З надзеяй і без бар'ераў
Нумар - №235-237 Рубрыка - Жыццё. Улада. Чалавек
09.12.2011
У раённым Цэнтры культуры адбылася сустрэча інвалідаў і прадстаўнікоў раённых службаў, прысвечаная Дню інвалідаў.
У сустрэчы інвалідаў, аб'яднаных у пяць грамадскіх арганізацый - таварыства інвалідаў, таварыства інвалідаў па зроку, арганізацыю дзяцей-інвалідаў і маладых інвалідаў, аб'яднанне "Дзіцячы дыябет", арганізацыю ветэранаў вайны і працы, адчувалася добразычлівая і цёплая атмасфера. У фае яны віталі адзін аднаго поціскамі рук ды цеснымі абдымкамі. Іх запрашаў і салодкі стол, накрыты дзякуючы спонсарам - ААТ "БелНатурПрадукт", філіялу маторнага завода, ТАА "Стоўбцыгазбуд", ТАА "Аграінвест", індывідуальнаму прадпрымальніку Віктару Лаўрыновічу і камерцыйнаму прадпрыемству "Гном-сэрвіс". Для прысутных спявалі самадзейныя артысты. Бадай, самыя адметныя сярод іх - удзельнікі народнага хору ветэранаў вайны і працы.
Як і ў мінулыя гады, гэты дзень даў магчымасць абмеркаваць справы людзей з абмежаванымі магчымасцямі, пагаварыць пра планы і перспектывы іх далейшага жыцця. Слова прадастаўлялася старшыні раённага Савета дэпутатаў Аркадзю Казякоўскаму. Перш-наперш прамоўца спыніўся на тым, як ажыццяўляецца на Стаўбцоўшчыне дзяржаўная палітыка ў вобласці папярэджання інваліднасці і рэабілітацыі інвалідаў.
Так, інваліды раёна забяспечваюцца за кошт дзяржавы тэхнічнымі сродкамі рэабілітацыі - ад спецабутку да аўтамабіляў з ручным кіраваннем. Не стаяць на месцы і магутнасці рэабілітацыйнай індустрыі. Асобна вылучана дзяржаўная праграма па стварэнні для людзей з абмежаванымі магчымасцямі безбар'ернага асяроддзя, рэалізацыя якой пачалася ў 2011 годзе. Згодна з ёю, любы будынак магазіна, установы і т. п., які ўзводзіцца або рэканструіруецца, не здаецца ў эксплуатацыю без пандуса. Падзвіжкі ў гэтым пытанні відавочныя ўжо на першым этапе.
У раёне дзейнічаюць два дамы-інтэрнаты - у вёсках Мікалаеўшчына і Куль, разлічаныя на 333 і 500 месцаў адпаведна. У іх створаны ўсе ўмовы для дастойнай старасці.
На ўліку ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне знаходзяцца 13,5 тысячы атрымальнікаў пенсій і дапамог, з іх каля 13 тысяч - пенсіянеры, якім налічана пенсія па ўзросце, па інваліднасці або ў выпадку страты кармільца. Інвалідамі з'яўляюцца крыху больш за тры тысячы чалавек. У раёне 108 дзяцей-інвалідаў, 29 інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны. 1649 чалавек звярнуліся сёлета па дапамогу ў тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Дэталёва былі абследаваны жыллёва-бытавыя ўмовы 1864 адзінокіх і адзінокапражываючых састарэлых. Па даных тэрытарыяльнага цэнтра, аказана дапамога на 16 мільёнаў 400 тысяч рублёў.
Сярод інвалідаў, людзей састарэлых распаўсюджана такая форма падтрымкі як надомнае абслугоўванне. Ёю карыстаецца 21 працэнт адзінокіх і адзінокапражываючых састарэлых, якіх абслугоўваюць 95 сацыяльных работнікаў. Расце папулярнасць і разавых паслуг па ўборцы ў доме, доглядзе агароду, дастаўцы прадуктаў і г. д. У цэнтры працуюць аддзяленне дзённага знаходжання інвалідаў, клубы і аб'яднанні па інтарэсах, ёсць магчымасць атрымаць псіхалагічную дапамогу па тэлефоне даверу.
На сустрэчы выступілі начальнік пенсіённага аддзела ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Святлана Каспяровіч, а таксама старшыня раённай арганізацыі таварыства інвалідаў Міхаіл Мазур. У гэтай арганізацыі сёння налічваецца больш за 300 членаў, сярод іх - інваліды дзяцінства, інваліды-калясачнікі, тыя, хто прыкаваны да ложка. Разам з тым, адметнасцю яе складу можна назваць стогадовых жыхароў. Людзі ідуць у арганізацыю са сваімі бедамі і атрымліваюць дапамогу. Нягледзячы на адсутнасць уласных фінансавых сродкаў, дапамагаюць спонсары, у тым ліку райвыканкам, абласное аб'яднанне асацыяцыі інвалідаў вайны, мясакамбінат, СФГ "Сула" і іншыя. Міхаіл Мазур, які з'яўляецца таксама членам праўлення і прэзідыума Цэнтральнага праўлення інвалідаў рэспублікі, агучыў адрас прававога цэнтра - г. Мінск, вул. Варанянскага, д. 50, корпус 4, офіс 101, тэл. (8-017) 256-08-29, дзе людзям з абмежаванымі магчымасцямі гатовы даць бясплатную юрыдычную кансультацыю па абароне іх правоў.
Магчымасці інвалідаў абмежаваныя, але гэта не так прыкметна і фатальна, калі тыя, хто іх акружае, не скупяцца на падтрымку, узаемаразуменне і дораць штодзень, штохвілінна надзею на лепшае.






