мобильная версия
Прамень

На новай хвалі

Нумар - №233-234    Рубрыка - Моладзь Стаўбцоўшчыны

06.12.2011

8-9 снежня ў Мінску пройдзе рэспубліканскі з'езд БРСМ. Прадстаўляць Стаўбцоўшчыну на ім даверана тром дэлегатам: першаму сакратару раённага камітэта БРСМ Дзіяне Ранцюк, дырэктару ААТ "Каганец" Дзянісу Захарчуку і следчаму раённага аддзела ўнутраных спраў Уладзіміру Курнасенку.  

З якімі думкамі едуць яны на вышэйшы маладзёжны форум Беларусі?

Дзіяна Ранцюк:

- Чатыры гады працую на пасадзе першага сакратара раённага камітэта БРСМ і другі раз удзельнічаю ў рабоце з'езда. Для мяне гэта сур'ёзна, значна.  Знаёмлюся з праграмай работы форуму і ўсведамляю, наколькі ён будзе прадстаўнічы, канструктыўны. Вядомы спявак Пётр Ялфімаў, які спяваў і ў дабрачынным канцэрце на Стаўбцоўшчыне, раскажа пра валанцёрскі рух.

Спадзяюся, што пасля з'езда пачнецца новая хваля актыўнасці.

Плануецца і сустрэча дэлегатаў Міншчыны з губернатарам. Не ведаю, ці пашчасціць мне задаць пытанне Б. В. Батуру, але, калі такая магчымасць будзе, пацікаўлюся: "У нашай рэспубліцы, у тым ліку і на Стаўбцоўшчыне, актыўна развіваецца валанцёрскі рух, шмат чаго робіцца ў гэтым напрамку. Заканадаўчай жа базы для яго дзейнасці і развіцця пакуль няма. Ці магчыма падтрымаць гэтае пачынанне ў маштабах Мінскай вобласці?" Гатова вылучыць і сваю ініцыятыву па распрацоўцы  запатрабаваных нарматыўна-рэгулюючых дакументаў.  

Дзяніс Захарчук:

- Для мяне вялікі гонар і адказнасць удзельнічаць у рэспубліканскім з'ездзе БРСМ. Не першы год наша сельгаспрадпрыемства супрацоўнічае з раённай арганізацыяй БРСМ. І свая маладзёжная пярвічка ў нас дзейсная.

Трымаем сувязь з мясцовай школай і дзіцячым садам, Стаўбцоўскай дапаможнай школай-інтэрнатам. У меры магчымасці аказваем ім матэрыяльную, іншую дапамогу. Так, арганізавалі паездкі ў тэатр, у Белавежскую пушчу. У вёсцы не так шмат магчымасцяў для культурнага адпачынку моладзі.

Я і сам чалавек малады, але што хацеў бы пажадаць моладзі?.. Каб яна прыходзіла на рабочае месца высокакваліфікаванай, усебакова развітай, здольнай забяспечыць эканамічную бяспеку краіны. Сёння запатрабаваны механізатары на сучасную сельгастэхніку. У жывёлагадоўлі, да прыкладу, робат доіць кароў, але хтосьці павінен умець абслугоўваць яго. Да гэтага трэба імкнуцца з малых гадоў. Варта актыўней прывучацца да працы, хацець зарабіць сваю капейку.

Жыццё перад намі складанае і вялікае, патрэбны працавітасць, адказнасць, псіхалагічная ўстойлівасць, якія не дадуць зламацца ў любой жыццёвай сітуацыі. Іншым разам чую нараканні на нізкую заработную плату. На гэта хочацца запярэчыць: "А ты адразу шчыра спытай у сябе: "А што я зрабіў?.. А што я значу?.."

Уладзімір Курнасенка:

-  Еду на рэспубліканскі з'езд упершыню, раней удзельнічаў у абласной канферэнцыі БРСМ. Радасна, гэта вялікі гонар для мяне - прадстаўляць раённы аддзел унутраных спраў, дзе працую 2,5 года пасля Акадэміі Міністэрства ўнутраных спраў. Апошнія паўгода я з'яўляюся сакратаром "пярвічкі". У складзе нашай арганізацыі 25 чалавек. Магчымасці для росту яе радоў яшчэ не вычарпаны. Жывём цікава, актыўна ўдзельнічаем у спартыўных, турысцкіх, культурных мерапрыемствах. Нядаўна ездзілі на турнір па футболе. Стараемся ўдзельнічаць у грамадскім жыцці раёна і іншых калег прыцягваць да гэтай дзейнасці.    

Пажадаем удзельнікам маладзёжнага форуму плённай працы, увасаблення цікавых задум!

Таццяна ПЯТКЕВІЧ