Мастацтва
Нумар - №238-239 Рубрыка - Культура
13.12.2011
УЗНАГАРОДА З ЧЭШСКАЙ РЭСПУБЛІКІ
Сярэдняя школа № 2 г. Стоўбцы атрымала дыплом з Чэшскай Рэспублікі на імя вучня 3 класа Сяргея Конанава. У гэтым узнагародным лісце Міністэрствы культуры, моладзі, замежных спраў Чэшскай Рэспублікі і Чэшская камісія па супрацоўніцтве з ЮНЭСКА аб'яўляюць, што васьмігадовы Сяргей Конанаў стаў лаўрэатам міжнароднага дзіцячага конкурсу малюнкаў за паспяховую крэатыўную работу.
У дадатак да дыплома прыйшоў каталог з імёнамі і работамі лаўрэатаў гэтага міжнароднага конкурсу і запрашэнне прыняць удзел у 40-м, юбілейным, конкурсе "Лідзіцэ-2012". Змешчана інфармацыя, што ў гэтым міжнародным дзіцячым конкурсе прынялі ўдзел 21 459 работ юных творцаў з 66 краін свету. І толькі 1470 творчых работ адзначаны ўзнагародамі. Так што дыплом Сяргея Конанава высокай вартасці.
А паслаў ён на міжнародны конкурс пад кіраўніцтвам сваёй настаўніцы Ніны Амельчанка малюнак "Гэта - я, тут я жыву".
РОД МАСТАКОЎ ПРАЦЯГВАЕЦЦА
Выдатнай навіной падзялілася з рэдакцыяй выкладчык мастацкага аддзялення Стаўбцоўскай школы мастацтваў Ірэна Зянько. Выпускніца мастацкага аддзялення, цяпер навучэнка Рэспубліканскай гімназіі-каледжа імя А. Ахрэмчыка Ксенія Высоцкая выставіла галерэю сваіх мастацкіх работ не дзе-небудзь, а ў "Доме-музеі А. Ф. Пупко" ў Івянцы. Апалінарый Фларыцыянавіч Пупко - вядомы мастак, рэзчык па дрэве і скульптар, які пакінуў пасля сябе мастацкую спадчыну. І вось праз некалькі пакаленняў яго праўнучка Ксенія яўляе талент мастака. Нягледзячы на яе ўзрост, яе работы ўжо прызнаны і экспазіцыя іх упрыгожыла нават мемарыяльны дом-музей. Што ж, пажадаем таленавітай Ксеніі Высоцкай шчаслівага будучага ў мастацтве.






