Вучыцца ў вальшчыка
Нумар - №238-239 Рубрыка - Прамысловасць
13.12.2011
Па выніках работы за трэці квартал 2011 года вытворча-майстарскі ўчастак Стаўбцоўскага доследнага лясгаса, а таксама вальшчык лесу з Прудскога лясніцтва Алег Шадрын вылучаны сярод пераможцаў Мінскай вобласці.
- Сярод лясгасаў, лясніцтваў і дрэваапрацоўчых цэхаў Мінскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб'яднання калектыў стаўбцоўскага цэха заняў другое месца ў працоўным спаборніцтве і першае - у эканоміі і рацыянальным выкарыстанні паліўна-энергетычных і матэрыяльных рэсурсаў, - паведаміў намеснік дырэктара лясгаса па ідэалагічнай рабоце Аляксандр Шарапа. - У асабістым спаборніцтве па эканоміі рэсурсаў сярод вальшчыкаў Міншчыны нязменным лідарам выходзіць вальшчык лесу з Прудскога лясніцтва Алег Шадрын.
Алег Шадрын тлумачыць свае стабільныя поспехі проста - адказным, працалюбівым падыходам да справы. Што датычыць калектыву цэлага цэха, якім не першы год кіруе Васіль Дзейчык, то і ён стараецца ісці ў нагу з часам. У цэху выпушчана таварнай прадукцыі ў дзеючых цэнах у параўнанні з аналагічным леташнім перыядам амаль у два разы больш, а іменна на 8,5 мільярда рублёў. Перапрацавана 26 тысяч м3 драўніны, з якіх выпушчана 10 тысяч м3 піламатэрыялаў. Адметна, што больш чым кожны трэці метр кубічны іх адгружаецца на экспарт. Попытам у замежных спажыўцоў карыстаюцца і паліўныя гранулы - іх за тры кварталы бягучага года выраблена 2,4 тысячы тон.






