мобильная версия
Прамень

Падзеі і здарэнні

Нумар - №235-237    Рубрыка - Тыдзень Стаўбцоўшчыны

09.12.2011

ЗАГСам зарэгістраваны па раёне два шлюбы, зроблены восем адзнак аб скасаванні сямейнага саюза. Пасведчанні аб нараджэнні выдадзены адзінаццаці маленькім жыхарам Стаўбцоўшчыны: Арцёму Самахвалу, Мікіту Вахнеру, Яраславу Судніку, Сяргею Бураку, Мілане Елінай, Вадзіму Шыку, Багдану Нарановічу, Давіду Сергіевічу, Уладзіславу Гапановічу, Аляксею Анішчуку і Дзмітрыю Лапцеву.

Зямны шлях закончыўся для васьмі чалавек.

У пажарнай часці згадалі здарэнне ў мікрараёне Акінчыцы. У ноч з пятніцы на суботу згарэў ларок індывідуальнага прадпрымальніка. Па гэтым факце міліцыяй узбуджана крымінальная справа. Група падлеткаў падазраецца ў пранікненні ў ларок і наўмысным яго падпале.

Міліцыяй узбуджаны 11 крымінальных спраў, пераважная большасць іх - крадзяжы. Двое зламыснікаў паквапіліся на 30 м кабелю на тэрыторыі ААТ "Шашкі". З кватэры стаўбчаніна знік цюнар з пультам і інш. З дома ў Дружнай прапалі прас, радыёпрыёмнік, набор посуду. У Беламошшы гаспадар не далічыўся пластыкавых труб, металічных вугалкоў і іншай маёмасці.  

Пракуратурай раёна ў суд накіраваны пяць крымінальных спраў у адносінах да пяці абвінавачваных.

Суд прыгаварыў да двух гадоў абмежавання волі 23-гадовага жыхара вёскі Вірлавічы, які ўжо мае шэсць судзімасцяў: на гэты раз малады чалавек учыніў тры крадзяжы ў сваіх аднавяскоўцаў на агульную суму больш за 1 мільён 200 тысяч рублёў. 39-гадовая жыхарка Слабады, будучы абавязанай асобай, ухілялася ад працы і ўплаты сродкаў на ўтрыманне дваіх непаўналетніх дзяцей (запазычанасць склала 19 мільёнаў рублёў), за гэта яна прыгаворана да 140 гадзін грамадскіх работ. Гора-бацька з Баханоў, абавязаны плаціць аліменты на сына (запазычанасць - каля 10 мільёнаў рублёў), пазбаўлены волі на адзін год. Пакаранне ў выглядзе чатырох месяцаў арышту вынесена 40-гадоваму жыхару Скамарошак, раней неаднойчы судзімаму, які ўгнаў ад магазіна веласіпед. За самавольнае будаўніцтва на ўчастку гаража, лазні, паветак і т. п. аштрафавана на 700 тысяч рублёў пенсіянерка з Апечак.      

ДАІ выявіла 184 парушэнні правілаў дарожнага руху. Сярод парушальнікаў - пяцёра п'яных і сямёра бяспраўных вадзіцеляў, 38 недысцыплінаваных пешаходаў. З 6 па 8 снежня прайшла прфілактычная акцыя - "Пешаходны пераход - для пешаходаў". Жорсткія меры прыняты да вадзіцеляў, якія не прадаставілі перавагу руху пешаходам на нерэгулюемых і рэгулюемых пешаходных пераходах: за няпропуск пешахода - штраф да пяці базавых велічынь з адзнакай у талоне папярэджанняў, а пры стварэнні аварыйнай абстаноўкі - пазбаўленне вадзіцельскага пасведчання на тэрмін да двух гадоў разам са штрафам. 2 снежня ў Слабадзе непадалёку ад магазіна вадзіцель аўтамабіля "Нісан" наехаў на спынены трактар "МТЗ-82". Пацярпеў пасажыр, які змешчаны ў хірургічнае аддзяленне бальніцы. Па папярэдняй інфармацыі, вадзіцель знаходзіўся за рулём у стане алкагольнага ап'янення.  

"Хуткая" выязджала да хворых 188 разоў, у тым ліку 8 сігналаў паступіла да асоб з алкагольным ап'яненнем.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ