Стаўка на актыўнае развіццё Міншчыны
Нумар - №235-237 Рубрыка - Афіцыйна
09.12.2011
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 5 снежня прыняў з дакладам старшыню Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Барыса Батуру. Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.
Губернатар далажыў кіраўніку дзяржавы аб пачатку работ па рэа-лізацыі яго даручэння, у адпаведнасці з якім у наступным годзе ў кожнай гаспадарцы рэспублікі павінна быць мадэрнізавана адна ферма пад сучасныя тэхналогіі вытворчасці. «Лічу, гэта пасільная задача. Цяпер ва ўрадзе прапануюць некаторыя формы падтрымкі ў выглядзе шыферу, цэменту, дрэва. У нас усё гэта ёсць. Мы значна можам патанніць, - адзначыў Прэзідэнт. - Але ўсюды павінны быць пэўныя аб'ёмы. Усё будзе пад жалезным кантролем, каб тут не было ніякага крадзяжу, адцягнення нават на іншыя мэты».
Паводле слоў Барыса Батуры, цяпер інтэнсіўна распрацоўваецца дакументацыя, і асноўная ўвага рабоце па мадэрнізацыі фермаў будзе ўдзелена ў зімовы перыяд, калі людзі найменш заняты ў сельскай гаспадарцы.
Аляксандр Лукашэнка лічыць неабходным у бліжэйшы час зрабіць стаўку на актыўнае развіццё менавіта Мінскай і Віцебскай абласцей, за кошт якіх плануецца атрымаць значную прыбаўку ў эканоміцы краіны ў цэлым. «Мы будзем дапамагаць Мінскай вобласці ў прыярытэтным парадку, таму што адсюль мы павінны атрымаць дадатковыя аб'ёмы сельскагаспадарчай і прамысловай прадукцыі, паслуг. Мы будзем акцэнт рабіць на Мінскай вобласці, не забываючы, у другую чаргу, Віцебскую, каб краіну падняць за кошт гэтых дзвюх абласцей», - сказаў кіраўнік дзяржавы, адзначыўшы, што астатнія рэгіёны з-за розных прычын у сваім развіцці рушылі наперад.
Губернатар Міншчыны таксама далажыў Прэзідэнту аб прыцягненні ў рэгіён інвестыцый, у тым ліку ў сельскую гаспадарку. Кіраўнік дзяржавы чарговы раз падкрэсліў, што ў Беларусі, і Мінскай вобласці ў прыватнасці, дастаткова зямель, якія можна выкарыстоўваць пад інвестпраекты, не выводзячы з сельгасабароту ворныя землі.
Барыс Батура таксама праінфармаваў аб тым, што Мінская вобласць у бягучым годзе выконвае асноўныя якасныя прагнозныя паказчыкі. Крыху меншымі ў параўнанні з прагнозам чакаюцца рост валавога рэгіянальнага прадукту (107 працэнтаў да ўзроўню 2010 года замест 109 працэнтаў) і вытворчасці прадукцыі ў сельскай гаспадарцы - 105 працэнтаў. У рэгіёне за год таксама будзе ўведзена амаль 1,1 млн кв.м жылля (па прагнозе - 1,3 млн).
У цэлым, паводле слоў губернатара, тэндэнцыі развіцця Мінскай вобласці станоўчыя, што дае магчымасць у поўнай меры выконваць абавязкі дзяржавы па сацыяльнай абароне насельніцтва.






