мобильная версия
Прамень

Крыж збярог і краявід

Нумар - №238-239    Рубрыка - Духоўная і гістарычная спадчына

13.12.2011

Публікацыя матэрыяла "Дрэва жыцця не зламаць" (№№ 211-212 за 2 лістапада 2011 года) не засталася незаўважанай нашымі чытачамі. Усхвалявала гісторыя старой бальніцы ў мястэчку Гавязна (сёння - Вішнявец), на месцы якой быў устаноўлены памятны крыж. Сёлета з моманту ўстаноўкі крыжа мінула 10 гадоў. 

У рэдакцыю патэлефанаваў аўтар ідэі ўстаноўкі крыжа Валерый Дранчук, выхадзец з гэтых мясцін, неабыякавы да даўніны публіцыст і журналіст, эколаг, які падзякаваў за матэрыял на тэму "сацыяльнага краязнаўства" і дапоўніў яго істотнымі дэталямі, важнымі з пункту гледжання гістарычнай аб'ектыўнасці і памяці нашчадкаў.   

Варта ўдакладніць гісторыю месцаразмяшчэння той, старой, бальніцы. "Адразу там месцілася царкоўна-прыходская школа, а за палякамі - гміна, якая  ахоплівала палову Стаўбцоўскага і частку Нясвіжскага раёнаў, - сцвярджае Валерый Дранчук. - З прыходам Саветаў камяніца гміны пуставала, а ў вайну была разбурана. Сёння ад яе нічога не засталося. Старая ж бальніца размясцілася не ў пераабсталяваным будынку канюшні (і ён, дарэчы, не ўцалеў), а ў былых кватэрах работнікаў гміны, у жылых памяшканнях так званых чыноўнікаў. Я гэта вельмі добра памятаю, таму што продкі мае працавалі ў гміне і кватаравалі ў гэтых драўляных памяшканнях".   

Праз 10 гадоў нельга не ўспомніць і пра тое, як устанаўліваўся памятны крыж з надпісам "Тут нараджаліся і паміралі". Да гэтай ідэі, заўважае Валерый Дранчук, вельмі прыхільна паставіўся былы старшыня райвыканкама Мікалай Пархімовіч: "Я прыйшоў да яго ў кабінет і адразу адчуў разуменне, маральную падтрымку". Пазіцыя ўлады аказалася вельмі паказальнай. Была аказана і матэрыяльная дапамога - былы старшыня мясцовай гаспадаркі Уладзімір Бычко выдзеліў на крыж дрэва.

І яшчэ адзін важны момант. Крыж на месцы старой бальніцы быў пастаўлены з двайной мэтай - на ахову памяці і краявідаў. І ён сапраўды абараніў гэтую памятную мясціну ад захламленасці, бо сюды, на пустыр за вёскай, людзі ўжо спрабавалі зносіць смецце са сваіх двароў... Такім адметным шляхам удалося спыніць несанкцыянаваную звалку. Згадзіцеся, які цікавы прыклад добраўпарадкавання.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ