Пакуль няма зімы сапраўднай
Нумар - №240-242 Рубрыка - Надвор’е на Стаўбцоўшчыне
16.12.2011


Чарговую гутарку пра надвор'е з начальнікам метэастанцыі "Стоўбцы" Антанінай Уставіч пачынаем з канстатацыі відавочнага факта: хаця месяц і першы зімовы, але прыкмет сапраўднай зімы не відаць...
- І сёлета пацвярджаецца гіпотэза вучоных аб глабальным пацяпленні клімату, - канстатуе Антаніна Юр'еўна. - Ужо дакладна, што сёлетні год увойдзе ў лік самых цёплых гадоў апошніх дзесяцігоддзяў.
Прынамсі, за лістапад сярэдняя тэмпература паветра склала плюс два градусы, што на два градусы вышэй кліматычнай нормы. А ў канцы лістапада тэмпература была на 6-7 градусаў большай за паказчыкі сярэдніх шматгадовых значэнняў. А вось ападкаў адзначаўся недабор, выпала іх 22 мм, 44 працэнты ад месячнай нормы.
- Як такія ўмовы пераносяць пасевы?
- У пачатку лістапада было праведзена наземнае маршрутнае абследаванне. Вынікі яго паказалі, што большасць пасеваў азімых збожжавых культур знаходзілася ў фазе кушчэння. Асноўныя масівы правераных азімых (91 працэнт) мелі добры і выдатны стан, 9 працэнтаў - здавальняючы.
У лістападзе небяспечных аграметэаралагічных з'яў для азімых культур не назіралася. На фоне станоўчых тэмператур паветра глеба заставалася талай. Мінімальная тэмпература глебы на глыбіні залягання вузла кушчэння азімых культур была пераважна плюс 2-4 градусы. Цёплае надвор'е ў лістападзе спрыяла, пераважна ў дзённы час, слабой вегетацыі раслін. У азімых ішло дадатковае развіццё, што асабліва спрыяльна для культур позніх тэрмінаў сяўбы.
- І што можна сказаць пра сёлетні снежань?
- Самі бачыце. Усё ж да цёплых зімаў мы прывыклі і асабліва не здзіўляемся надвор'ю, хутчэй характэрнаму для пачатку лістапада. Станоўчы момант, што дажджы, якія цяпер часта ідуць, папоўнілі запасы вільгаці ў глебе, якія можна назваць дастатковымі.
Увогуле ж і згодна з доўгатэрміновым прагнозам сярэдняя месячная тэмпература снежня чакаецца вышэй кліматычнай нормы на 1 градус. Атмасферныя працэсы: цыклоны, хвалі якіх паступаюць з Атлантыкі, перагароджваюць шлях халодным вятрам з поўначы.
- Ці абнадзеіце, што Новы год усё ж сустрэнем са снегам і марозам?
- Будзем спадзявацца. Зіма рана ці позна ўсё ж прыйдзе. Арктычныя паветраныя масы, якія пакуль нас не палохалі, усё ж не могуць мінуць Беларусь.






