мобильная версия
Прамень

Зямельнае пытанне па новым указе

Нумар - №240-242    Рубрыка - Афіцыйна

16.12.2011

Нягледзячы на тое, што ў нашай газеце пастаянна даюцца каментарыі адносна парадку выдзялення зямельных участкаў і карыстання імі, пытанняў усё роўна не меншае.

Актуальнасць іх у грамадстве відавочная. У сувязі з гэтым заканадаўства таксама не стаіць на месцы. Вядома, што з 1 студзеня 2012 года ўступаюць у сілу новыя Указы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь - № 431 "Аб некаторых мерах па ўдасканаленні адносін у вобласці адабрання, прадастаўлення і выкарыстання зямельных участкаў" і № 520 "Аб некаторых мерах па ўдасканаленні адносін у вобласці будаўніцтва, адабрання і прадастаўлення зямельных участкаў".

З некаторымі іх палажэннямі пазнаёміў начальнік землеўпарадкавальнай службы райвыканкама Дзмітрый АСТРЭЙКА.

- Нядаўна праведзена рэгістрацыя масіву плошчай 109 гектараў для індывідуальнай забудовы ў Стоўбцах пад назвай "Паўночны-2". Больш за адзін  год ішла над гэтым карпатлівая работа. Сёння ўсё гатова для прадастаўлення зямельных участкаў. На даны момант землеўпарадкавальнай арганізацыяй падрыхтавана каля 50-ці зямельных спраў для прыняцця рашэння.

Людзі нярэдка цікавяцца: "Што значыць асваенне зямельнага ўчастка?" З чаго трэба пачынаць з пункту гледжання заканадаўства, у прыватнасці, указаў, якія ўступаюць у сілу ў новым, 2012, годзе?   

- Атрымальнік зямельнага ўчастка для індывідуальнага жыллёвага будаўніцтва павінен на працягу двух месяцаў з дня атрымання на рукі рашэння правесці рэгістрацыю свайго ўчастка, і гэта дасць яму права ўступіць у права карыстання ім. Наступны этап - на працягу года з дня рэгістрацыі трэба прыступіць да асваення зямельнага ўчастка. Для гэтага ў архітэктурнай службе трэба вырабіць генеральны план забудовы і праект дома, а пасля ўжо можна займаць зямельны ўчастак. Заканадаўца, прапісваючы тэрмін "займанне зямельнага ўчастка", меў на ўвазе зняцце ўрадлівага слою глебы пад фундамент і іншыя работы, як, напрыклад, устанаўленне агароджы і інш.

- Дзмітрый Мікалаевіч, хвалюе ў першую чаргу, якія змяненні чакаюцца ў плаце за зямельны ўчастак?

- Аплата ў 2012 годзе будзе спаганяцца крыху па-іншаму. Той, хто мае патрэбу ў прадастаўленні зямельнага ўчастка і стаіць на чарзе больш за 5 гадоў, вызваляецца ад платы за ўчастак (падкрэслю, ад платы за ўчастак - афармлення гэта не датычыць). Хто мае патрэбу ў прадастаўленні зямельнага ўчастка, але стаіць на чарзе менш за 5 гадоў, будзе аплачваць 20 працэнтаў ад яго кадастравага кошту.

У мінулым годзе за сродкі рэспубліканскага бюджэту быў заказаны новы разлік-абгрунтаванне кадастравага кошту зямлі для ўсіх сельскіх населеных пунктаў раёна. Іх у нас 201. У гэтым годзе за сродкі мясцовага бюджэту такія ж разлікі зроблены для садовых таварыстваў і горада Стоўбцы. Зыходзячы з яго, кадастравы кошт зямлі ў новым мікрараёне Стоўбцаў "Паўночны-2", дзе цяпер і вядзецца выдзяленне ўчасткаў, складае ад 1,5 да 2,8 долара з разліку за 1 м кв.     

З Заямнаўскага сельсавета прыйшоў ліст, што ў вёсках ёсць участкі, на якіх не вядзецца ніякага будаўніцтва па некалькі гадоў. Яны безгаспадарныя, таму суседзям і аднавяскоўцам як бяльмо на воку. На якіх падставах прадастаўляюцца зямельныя ўчасткі для будаўніцтва жылля?

- Грамадзянін звяртаецца з заявай у выканаўчы камітэт. Выканкам павінен разгледзець яе і, калі ёсць свабодны ўчастак, падрыхтаваць хадайніцтва ў землеўпарадкавальную арганізацыю на выраб зямельнай справы. Пасля гэтага выканкам прымае рашэнне аб прадастаўленні зямельнага ўчастка. Далей - механізм ужо знаёмы: на працягу двух месяцаў правесці рэгістрацыю зямельнага ўчастка і ўступіць у права карыстання ім, а на працягу года з моманту рэгістрацыі прыступіць да заняцця або асваення яго. Паўтаруся, што пад гэтым трэба разумець падрыхтоўку генплана ўчастка (размяшчэнне на ім аб'ектаў) і праекта дома, узгодненага з архітэктурнай службай райвыканкама. Пасля гэтых працэдур можна здымаць урадлівы слой глебы для ўзвядзення фундамента.

Самае балючае пытанне для многіх  - і забудоўшчыкаў, і тых, хто жыве побач з імі, -  тэрміны будаўніцтва. Колькі ж можна будзе будавацца? Да 2012 года гэтыя тэрміны ўвогуле не былі вызначаны. У новым указе яны прапісаны так: пабудаваць дом на выдзеленым зямельным участку трэба на працягу трох гадоў з моманту рэгістрацыі права на зямельны ўчастак, пры гэтым прадугледжана аднаразовая магчымасць кансервацыі будаўніцтва тэрмінам не больш чым на тры гады. Такім чынам, нават з улікам кансервацыі, будаўніцтва максімальна можа доўжыцца не больш за 6 гадоў. Наколькі гэта рэальна ў сучасных умовах, час пакажа.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ