Падзеі і здарэнні
Нумар - №240-242 Рубрыка - Падзеі і здарэнні
16.12.2011
ЗАГСам зарэгістраваны па раёне дзевяць шлюбаў. Пасведчанні аб нараджэнні выдадзены дзевяці маленькім жыхарам Стаўбцоўшчыны: Ангеліне Дземідовіч, Станіславу Бурдзейку, Мікіту Лукашэвічу, Ксеніі Жыбуль, Ільі Кураеву, Уладзіміру Рап'яўцу, Дар'і Вяжэвіч, Арсенію Лісаю і Данілу Перахадзюку.
Зямны шлях закончыўся для 15 чалавек.
У пажарнай часці згадалі вогненнае здарэнне ў вёсцы Гнецькі. Агнём пашкоджаны жылы дом. Прычына пажару - парушэнне правіл пажарнай бяспекі пры эксплуатацыі электраправодкі.
Міліцыяй узбуджаны сем крымінальных спраў. Побач з кінатэатрам "Беларусь" хуліган нанёс грамадзяніну траўмы, якія пацягнулі за сабою кароткатэрміновае расстройства здароўя. Невядомы выкраў з двара ў жыхара Ператокаў лісты з алюмініевага сплаву. У пасёлку Коласава зламыснік угнаў з двара дарожны дамскі веласіпед. У Мікалаеўшчыне, паблізу магазіна, ахвотны да чужога вясковец папрасіў мабільны тэлефон, каб пазваніць, а пасля разам з ім кінуўся наўцёкі. На тэрыторыі дзіцячага аздараўленчага лагера "Церамок" грамадзянін выкарыстаў перададзены яму ключ і неправамерна завалодаў аўтамабілем "Міцубісі-паджэра", нават паспеў праехаць на ім да чыгуначнага пераезда ў Новым Свержані. У доме жыхара Яблынаўкі злодзей паквапіўся на мужчынскія туфлі.
Пракуратура раёна правяла праверку вядзення адміністрацыйнага працэса ў аддзяленні па грамадзянстве і міграцыі, а таксама ў аддзеле аховы правапарадку і прафлактыкі райаддзела міліцыі. Па фактах выяўленых парушэнняў унесена прадстаўленне. У судзе падтрымлівалася абвінавачанне па сямі крымінальных справах. Разгледжана грамадзянская справа аб спагнанні запазычанасці. У суд накіраваны сем крымінальных спраў у адносінах да сямі абвінавачаных.
Стаўбцоўскай міжраённай інспекцыяй аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь затрыманы падчас незаконнага палявання ў зоне Рудзьмянскай гаспадаркі жыхар Мінска, якому пагражаюць пазбаўленне права палявання і штраф - ад 10 да 50 базавых велічынь. Яшчэ адзін мінчанін незаконна здабыў на рацэ Сула тры рыбіны ручаёвай фарэлі, якая занесена ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. Шкода, нанесеная прыродзе ад вылаву фарэлі, склала 630 тысяч рублёў. У раёне вёскі Суднікі канфіскаваны дзве незарэгістраваныя стрэльбы ў жыхара Узды: зброя здадзена ў райаддзел міліцыі, а ў адносінах да яе ўладальніка распачаты адміністрацыйны працэс.
"Хуткая" выязджала да хворых 207 разоў, у тым ліку дзевяць сігналаў паступіла да асоб з алкагольным ап'яненнем. Два звароты ў экстранную службу медыкі прылічваюць да неабгрунтаваных. У панядзелак вечарам паступіў выклік на месца дарожнай аварыі (у раёне аўтазапраўкі паблізу Новай Вёскі), дзе перавярнуўся мікрааўтобус з пасажырамі, пераважна жыхарамі гарадоў Мінска і Пінска. У аварыі пацярпелі 12 чалавек.






