мобильная версия
Прамень

Круглы год – жнівень у доме

Нумар - №233-234    Рубрыка - Жыццё. Улада. Чалавек

06.12.2011

Фотография 1
Фотография 2
Фотография 3

Гэта прыгажосць, якую вы бачыце на здымках, выканана з саломкі. З той саломы, якую скарыстоўваюць на корм жывёле, якой падасцілаюць у хлявах. Калі ж зрэзаць яе ў самы час яе залатой красы, то саломка паслужыць выдатным матэрыялам для мастацкіх твораў - яна бліскучая, сонечная, такога колеру, які не створыш ніякімі, нават адмысловымі замежнымі фарбамі, і такой цеплыні зямлі, якая сагрэе вока і сэрца. Гэты скарб прыроды ў руках майстрыхі з Дзераўной Наталлі Пятроўскай жыве ў прыгожых пано, вазах, какошніках, капелюшах, букетах кветак, шкатулках, ляльках, сувенірах, рамках для люстэркаў, шкляначках для вучнёўскіх алоўкаў, расчосніцах, у тэатральных кампазіцыях і іншых творах. Англічане, якія ўбачылі саламянага дзеда ў тэатры "Батлейка" Дзераўнянскай школы мастацтваў, не стрымаліся, каб выпрасіць яго і завезці ў Англію. Лялька, зробленая Наталляй Пятроўскай, атрымала галоўны лаўрэацкі дыплом на свяце-конкурсе ў Слуцку.

Нам таксама падумалася адразу, што Наталля Дзмітрыеўна працуе ў сферы культуры. А яна - прадавец вясковага магазіна спажывецкай каааперацыі ў Дзераўной. І нічога не хоча мяняць у сваёй прафесіі, хоць без праблем магла б закончыць завочна навучальную ўстанову па профілі культуры. Саломапляценне для яе - толькі хобі. Як і ў любой іншай жанчыны ў сельскай мясцовасці, дзе свой дом, вялікі агарод, хатняя гаспадарка, ды яшчэ сям'я - работы хоць спаць не кладзіся. Выконваючы ўсё гэта адмыслова, Наталля Дзмітрыеўна знаходзіць час і для  тонкай мастацкай творчасці з саломкай. Дома ніхто больш гэтыя ўменні не пераняў ад яе. Хоць як сказаць: муж, вадзіцель бензавоза, які запраўляе сельскагаспадарчую тэхніку, у час уборкі збожжавых лічыць сваім абавязкам прывезці з поля для Наталлі якасную саломку. Дзеці, вучні Дзераўнянскай школы, з радасцю сустракаюць сваю маму ў школе, калі, бывае, яе запросяць правесці майстар-клас па саломапляценні.

І адкуль у Наталлі Дзмітрыеўны гэты талент майстрыхі? Ёй было 12 гадоў, калі яна разам са сваёй мамай Вандай Мечыславаўнай, работнікам культуры, была неяк у вучылішчы мастацтваў у Мінску. Яе так уразіла выстава работ з саломкі, што яна стала цікавіцца літаратурай па гэтым відзе творчасці. Так па кнігах і асвоіла  ўменне саломапляцення. Пачынала з простых пано, а цяпер ёй па сіле выканаць  мастацкія кампазіцыі, якія ўпрыгожваюць слынныя выставы. Кіраўнік народнага клуба народнай творчасці "Пралеска" раённага Цэнтра культуры Аліна Халявінская не раз запрашала Наталлю Пятроўскую паўдзельнічаць у выязных фестывалях, выставах-кірмашах. Яна  і рада была б, ды толькі сельскі магазін працуе  ў выхадныя дні -  такі рэжым гандлёвага абслугоўвання работнікаў сельскагаспадарчай галіны. І Наталля Дзмітрыеўна да гэтага гатова. Сама яна вырасла ў вёсцы, родам з Дзераўной. І ўсё ж надараецца магчымасць адправіць свае работы на выставы, упрыгожыць імі мясцовыя святы. А галоўнае, што яна можа рэалізаваць сябе ў гэтым творчым занятку. Талент Наталлі Дзмітрыеўны праяўляецца не толькі ў  дэкаратыўна-прыкладной творчасці, але і ў кулінарнай, і пекарскай справе. Аб гэтым усе ведаюць у ваколіцы. У яе хапае часу і цярпення спячы што-небудзь па новым рэцэпце, які сустрэла ў часопісе, умее прыгожа аздобіць стравы.

 А што ў яе ад прызвання прадаўца? Асляпляльная ўсмешка, прыветнасць, акуратнасць ва ўсім і ўменне ладзіць з людзьмі.

Васіль ЗЯНЬКО (фота)

Святлана ЖЫБУЛЬ