У сэрцы радзімы – Максім БАГДАНОВІЧ
Нумар - №235-237 Рубрыка - Культура
09.12.2011



Стаўбцоўская школа мастацтваў не абышла ўвагай адметную юбілейную дату - 120-годдзе з дня нараджэння беларускага паэта, празаіка, перакладчыка, крытыка, публіцыста, гісторыка Максіма Багдановіча.
Узяла на сябе клопат падрыхтаваць літаратурна-музычную гасцёўню кіраўнік паэтычнага тэатра "Ластаўкі Наднямоння" тэатральнага аддзялення Галіна Грэкава. Свой аўтарскі праект Галіна Іосіфаўна назвала "Нязгаснай зоркай ты ў небе Радзімы навекі".
Гасціная адбывалася пры перапоўненай зале. Адкрыў яе слайд-фільм аб жыцці і творчасці Максіма Багдановіча. Яго прадаставіў са сваіх фондаў Літаратурны музей паэта ў Мінску. Вучні паэтычнага тэатра "Ластаўкі Наднямоння" некалькі разоў выступалі ў гэтым музеі з чытаннем вершаў Максіма Багдановіча. І сталічны музей па праву лічыць юных дэкламатараў сваімі сябрамі. Парупіліся і мясцовыя бібліятэкі - раённая і дзіцячая - падрыхтаваць кніжную выставу "Я хацеў бы спаткацца з вамі".
Сцэнарый літаратурна-музычнай гасцёўні ўвабраў у сябе поўны расказ аб кароткім, але такім яркім жыцці слаўнага сына Беларусі і аб літаратурнай спадчыне Максіма Багдановіча, якая з'яўляецца дарагой скарбонкай нацыі.
Амаль усе дзіцячыя і дарослыя мастацкія калектывы школы падрыхтавалі да тэматычнай літаратурна-музычнай гасцёўні свае канцэртныя нумары. Перад гледачамі выступілі ансамблі: скрыпачоў, "Кругліца", "Шчабятушкі", "Жавароначкі", "Берагіня", "Любава", салісты. Гучала шмат вершаў Максіма Багдановіча ў выкананні членаў паэтычнага тэатра "Ластаўкі Наднямоння".
Літаратурна-музычная гасцёўня доўжылася некалькі гадзін, а час праляцеў, як адно імгненне. Прысутныя не толькі атрымалі задавальненне ад канцэртных нумароў, але і больш глыбока пазнаёміліся з жыццём і творчасцю Максіма Багдановіча. Галіна Грэкава прыклала ўсе свае сілы, каб падрыхтаваць сцэнарый, дастойны асобы паэта.
Васіля ЗЯНЬКО (фота)






