мобильная версия
Прамень

Дзераўнянская батлейка

Нумар - №243-244    Рубрыка - Культура

21.12.2011

Фотография 1
Фотография 2
Фотография 3

У гісторыі гэтага дзіцячага тэатра была перадгісторыя - трагедыя, якая здарылася ў маладой дзераўнянскай сям'і Леаніда і Наталлі Сіняўскіх - пад коламі машыны загінуў іх шасцігадовы сынок Дзяніс. Як гаворыць Наталля Уладзіміраўна, без духоўнай падтрымкі ім не справіцца было б з горам. Яна з вялікай удзячнасцю гаворыць пра свяшчэннаслужыцеляў: ксяндзы Люцыян Хмялёвец і Томаш Клявонь прынялі сардэчны ўдзел у жыцці сям'і ў гэты цяжкі перыяд.

Наталля Уладзіміраўна па іх благаславенні завочна закончыла Баранавіцкі катахетычны каледж. Стала даваць урокі рэлігіі вучням 2-11 класаў мясцовай агульнаадукацыйнай школы ў Дзераўнянскім касцёле Небаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі. На вялікія святы - Ражджаство Хрыстова і Пасху - ставілі спектаклі па біблейскіх сюжэтах. Гэта стала добрай традыцыяй, якая палюбілася ўсім.

Далей абставіны склаліся так, што ў мясцовай дзіцячай школе мастацтваў адкрывалася тэатральнае аддзяленне. Былы дырэктар школы Мікалай Русецкі прапанаваў Наталлі Сіняўскай выкладаць. Так з 2005 года Наталля   Уладзіміраўна і працуе на гэтай ніве. Маючы ўжо вопыт пастановак, яна вырашыла паспрабаваць стварыць батлейку. Узнікла задача зрабіць тэатр адметным. Наталля Уладзіміраўна паехала ў іншыя гарады, каб пераняць вопыт. І нарэшце выспела ідэя зрабіць батлейку дзераўнянскай. Дапамог увасобіць ідэю ў жыццё выпускнік Дзераўнянскай школы мастацтваў і Рэспубліканскай гімназіі-каледжа імя А. Ахрэмчыка Яўген Скроцкі, які зрабіў роспіс. Удзел у стварэнні батлейкі прыняў выкладчык па класе разьбы па дрэве Віктар Русецкі. Батлейка выканана ў форме мясцовага касцёла.

Паралельна Наталля Уладзіміраўна, якая, ужо працуючы ў школе мастацтваў, атрымала спецыяльнасць рэжысёра драматычнага тэатра на завочным аддзяленні Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, стварыла і драматычны тэатр "Каўчэг". За гэтыя шэсць гадоў абодва тэатры - і лялечны, і драматычны - сталі дыпламантамі і лаўрэатамі раённых, рэгіянальных, абласных і рэспубліканскіх фестываляў тэатральнага мастацтва. Дзераўнянская "Батлейка" была запрошана да ўдзелу ў рэспубліканскім фестывалі "Дажынкі-2011" у Маладзечне.

Заслуга Наталлі Сіняўскай  і ў тым, што здолела аб'яднаць вакол тэатральнага аддзялення мясцовых творцаў. Першыя лялькі зрабіла для батлейкі выкладчыца школы мастацтваў Наталля Клямяціч. Выявы цара Ірада - выдатную ляльку змайстраваў  выкладчык школы мастацтваў, разьбяр па дрэве Віктар Русецкі. Удзельнічае ў падрыхтоўцы спектакляў да хрысціянскіх свят выкладчык польскай мовы Дарота Кахновіч. Дзякуючы гэтаму творчаму сімбіёзу атрымліваюцца пастаноўкі і на польскай мове. Выдатныя саламяныя лялькі па заказе Наталлі Сіняўскай зрабіла мясцовая майстрыха Наталля Пятроўская. Наладзілася выдатнае супрацоўніцтва з выкладчыкам Шашкоўскай школы мастацтваў, мастачкай Святланай Калкоўскай. Яе лялькі вельмі адметныя. У першую чаргу тым, што Святлана Канстанцінаўна мае дар не толькі стварыць ляльку, але і перадаць характар сцэнічнага вобраза. Некаторыя лялькі зрабіла Наталля Сіняўская разам з вучнямі.

Вялікая ўвага надаецца рэпертуару тэатра "Батлейка" - гэта пастаноўкі па біблейскіх сюжэтах, казкі. У рэпертуары драматычнага тэатра "Каўчэг" - спектаклі па творах маладых беларускіх і рускіх драматургаў. І ў гэтым накірунку Наталля Сіняўская змагла знайсці аднадумцаў. Сцэнарый п'есы "Цар Ірад" перадаў батлейцы ксёндз Люцыян Хмялёвец. Спектакль з поспехам ідзе ўжо не адзін год. Наладзілася супрацоўніцтва з мясцовай паэтэсай, бібліятэкарам Шашкоўскай сельскай бібліятэкі Лідзіяй Мазуркевіч. Лідзія Аляксандраўна напісала паэтычны сцэнарый "І будзе тут мястэчка" з гісторыі вёскі Дзераўная. Гэты спектакль стаў візітнай карткай "Батлейкі". Усе творчыя задумы рэжысёра ажыццяўляюць на сцэне акцёры лялечнага тэатра Наталля Каліноўская, Святлана Францкевіч, Наталля Далідовіч, Іван Сіняўскі, Юрый Гарохавік, Віктар Дубатоўка, Юлія Пугач, Надзея Трасцянка, Дзіяна Пажога, Валерыя Дычанкова, Насця Жодзік. Тэатр "Батлейка" прадстаўлены да прысваення яму звання "ўзорны".

- Вялікую ўвагу мы надаём таму, каб захаваць беларускую мову на сцэне, - гаворыць Наталля Сіняўская. - У фестывалі "Казкі жыцця" ўдзельнічаем са спектаклямі толькі на роднай мове, як таго і патрабуюць умовы конкурсу, прывязанага да творчай спадчыны Якуба Коласа. І наогул вялікая ўвага надаецца папулярызацыі нацыянальнай літаратуры і культуры, традыцый.

Юныя акцёры атрымліваюць урокі па асновах сцэнічнай мовы, акцёрскага майстэрства. Гэтаму садзейнічаюць і паездкі ў прафесіянальныя беларускія тэатры. Нядаўна Наталля Сіняўская разам са сваімі выхаванцамі адкрылі для сябе выдатны маладзёжны тэатр "Паралель" у Баранавічах, на спектаклях якога ўжо не раз пабывалі. Дапамагае ажыццявіць гэтыя паездкі транспартам жыхар Дзераўной Браніслаў Гарохавік.

Вучоба на тэатральным аддзяленні дзіцячай школы мастацтваў дазваляе вучням атрымаць пасведчанне і некаторым вызначыцца ў выбары будучай прафесіі. Напрыклад, Хрысціна Карніцкая цяпер з'яўляецца студэнткай тэатральнага аддзялення Беларускага ўніверсітэта культуры і мастацтва.

У адносінах да асобы Наталлі Сіняўскай хочацца дабавіць, што яна - маці пяцярых дзяцей. Пасля трагедыі ў сям'і нарадзіўся хлопчык Іван. Цяпер ён вучыцца ў сёмым класе агульнаадукацыйнай школы, а таксама займаецца на тэатральным аддзяленні і па класе духавых інструментаў у школе мастацтваў, закончыў вучобу па класе разьбы па дрэве. Дачка Анастасія з'яўляецца студэнткай сталічнага інстытута сучасных ведаў, дзе займаецца па спецыяльнасці эстрадны вакал. Яна - лаўрэат прэстыжных вакальных конкурсаў. Марыя вучыцца ў 10 класе, выпускніца тэатральнага аддзялення школы мастацтваў, пяцігадовая Ганна - выхаванка дзіцячага сада. Сям'я Сіняўскіх дастойна прадстаўляла наш раён на абласным конкурсе шматдзетных сем'яў і вярнулася з узнагародамі.

Цяпер тэатр рыхтуецца да Ражджаства Хрыстовага. Рэжысёр і юныя акцёры бяруць на сябе задачу стварыць светлы ражджэственскі настрой жыхарам аграгарадка Дзераўная. Бо стала ўжо традыцыяй кожны год ставіць ражджэственскія спектаклі ў школе мастацтваў і ў мясцовым Доме культуры. Пастаноўкі праходзяць пры перапоўненай зале. Са спектаклямі тэатр выязджае ў Цеснавую і Налібакі, дзе існуюць філіялы Дзераўнянскай дзіцячай школы мастацтваў, і Наталля Сіняўская там выкладае тэатральнае майстэрства, а таксама ў Шашкі. Наогул тэатр гастралюе на працягу ўсяго года. Вось і напрыканцы лістапада дзераўнянская "Батлейка" паказала выдатную дзіцячую пастаноўку "Дзівоснае куранятка" ў СШ № 3, гімназіі і Стаўбцоўскай школе мастацтваў. Тэатр выступаў у дашкольных установах Мінска.

І для юных акцёраў работа з рэжысёрам Наталляй Сіняўскай - больш чым толькі заняткі ў рамках вучэбнай праграмы. Таму і застаюцца яны ў тэатры і пасля таго, як ужо атрымалі пасведчанне аб заканчэнні школы мастацтваў.

Святлана ЖЫБУЛЬ, Васіль ЗЯНЬКО (фота)