Бездакорная служба
Нумар - №238-239 Рубрыка - Моладзь Стаўбцоўшчыны
13.12.2011

На сайт нашай газеты прыйшло падзячнае пісьмо з воінскай часці № 30151. Павагі за сваю бездакорную тэрміновую службу заслужыў сяржант Віктар Прыбытак, які родам з Заямнага. Камандаванне часці адзначае, што ва ўсе часы сяржантам адводзілася важная і адказная роля ў баявой падрыхтоўцы і выхаванні асабовага саставу. Сяржант павінен быць выдатным спецыялістам, патрэбна ўменне павесці за сабою. Сяржанту нярэдка даводзіцца прымаць рашэнні самастойна, а гэта вельмі адказна. Усімі гэтымі якасцямі валодае Віктар Прыбытак - камандзір аддзялення, начальнік радыёстанцыі зянітнага ракетнага дывізіёна.
Да службы ў арміі Віктар Прыбытак закончыў Дзяржынскі абласны аграрна-тэхнічны прафесійны ліцэй. І адразу ж быў прызваны ў армейскія рады. Як і іншым навабранцам, яму таксама адразу было нялёгка спасцігнуць ваенную навуку, прывыкаць да ваеннага распарадку дня. Аднак, дзякуючы сваёй вытрыманасці, настойлівасці ён зарэкамендаваў сябе як дысцыплінаваны і адказны салдат.
Пасля прыняцця ваеннай прысягі Віктар Прыбытак быў накіраваны ў 72-гі аб'яднаны вучэбны цэнтр, дзе праходзіў навучанне па спецыяльнасці "Начальнік радыёстанцыі Р-142Н". Затым працягнуў службу ў 6-ым зянітным ракетным дывізіёне 15-й зянітнай ракетнай брыгады. Віктар Прыбытак з'яўляецца ўжо спецыялістам другога класа і можа падзяліцца немалым багажом ведаў і ўменняў з асабовым саставам.
Камандаванне часці акрамя баявых якасцяў ваеннаслужачага адзначае і выдатныя чалавечыя - сціпласць, спагадлівасць, прыстойнасць. Таму ён апора для камандавання зянітнай ракетнай брыгады, а для саслужыўцаў - верны таварыш.
Што ж, кожнаму з бацькоў прыемна было б атрымаць такое падзячнае пісьмо. Вадзіцелю-электрыку райаграпрамэнерга Уладзіміру Вікенцьевічу і рэнтгенлабаранту цэнтральнай раённай бальніцы Таццяне Мікалаеўне Прыбыткам такая характарыстыка іх сына - свайго роду падзяка за выхаванне Віктара.






