Год добрых падзей
Нумар - №233-234 Рубрыка - Моладзь Стаўбцоўшчыны
06.12.2011

У асабістым жыцці вадзіцеля ААТ "Вішнявецкі-агра" Сяргея Юргеля нядаўна адбылася радасная падзея - прыбаўленне ў сям'і. "Дачка ў нас з жонкай ёсць, а цяпер вось і памочнік для мяне нарадзіўся", - сказаў падчас размовы задаволены тата. Варта згадаць і яшчэ адну значную падзею - Сяргей Юргель заняў другое месца ў раённым спаборніцтве сярод маладых вадзіцеляў на адвозцы збожжа ад камбайнаў.
Кіраўнік гаспадаркі вылучае гэтага маладога вадзіцеля як аднаго з лепшых сярод прафесіяналаў. Працавіты і спагадлівы, Юргель выратаваў сёлета сітуацыю з дастаўкай паліва у гаспадарку. Справа ў тым, што бензавоз для таго, каб прывезці бензін або салярку, прыходзілася пазычаць у калег-суседзяў, бо свой каторы год стаяў няспраўны. І было гэта вельмі нязручна, бо не заўсёды ўдавалася на той момант дамовіцца. Дырэктар папрасіў Юргеля адрамантаваць тэхніку, і літаральна за месяц работа была зроблена. Згадзіўся Сяргей і працаваць на бензавозе. Такім чынам праблема з дастаўкай паліва была вырашана.
- Юргель вядзе і ўлік колькасці паліва на нафтабазе, - расказвае дырэктар Уладзімір Палазкоў, - цяпер не маю клопату, бо застаецца толькі пералічваць грошы.
Варта дадаць, што за Сяргеем Юргелем замацаваны і самазвал, на якім ён возіць розныя грузы.
- На бензавозе раблю два-тры рэйсы за дзень, а потым перасядаю на "газончык", - гаворыць вадзіцель, - работы хапае. Тым больш, што абедзве машыны не новыя, таму глядзець за імі трэба.
А ў тэхніцы Сяргей разбіраецца дасканала, любую машыну адрамантуе. Працуе ён у таварыстве дзесяць гадоў. Пачынаў працоўную біяграфію ў роднай гаспадарцы - ААТ "Радзіма Дзяржынскага". Пасля службы ў арміі нейкі час, як сам гаворыць, "паблукаў" па сталіцы, але затым вярнуўся ў Цеснавую.
Неўзабаве ажаніўся, і маладыя выбралі месцам жыхарства Вішнявец. Жонка Настасся ўладкавалася на свінатаварным комплексе ветфельчарам. Летась кіраўніцтва гаспадаркі выдзеліла Юргелям новы дом з выгодамі.
Фота Васіля ЗЯНЬКО






