мобильная версия
Прамень

Не бегам адзіным

Нумар - №233-234    Рубрыка - Спорт

06.12.2011

Фотография 1

Лёгкую атлетыку нездарма называюць каралевай спорту. У яе "царстве" шмат спартыўных дысцыплін, якія раскрываюць вялікія фізічныя і валявыя магчымасці чалавека. І радуе, што нашы юныя лёгкаатлеты, спартыўная змена, вызначаюцца цяпер не толькі ў бегу, дзе традыцыі стаўбчан трывалыя, але і ў іншых відах.

Пацвярджэннем гэтаму сталі вынікі выступленняў выхаванцаў Стаўбцоўскай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы на адкрытым першынстве вобласці ў сталіцы. Сярод і традыцыйных ДЮСШ з раёнаў, і спецыялізаваных школ алімпійскага рэзерву нашы таксама задавалі тон, радавалі высокімі вынікамі. Самы важкі прыз - Уладзіславу Звярынскаму, вучню СШ № 3 г. Стоўбцы, які стаў пераможцам у скачках у даўжыню. У Арцёма Галяновіча са Старасвержанскай СШ дзве ўзнагароды -  за другія месцы па кіданні кап'я і штурханні ядра. У Настассі Шкут, якая займаецца ў Коласаўскай СШ, другая прызавая пазіцыя ў бегу на 1500 метраў.

Гэта дасягненні рабят 1995-1996 гадоў нараджэння. З прызамі вяртаюцца і іх на год-два маладзейшыя таварышы. Яўген Макоўскі стаў другім прызёрам у кіданні кап'я і штурханні ядра. На трэцяй пазіцыі па штурханні ядра Юлія Грамыка. Антон Васілеўскі стаў трэцім у бегу на 200 метраў. Усе яны навучэнцы сярэдняй школы № 3 горада. А для Валерыя Марцінкевіча з Цеснавой трэці вынік у бегу на 1500 метраў стаў першай важкай спартыўнай адзнакай. Хлопчыку яшчэ толькі дванаццаць гадоў, і новыя поспехі наперадзе.

Кіраўніцтва і трэнеры Стаўбцоўскай ДЮСШ АФП выказваюць удзячнасць намесніку дырэктара ААТ "ДБТ № 7" С. І. Лысаму за выдзелены аўтобус для таго, каб завезці рабят на спаборніцтва ў Мінск.

Ф. ФЯДОТАЎ