мобильная версия
Прамень

Памяці вялікага палкаводца

Нумар - №235-237    Рубрыка - Духоўная і гістарычная спадчына

09.12.2011

Георгій Канстанцінавіч Жукаў - чалавек, які ўвайшоў у гісторыю як маршал Перамогі. Асоба легендарная, аб чым сведчаць не толькі факты яго біяграфіі, шматлікія дакументальныя хронікі, вобразы мастацкіх твораў, але і ўспаміны ветэранаў. Дарэчы, пры размове з удзельнікамі вайны, жыхарамі нашага раёна амаль заўсёды прыгадвалася прозвіша Жукава. Цяпер яно асабліва на слыху, у сувязі з юбілейнай датай - 115-годдзем з дня нараджэння вялікага палкаводца. Гутарым са старшынёй Міжнароднага грамадскага фонду імя Г. К. Жукава Д. А. Сянько.

- Лёс Георгія Жукава цесна звязаны з беларускай зямлёй, - гаворыць Д. А. Сянько. - Пачынаючы з 1922 года ён служыў у войсках Беларускай ваеннай акругі, ад камандзіра кавалерыйскага эскадрона да намесніка камандуючага акругі. Асабліва ярка яго талент палкаводца праявіўся ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Георгій Канстанцінавіч быў членам Стаўкі Вярхоўнага Галоўнакамандуючага, каардынаваў дзеянні арміі і франтоў на самых адказных участках. Аперацыя "Баграціён" па разгроме варожых сіл на тэрыторыі Беларусі, узяцце Берліна - усё гэта звязана з імем маршала Перамогі. Таму ўвекавечанне яго памяці - свяшчэнны наш абавязак.

- Дзмітрый Андрэевіч, - раскажыце, калі ласка, пра дзейнасць фонду.

- Накірункі зразумелыя. Гэта сувязь з ветэранамі вайны не толькі ў сталіцы, але і ў рэгіёнах. Бо ім дарагая памяць вялікага палкаводца, ёсць што прыгадаць, што ўспомніць, выказаць свае пажаданні. Вельмі важная работа з моладдзю. І таму мы праводзім гутаркі, сустрэчы ў школах, працоўных калектывах, воінскіх часцях. З нагоды 115-й гадавіны з дня нараджэння чатырохразовага  Героя Савецкага Саюза ў Мінску быў арганізаваны мітынг. У скверы імя Жукава сабраліся ветэраны, прадстаўнікі грамадскасці, моладзь. Да бюста вялікага палкаводца ўскладзены вянкі і кветкі. Урачысты сход адбыўся ў Доме афіцэраў, на ім прысутнічалі і прадстаўнікі з Расіі, Кубы, Венесуэлы.

Жукаў і Перамога - паняцці ўзаемазвязаныя. Аб гэтым гаварылі і нашы госці. Вельмі прыемна было пачуць словы прызнання ад дачкі Жукава Марыі Георгіеўны, іншых людзей, якія яго блізка ведалі. Гэта падахвочвае нас працаваць яшчэ больш актыўна.

- Дзмітрый Андрэевіч, многія стаўбчане таксама могуць зацікавіцца дзейнасцю вашага фонду.

- Гэта толькі радуе. Дарэчы, калі ішоў збор на адкрыццё помніка палкаводцу, мы атрымлівалі ахвяраванні ад жыхароў з рэгіёнаў. Можам дапамагчы парадамі, асабліва ў наладжванні патрыятычнай работы. Паведамляю нумар кантактнага тэлефона: (8-017) 328-08-62.

Ф. БАНДАРОВІЧ