мобильная версия
Прамень

Хто працуе з моладдзю, той працуе на перспектыву

Нумар - №243-244    Рубрыка - Жыццё. Улада. Чалавек

21.12.2011

Адбыўся Пленум раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў аграпрамысловага комплексу, на павестку дня якога было вынесена пытанне аб рабоце з моладдзю. Разам з членамі райкама прафсаюза ў мерапрыемстве бралі ўдзел і маладыя спецыялісты, якія стаяць у рэзерве кадраў райкама прафсаюза.

Старшыня райкама прафсаюза Тамара Калошыч падкрэсліла, што праблемы маладых людзей, якія звязалі свой лёс з аграрным сектарам эканомікі нашага раёна, актуальныя і патрабуюць вырашэння. Апошнім часам з боку дзяржавы і мясцовых органаў улады маладым работнікам удзяляецца вялікая ўвага, праводзіцца мэтанакіраваная дзяржаўная палітыка па паляпшэнні ўмоў іх пражывання, адукацыі, быту і адпачынку. Створана заканадаўчая база, якая забяспечвае сацыяльна-прававую абарону моладзі. Дзейнічае Закон "Аб агульных пачатках дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі ў Рэспубліцы Беларусь". І гэта зразумела, бо будучае  аграгарадкоў, пад'ём эканомікі сяла немагчымы без прытоку моладзі і замацавання яе на вёсцы.

На прафсаюзным уліку ў сельскагаспадарчых арганізацыях раёна налічваецца 4327 членаў прафсаюза, сярод якіх 664 - маладыя людзі ва ўзросце да 31 года.

За тры апошнія гады ў раён прыбылі на працу па размеркаванні 164 выпускнікі,  сёння  працуе большая палова з іх. А гэта значыць, што ў раёне створаны неблагія ўмовы для маладых спецыялістаў, выконваюцца ўсе прадугледжаныя працоўным заканадаўствам, калектыўнымі дагаворамі і іншымі дакументамі гарантыі, выплачваюцца дапамогі і кампенсацыі. Сёлета гэтая сума склала 40  мільёнаў рублёў. У моладзі ёсць і перспектыва для  кар'ернага росту. З мэтай замацавання маладых кадраў пры райвыканкаме створаны і дзейнічае фонд падтрымкі маладых спецыялістаў.

І ўсё ж такі застаецца нявырашанай праблема замацавання кадраў на сяле пасля абавязковай двухгадовай адпрацоўкі. Асноўныя прычыны, па якіх моладзь не затрымліваецца на вёсцы, - ненарміраваны рабочы дзень, работа ў выхадныя і святочныя дні, неарганізаванасць вольнага часу. Маладым людзям, якія пражываюць у вёсцы, складаней стварыць сям'ю, бо, проста кажучы, не хапае  нявестаў. А самая галоўная прычына - нізкая заработная плата. Усё гэта аргументавана, і пытанні неаднаразова паднімаліся ў сродках масавай інфармацыі. Аднак  прафсаюзны лідар лічыць, што падлягае абмеркаванню і яшчэ адна прычына -  адносіны кіраўнікоў сельгасарганізацый да маладых спецыялістаў. Апошнія звальняюцца толькі таму, што не знаходзяць паразумення з дырэктарам. У калектыве ж павінны быць створаны такія настрой і атмасфера, якія будуць садзейнічаюць выніковай  рабоце.

Раённым камітэтам прафсаюза, прафсаюзнымі арганізацыямі праводзіцца пэўная работа па паляпшэнні сацыяльнага становішча, прафесійнага станаўлення і развіцця творчага патэнцыялу маладых працаўнікоў. Яна грунтуецца  на аснове сацыяльнага партнёрства шляхам заключэння і рэалізацыі раённага пагаднення і калектыўных дагавораў, правядзення розных акцый і мерапрыемстваў.

Заслугоўвае распаўсюджвання практыка падтрымкі маладых рабочых і спецыялістаў, якая склалася ў ААТ "Вялікі Двор", "Жацерава", "Радзіма Якуба Коласа", "Дзераўное", "Стаўбцоўская ПМК", МАВГУП "Стаўбцоўскі мясакамбінат" і інш. У раздзел калектыўнага дагавору "Сацыяльная абарона моладзі" ўключаны наступныя палажэнні: устанаўленне даплат на працягу першых двух гадоў работы маладым спецыялістам, якія прыбылі па накіраванні, у памеры адной тарыфнай стаўкі першага разраду; прадастаўленне маладым працаўнікам  перад пачаткам работы аплатнага водпуску за кошт гаспадаркі  працягласцю адзін каляндарны месяц; аказанне аднаразовай матэрыяльнай дапамогі маладым рабочым, якія прызываюцца на службу ў армію і вяртаюцца затым на ранейшае месца працы; поўная кампенсацыя расходаў маладым сем'ям, спецыялістам, рабочым за пражыванне на кватэры ў прыватных асоб. І ў той жа час у дагаворах іншых гаспадарак гэты раздзел утрымлівае толькі палажэнні агульнага характару, якія дублююць Працоўны кодэкс і іншыя заканадаўчыя акты. Гэтыя недахопы ў рабоце з моладдзю трэба папраўляць. І браць на ўзбраенне наступныя  станоўчыя прыклады: у ААТ "Вялікі Двор" выдаецца крэдыт да пяці сярэднямесячных заработных плат на набыццё мэблі з пагашэннем  на працягу года, у ААТ "Дзераўное" выплачваюцца аднаразовыя дапамогі ў памеры шасці службовых акладаў маладым спецыялістам, якія прыехалі ў гаспадарку па накіраванні навучальных устаноў, у ААТ "Вішнявецкі-агра" і "Дзераўное" завочнікам на перыяд сесіі, пры ўмове паспяховай яе здачы, выплачваецца сярэдняя заработная плата.

На жаль, маюць месца і парушэнні законных правоў маладых работнікаў.  Гэта сведчыць аб тым, што неабходна арганізаваць прававое навучанне прафсаюзнага актыву і ўзмацніць грамадскі кантроль за прытрымліваннем працоўнага заканадаўства па лініі прафсаюзаў.

Падкрэслівалася, што ўвайшла ў пастаянную практыку арганізацыя раённага спаборніцтва сярод моладзі на веснавых палявых работах, уборцы ўраджаю збожжавых і нарыхтоўцы кармоў. Пераможцы атрымліваюць падзячныя пісьмы, ганаровыя граматы і каштоўныя падарункі. Адзначалася, што нашы маладыя механізатары выходзяць таксама пераможцамі абласнога і рэспубліканскага спаборніцтваў. Называліся прозвішчы Аляксандра Еўтуха з ААТ "Вялікі Двор", Дзяніса Сухаверха і Віталія Шоды з ААТ "Вішнявецкі-агра", Дзяніса Цяўлоўскага з ААТ "Шашкі". Варта дадаць, што Дзяніс заняў першае месца на абласным конкурсе сярод маладых аратых.  Правядзенне райкамам прафсаюза конкурсаў прафесійнага майстэрства стала добрай традыцыяй, як і арганізацыя спартыўных мерапрыемстваў - зімовых і летніх спартакіяд, злётаў маладых спецыялістаў. Сёлета ўпершыню быў праведзены конкурс прыгажосці "Міс Стоўбцы-Аграпрам".

Агучаныя ў дакладзе праблемы моладзі патрабуюць увагі як з боку нашага прафсаюза, так і з боку гаспадарчых органаў. Неабходна, каб разгляд пытанняў маладзёжнай тэматыкі на прафсаюзных сходах насіў сістэмны характар. Трэба адрадзіць правераны часам накірунак работы з моладдзю -  настаўніцтва. Праводзіць абавязковую гутарку ў прафсаюзным камітэце пры паступленні маладога чалавека на работу з давядзеннем інфармацыі, па якіх пытаннях ён можа звяртацца ў прафкам для аказання яму дапамогі ў абароне сваіх правоў. Забяспечыць удзел прадстаўнікоў прафсаюза на ўсіх узроўнях у распрацоўцы і рэалізацыі маладзёжных праграм, стварэнні фондаў падтрымкі маладых спецыялістаў.

Аб прафсаюзнай рабоце, аб тым, як працуе і чым жыве сёння моладзь у  калектывах, расказалі ў сваіх выступленнях старшыні прафкамаў ААТ "Радзіма Якуба Коласа" Валянціна Карнічэнка, ААТ "БелНатурПрадукт" Вікторыя Міцкевіч, ААТ "Каганец" Ларыса Бельская, маладыя спецыялісты дыспетчар ААТ "Дзераўное" Вольга Гамаюнава і менеджар-эканаміст ААТ "Стаўбцоўская ПМК" Ірына Гарэлава.

У рабоце пленума браў удзел і выступіў старшыня Мінскага абласнога камітэта прафсаюза работнікаў АПК Андрэй Някрэвіч. Ён падкрэсліў, што праблемам вясковай моладзі неабходна і надалей удзяляць пільную ўвагу. Адзначыў, што ў нашым раёне самы высокі працэнт замацавання маладых спецыялістаў на вёсцы.  А ў плане асвятлення прафсаюзнай работы ў райкама прафсаюза наладжана цеснае і плённае супрацоўніцтва з раённай газетай, матэрыялы неаднаразова друкаваліся і ў рэспубліканскіх сродках масавай інфармацыі. Андрэй Юзэфавіч спыніўся і на пытаннях аховы працы, якія застаюцца па-ранейшаму актуальнымі.

Надзея БАТАЛКА