мобильная версия
Прамень

Будучыню будаваць маладым

Нумар - №238-239    Рубрыка - Афіцыйна

13.12.2011

Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі павінен стаць крыніцай ідэй не толькі для моладзі, але і для ўсёй краіны. Аб гэтым  заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, выступаючы на 41-ым з'ездзе БРСМ у Мінску.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што яму спадабаўся маладзёжны праект "100 ідэй для Беларусі". "Але гэта  першы крок, галоўнае - ажыццявіць гэта", - падкрэсліў ён. Аляксандр Лукашэнка даручыў ураду і Адміністрацыі Прэзідэнта рэалізаваць усе лепшыя ідэі  праекта. Прэзідэнт адзначыў, што для гэтага ў дзяржавы ёсць фінансавыя сродкі. Ён таксама адзначыў, што праект атрымае працяг, аднак  павінны быць сапраўды лепшыя прапановы, якія прынясуць поспех краіне.

Урад павінен прадаставіць моладзі магчымасць зарабляць. Такую задачу Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка паставіў 9 снежня, выступаючы на 41-м з'ездзе Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі.

"Запішыце як першачарговую задачу: дайце моладзі нармальныя рабочыя месцы з добрай зарплатай. Гэта не папулізм. Гэта выгадна дзяржаве, асабліва цяпер", - сказаў Прэзідэнт, звяртаючыся да членаў урада. "Калі моладзь хоча зарабляць, то трэба ёй даць такую магчымасць, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Калі малады чалавек заробіць Br6-10 млн за працоўны семестр, нам менш яму стыпендыю давядзецца плаціць. Ён жа сам заробіць гэтыя грошы! Чаму мы баімся заплаціць моладзі нават крыху больш, чым яна зарабіла?"

Кіраўнік дзяржавы лічыць, што ў маштабах краіны яшчэ шмат што трэба зрабіць у плане руху студэнцкіх атрадаў. Аляксандр Лукашэнка лічыць, што задача БРСМ сумесна з дзяржавай - дапамагчы маладым людзям у прафесійнай арыентацыі. Прэзідэнт таксама адзначыў, што сёння на прадпрыемствах няхватка рабочых будаўнічых спецыяльнасцяў.

Кіраўнік дзяржавы падтрымаў ініцыятывы, вылучаныя 9 снежня ўдзельнікамі з'езда БРСМ. У прыватнасці, гаворачы аб валанцёрскай рабоце на чэмпіянаце свету па хакеі ў 2014 годзе, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што арганізоўваць яе будуць менавіта члены БРСМ. "І не бясплатна", - дадаў Прэзідэнт.

Прэзідэнт адзначыў, што БРСМ не стваралі штучна. У 90-я гады, калі маладзёжны рух прыйшоў да заняпаду, з'явілася ініцыятыва, якая ішла знізу, ад маладых. І дзяржава гэтую ініцыятыву падтрымала. Аляксандр Лукашэнка лічыць, што БРСМ успрыняў лепшыя ранейшыя традыцыі і стаў правапераемнікам савецкага камсамола. "Вядома, у цяперашнім БРСМ няма таго размаху, які быў у камсамоле. Відаць, сёння гэта і не патрэбна, а можа, і немагчыма. Тым не менш добра, што вы разумееце важнасць пераемнасці і захоўваеце традыцыі. Хоць шмат што змянілася - і час, і пакаленні, і краіна, адно засталося нязменным: імкненне моладзі праявіць сябе, знайсці сяброў, аднадумцаў і разам зрабіць нашую краіну лепшай", - адзначыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на некалькі ініцыятыў арганізацый, якія моладзь рэалізуе на добраахвотных пачатках. У прыватнасці, рух "Добрае сэрца", дзе тысячы маладых людзей бясплатна ў свой вольны час дапамагаюць сіротам, хворым, старым. Падтрымліваць парадак праваахоўнікам дапамагаюць дружыннікі з ліку членаў БРСМ. Ёсць і іншыя праграмы, патрэбныя грамадству. "Менавіта таму мы падтрымліваем вас і гэта павінна быць галоўнай крыніцай вашага аўтарытэту ў маладзёжным  асяроддзі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

У Цэнтральны камітэт Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі выбраныя 25 чалавек, першым сакратаром зноў выбраны Ігар Бузоўскі.

БелТА