мобильная версия
Прамень

Ёсць жаданне, але ёсць і патрабаванне

Нумар - №235-237    Рубрыка - Прамая лінія

09.12.2011

Фотография 1

Медыцына - тая сфера, да якой кожны чалавек мае  прамыя ці ўскосныя адносіны. Таму прамыя тэлефонныя лініі з галоўным урачом цэнтральнай раённай бальніцы, якія перыядычна праводзяцца, даюць магчымасць жыхарам раёна атрымаць адказы на пытанні і асабістага характару, і агульнаграмадскія. І на гэты раз Віктару Пярхальскаму на працягу гадзіны давялося папрацаваць, каб спакойна і даступна растлумачыць сутнасць справы, тым больш што сярод тых, хто патэлефанаваў, пераважна былі людзі пажылога ўзросту. З павагай да іх узросту і з разуменнем Віктар Станіслававіч адказаў на ўсе пытанні.

Найбольш зваротаў датычыла выпіскі льготных рэцэптаў. Пацыенты даводзілі, што ўрачы не заўсёды ўлічваюць іх просьбу выпісаць прэпарат больш эфектыўны, які ёсць у продажы ў аптэцы.

-       Выпіску медыцынскіх прэпаратаў па льготных рэцэптах рэгламентуе дзяржаўны дакумент - Пастанова Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь. У ім вызначаны асартыментны пералік прэпаратаў, якія ўрач можа выпісаць па льготных рэцэптах. У асноўным, гэта медыкаменты беларускіх фармацэўтычных прадпрыемстваў. Таму ўрачы не робяць ніякіх парушэнняў, адмаўляючы ў просьбе - выпіска льготных рэцэптаў завязана з фінансамі і знаходзіцца на асаблівым кантролі.

Пытанне асабістага характару: стаўбчанка, інвалід І групы, жадае атрымаць санаторна-курортнае лячэнне.

-       Санаторныя пуцёўкі выдаюцца строга па паказаннях. Агавораны моманты, калі пуцёўка не можа быць выдадзена. Напрыклад тады, калі інвалід І групы не можа абслужыць сябе сам. Па вашым пытанні, разледзеўшы сітуацыю, вам патэлефануе дадому старшыня камісіі цэнтральнай раённай бальніцы па арганізацыі санаторна-курортнага лячэння.

Патэлефанавала жанчына з Новага Свержаня з пытаннем, які парадак працэдуры, каб ёй, інваліду ІІІ групы, была зацверджана ІІ група інваліднасці.

-       Вам неабходна звярнуцца ў мясцовую ўрачэбную амбулаторыю, якая дасць накіраванне на ўрачэбна-кансультацыйную камісію пры цэнтральнай раённай бальніцы. Калі камісія, у склад якой уваходзіць шэраг спецыялістаў, прыме рашэнне аб тым, што ёсць паказанні, каб зацвердзіць вам 2-ю групу інваліднасці,  пытанне будзе вырашана.

Па пытанні аб правядзенні хірургічнага лячэння пажылому чалавеку з пахавай грыжай быў адказ, што гэтыя аперацыі планавыя. Патрэбна звярнуцца на абследаванне, падрыхтавацца да аперацыі, якая будзе праведзена згодна з запісам.

Паступіла просьба падоўжыць рэжым работы кабінета лячэбнай фізкультуры да 19 гадзін.

-       Улічым вашую просьбу. Вывучым пытанне, калі будзе мэтазгоднасць, яно будзе вырашана станоўча.

Тэлефонны званок акрэсліў такую праблему: узніклі цяжкасці аформіць пажылога чалавека на сацыяльны ложак.

-       Праблема сапраўды ёсць, асабліва з наступленнем зімы. У нас у раёне функцыянуе 20 сацыяльных ложкаў: 10 - у Рубяжэвіцкай участковай бальніцы і 10 - у Дзераўнянскай. На зімовы перыяд  ствараецца чарга. Гэта назіраецца і ў бягучым годзе. Таму прынята рашэнне афармляць на сацыяльныя ложкі ў першую чаргу толькі адзінокіх пажылых людзей, якія не маюць дзяцей. І нават для іх існуе чарга. Прашу з разуменнем аднесціся да сітуацыі, якая склалася не па віне медыцынскіх работнікаў.

Было тэлефанаванне наконт кадравай  урачэбнай праблемы. Як яно вырашаецца?

-       Пытанне вельмі складанае. У райбальніцы па-ранейшаму застаецца больш за 20 урачэбных вакансій. Прымаюцца меры, каб вырашыць гэтую праблему - мы пастаянна змяшчаем аб'явы ў сродках масавай інфармацыі, трымаем сувязь з навучальнымі медыцынскімі ўстановамі краіны. Праблему ўрачэбных кадраў адчуваюць і многія іншыя раёны. Нас радуе, што ў апошнія месяцы ўдалося ўкамплектаваць урачамі Цясноўскую і Вішнявецкую ўрачэбную амбулаторыі, папоўніўся яшчэ адным урачом штат тэрапеўтаў паліклінікі.

- Ці можна яшчэ зрабіць прышчэпку ад грыпу?

-       Імунізацыя жыхароў раёна супраць грыпу і вострых рэспіраторных захворванняў закончылася да 1 снежня. Абарону ад віруснай інфекцыі за кошт бюджэтнага фінансавання атрымалі 12 203 чалавекі, 11 020 чалавекам праведзена вакцынацыя за кошт прадпрыемстваў, арганізацый і на платнай аснове па ўласным жаданні прыватных асоб.

Было прыемнае тэлефанаванне з удзячнасцю медыцынскім работнікам. Падзяку педыятру Тамары Пыхцінай адрасавала стаўбчанка Валянціна Гусачонак. Валянціна Мікалаеўна выказала ўдзячнасць за прафесіяналізм і ўвагу і загадчыцы тэрапеўтычнага аддзялення райбальніцы Марыне Цімафеевай ад імя сваёй маці Галіны Блашэнка.

На некаторыя  звароты кіраўнік галіны аховы здароўя раёна паабяцаў адказаць пісьмова ці па тэлефоне пасля больш глыбокага вывучэння сутнасці просьбы ці пажадання.

Лана СВЯТЛІЦКАЯ