Не толькі пра піва
Нумар - №243-244 Рубрыка - На сувязі – рэдакцыя
21.12.2011
Не скажам, што змест рэдакцыйнай пошты вызначаецца аднастайнасцю. Але ў пазітыўным плане пераважаюць пісьмы з удзячнасцю ўрачам, работнікам іншых службаў, якія прафесійна і шчыра дапамаглі чалавеку. Вырашыць праблемы людзі просяць часцей асабістыя. Але ставяцца пытанні і грамадскага гучання.
Адчуваецца, што з асаблівым хваляваннем пісала свой ліст стаўбчанка Таццяна Фралова. Таццяна Васільеўна пенсіянерка і яе асабліва трывожаць паводзіны маладых людзей. "Часта даводзіцца сутыкацца з падлеткамі, якія, весела смеючыся, пацягваюць піва на вуліцах. І дома, і ў школе дарослыя тлумачаць згубнасць гэтай звычкі. Але ў парках, на вуліцах, у пад'ездах дамоў валяюцца пустыя бутэлькі. Што падштурхоўвае падлеткаў да гэтага? Уплыў сяброў, жаданне хутчэй стаць дарослымі, звярнуць увагу на сябе? На заўвагу дарослых падлеткі адказваюць: "Я п'ю за кампанію", "Цяпер усе п'юць", "Гэта модна"…
П'юць далёка не ўсе. І далей аўтар тактоўна ставіць акцэнты ў пазітыўным кірунку. Заўважае, што многія маладыя людзі ў вольны час займаюцца спортам, ходзяць на заняткі ў розныя гурткі, наведваюць бібліятэкі. Яны не п'юць, не кураць, не клянчаць у сваіх бацькоў на "запаветную" бутэльку піва…
Такое наша жыццё. І на прыкладах з уласных і суседскіх сем'яў прыгадаем: як склаўся наш уласны лёс, як фарміруюцца характары і погляды нашых дзяцей. Тут гутарка не аб тым, што бываюць маладыя людзі добрыя і дрэнныя. Схілімся да хрысціянскай маралі: кожны чалавек нараджаецца са святлом дабра ў душы. А жыццёвая дарога - не гладкі, роўны шлях да мэты. "Душа обязана трудиться", каб адолець бар'еры, пастаўленыя лянотай, пасіўнасцю, несабранасцю. Каб не заманьвалі, не вялі часам і ў дрыгву агеньчыкі розных спакус…
Бацькі не разумеюць сваіх дзетак, якія ростам вымахалі ўжо вышэй за іх саміх. Акселератаў раздражняе "занудлівасць продкаў". Тэма вечная не толькі ў літаратуры, а і ў самім жыцці. Так, у старэйшых багацце жыццёвага вопыту. А крылатай паэтычнай фразай Максіма Багдановіча - "Маладыя гады - маладыя жаданні". І ў сэрцах светлае, а нярэдка і гарачае, усё паглынальнае пачуццё кахання. І не заўсёды ўзаемнае. Ці часта дзеці дзеляцца з бацькамі сваім запаветным, няпростым...
А піва, яшчэ большай моцы і тлумлення свядомасці напіткі, цыгарэты, значна страшней, калі наркотыкі?.. Сапраўды, ужываюць часцей "за кампанію", каб не быць белай варонай сярод прыяцеляў. Нярэдка, каб і адолець баязлівасць, сарамлівасць. Рушацца бар'еры, мора па калені. Потым жа сорамна, а бывае і горка…
Хлопец ці дзяўчына з прыстойнай сям'і, адкуль такія паводзіны? - здзіўляемся пасля, пры разборы надзвычайных выпадкаў. А калі бацька, ці яшчэ горш - абое бацькоў п'юць, дзеці пакінуты без увагі, а то і разам, "па-сямейнаму" прыкладваюцца да бутэлькі…
Жыццёва і заканадаўча акрэслена: за выхаванне дзяцей найперш адказваюць бацькі. Ужо якія формы і метады, самі павінны выбіраць. А школа, грамадскасць?
Вельмі паважліва адношуся да настаўнікаў. Нездарма, як і ўрачы, яны прадстаўнікі самых высакародных прафесій. Правільна скажаце, бываюць і педагогі, выхавацелі, якім толькі б "ад званка да званка". Але пераважная большасць шчыра, з усёй шчодрасцю душы стараюцца кожнаму вучню даць не толькі належныя веды, а і выхаваць прыстойным чалавекам, грамадзянінам. А ў кожнага, тым больш, у кожнай настаўніцы свае сямейныя клопаты. Традыцыйныя, ды ці не часам празмерныя да іх патрабаванні. Бываць у сем'ях, дзе рэдка калі сустракаюць з радасцю, таму што прывыклі, што з добрай весткай пра дзяцей настаўнікі не ходзяць. А яшчэ і стараюцца павучаць, як гадаваць іх цудоўнае дзіцятка. Дзяжурствы на вечарах, дыскатэках, падворныя абходы па сельсавецкіх справах, іншыя грамадскія абавязкі. Ганарова, але так вымотвае. І да ўрокаў жа належна падрыхтавацца… Яшчэ большая адказнасць кладзецца на плечы класных кіраўнікоў, завучаў, зразумела, дырэктараў.
Падлеткі ў начны час сарвалі замкі ў гандлёвай кропцы, узялі, што ім было даспадобы, у тым ліку і тое ж самае піва. А каб "замесці сляды"… кіёск падпалілі. Малады чалавек паквапіўся абкрадваць падвалы з рознымі "закусонамі", як потым прызнаваўся на следстве. Разгарачоныя ад начной дыскатэкі павалілі платы, ушчэнт ламалі дрэўцы… Усё гэта факты з міліцэйскай хронікі.
Вось так. Сапраўды, пачынаецца з піва. Як "вобразна смяшыў" адзін хлапчук, "каб не хадзіць крыва". І як даводзіла дзяўчынка, у інтэрнэце, маўляў, знайшла, што гэта дзейсны сродак, каб… пахудзець.
Так, патрэбна знайсці падыход да свядомасці дзяцей, каб потым не было позна.






