарткомплексе. Пасля спартыўнай залы Коласаўскай сярэдняй школы, дзе праходзілі трэніроўкі зборнай каманды, размах залы спарткомплексу выклікаў у нашых спартсменак мала сказаць захапленне. Тут было дзе ім раскрыць свае задаткі і талент. Стаўбчане ўступілі толькі самай моцнай баскетбольнай жаночай камандзе з Вілейкі. Нашыя спартсменкі атрымалі перамогу ў гульні з гаспадарамі - камандай Маладзечна, з барысаўскай камандай, дзе таксама вельмі моцная баскетбольная база, з  салігорскай камандай, якая мае спартыўную славу. Таму радасці ад гэтай перамогі не было межаў.

У склад зборнай каманды Стаўбцоўскага раёна ўвайшлі: супрацоўніца інспекцыі па падатках і зборах Вольга Александровіч, супрацоўніца Цэнтра банкаўскіх паслуг № 624 філіяла № 500-Мінскага абласнога ўпраўлення ААТ "ААБ Беларусбанк" Настасся Атрашкова, працаўніца райгаза Людміла Мяшкова, супрацоўніца вайсковай часці 25810 Надзея Тарасенка, вучаніцы Коласаўскай СШ  Валянціна Гаўронік, Настасся Шкут, Паліна Луніна. Рыхтаваў каманду настаўнік фізічнай культуры і здароўя Коласаўскай сярэдняй школы Валерый Кузняцоў, які яшчэ раз умацаваў за сабою славу аднаго з лепшых трэнераў і выкладчыкаў фізічнай культуры. І трэнер, і каманда баскетбалістак заслугоўваюць павагі і ўдзячнасці. А тым больш, калі ўлічыць, што двое з членаў каманды -  Вольга Александровіч і Надзея Тарасенка - знаходзяцца ў дэкрэтным адпачынку і выкраілі час для трэніровак і саміх спаборніцтваў у іншым горадзе.

Лана СВЯТЛІЦКАЯ