мобильная версия
Прамень

У Налібаках жывуць з Богам

Нумар - №238-239    Рубрыка - Жыццё. Улада. Чалавек

13.12.2011

У гэтым годзе ў Налібацкім сельсавеце зарэгістраваны чатыры шлюбы, нарадзіліся васьмёра дзетак. Дабавілася яшчэ адна шматдзетная сям'я, у якой з'явілася трэцяе дзіцятка.

Шлюбы і нараджэнне дзяцей сведчаць, што пушчанскія вёскі будуць жыць і не збіраюцца старэць. У гэтым сельсавеце пустых дамоў няма. Аграгарадок Налібакі, напрыклад, за сотню кіламетраў ад сталіцы, але ўсе свабодныя хаты з ахвотай купляюць тут гараджане. Набываюць іх пераважна пад дачы. З прыходам газа- і водаправода Налібакі ўвогуле атрымалі другое дыханне.

Варта адзначыць добраўпарадкаваны, дагледжаны выгляд пушчанскіх сядзібаў, бо кожны жыхар імкнецца зрабіць каля свайго дома не горш, чым у суседа.  

- Як прыйдзе вясна, то ўсе ў нас стараюцца -  і старыя, і маладыя, адзін перад адным, - заўважае кіраўнік спраў сельвыканкама Ганна Зяленка (дарэчы, Ганна Канстанцінаўна -  карэнная пушчанка, працуе ў сельвыканкаме, на адным месцы, больш за тры дзясяткі гадоў). - Садзяць кветкі нават і за плотам, на вуліцы, каб было прыгожа. Радуюся, што ў нас жывуць такія людзі.

У Налібацкім сельсавеце  няма несанкцыянаваных звалак. Вяскоўцы заключылі дагаворы на вываз цвёрдых бытавых адходаў, і да іх адзін раз у месяц, згодна з графікам, прыязджае машына з дзераўнянскага ўчастка аб'яднання камунальных службаў, забірае ўпакаванае смецце. Гэтая паслуга выходзіць на аднаго чалавека нядорага - 1 тысячу 40 рублёў у месяц. Такім чынам, так званыя банкі-шклянкі ды іншыя камунальныя адходы вывозяцца цэнтралізавана, а наконт астатняга друзу, што збіраецца на падворку, дбайнаму гаспадару не трэба падказваць, як можна ўтылізаваць яго прама на сваім участку.

Людзі, якія жывуць у налібацкім краі, сваім жыццём задаволены і пацвярджаюць гэта простым выслоўем: "У нас тут Бог жыве..." Вялікі аўтарытэт  ксяндза Мар'яна Шэршаня. У сваіх пропаведзях ён абавязкова звяртае ўвагу на тэму добраўпарадкавання, заклікае вернікаў на суботнікі. І людзі слухаюцца, ідуць з граблямі - гэта ўжо ўвайшло ў прывычку, каб талакой навесці парадак на могілках і вакол іх, прыбраць побач з храмам. У прадастаўленні тэхнікі для вывазу смецця не адмаўляюць мясцовыя прадпрыемствы - СЖК "Налібакі", аграбудфірма "ПМК-74 - Налібакі".       

Парадак пануе на могілках і ў Пільніцы. Пільніца - вёска невялікая, у ёй пражываюць у асноўным людзі пенсіённага ўзросту. Яны самі стараюцца, самі сочаць, каб усё было да толку. А на чале гэтай грамадскай работы - пільнянскія актывісты. Сярод іх - Кацярына Богдан, яна ж і дэпутат сельскага Савета. Кацярына Сцяпанаўна на заслужаным адпачынку, але яшчэ працуе  сацыяльным работнікам, абслугоўвае адзінокіх і адзінока пражываючых вяскоўцаў у Пільніцы і Рудні Пільнянскай.

Нельга не згадаць нястомную старасту вёскі  Леакадзію Чарняўскую. Усюды яна паспявае, а трэба ж і хворага мужа дагледзець. Дапамагаюць ёй багаты жыццёвы вопыт, мудрасць... Леакадзія Эдуардаўна нарадзілася і вырасла ў гэтых мясцінах. Адзін з яе трох сыноў -  Генадзій - жыве са сваёй сям'ёй недалёка ад бацькоў, у Налібаках. Дзеці дапамаглі падвесці ў дом бацькоў ваду, набылі і ўстанавілі пральную машыну...

Сапраўды, у налібацкім краі ёсць чаму павучыцца.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ