мобильная версия
Прамень

Паслугі банка – для кліентаў

Нумар - №243-244    Рубрыка - Прамая лінія

21.12.2011

Аддзяленне ААТ "Белаграпрамбанк" у г. Стоўбцы вядзе актыўную інфармацыйную работу. Рэгулярна ў нашай газеце асвятляецца дзейнасць банка па абслугоўванні насельніцтва, змяшчаюцца рэкламныя матэрыялы. Чарговая прамая лінія была прапанавана кіраўніком ААТ "Белаграпрамбанк" Леанідам Мікалаевічам Лобкам. І як было канкрэтызавана ў абвестцы, гэтая прамая лінія праводзіцца ў рамках Дня кліента, яе мэта - папулярызацыя банкаўскіх паслуг, прыцягненне новых кліентаў, павышэнне якасці абслугоўвання, дзейснасць работы вачыма кліента. Упор рабіўся менавіта на выяўленне патрэб юрыдычных асоб у банкаўскіх паслугах, хаця, зразумела, кіраўнік банка аргументавана даваў адказы заяўнікам на ўсе пытанні. У матэрыяле газеты яны аб'яднаны ў агульныя групы.

-       З чаго складваецца кошт банкаўскіх паслуг, кошт банкаўскіх крэдытаў? Ці будзе зніжацца камісія за атрыманне наяўных сродкаў?

-       Як і ў іншых галінах эканомікі, у  кошт банкаўскіх паслуг уключаюцца расходы банка на вядзенне банкаўскай справы, на аплату працы. Вызначаецца кошт 1 гадзіны ці хвіліны рабочага часу персаналу, занятага абслугоўваннем кліентаў. Складаецца тэхналагічная карта працоўных затрат на тую ці іншую аперацыю. Зыходзячы з гэтага, разлічваюцца сабекошт і разліковая плата за адзін дакумент, за пэўную банкаўскую паслугу.

Што датычыць кошту крэдытаў, то іх памер устанаўліваецца фінансавым камітэтам ААТ "Белаграпрамбанк" з улікам стаўкі рэфінансавання і, як правіла, 8 пунктаў працэнтнай маржы (розніца паміж коштам крэдытаў для банка і пакупніка). Пры гэтым улічваецца кошт прыцягнутых банкам рэсурсаў. Напрыклад, сярэдняя стаўка па новых рублёвых тэрміновых укладах юрыдычных і фізічных асоб за кастрычнік 2011 года склала 37,2 працэнта гадавых, па новых крэдытах без уліку льготных - 41,5 працэнта, маржа склала 3,3 пункта. Як і ў іншых галінах, адчувальна адбіваецца рост цэн і тарыфаў. Так, кошт паперы для прынтараў з пачатку года вырас у 3,5 раза.

Што датычыць памераў банкаўскай камісіі за атрыманне з рахункаў наяўных грошай, то для эканоміі вашых расходаў па гэтым артыкуле пераканаўча просім пераходзіць на безнаяўныя разлікі з работнікамі і залічваць заработную плату і прыроўненыя да яе сумы на пластыкавыя карткі. Камісія за гэтыя пералічэнні на 0,8 працэнта ніжэй. Улічваючы рост расходаў на вядзенне банкаўскай справы, зніжэнне данага тарыфу не прадугледжана.

-       Чулі, што ў гонар свайго дваццацігадовага юбілею банк праводзіць для юрыдычных асоб і ІП, якія не маюць бягучага (разліковага) рахунку ў ААТ "Белаграпрамбанк", акцыю "Усё па 20"?

-       Сапраўды, такая акцыя дзейнічае. Прытым умовы выгадныя для кліента. Гэта адкрыццё рахунку, бягучага, разліковага, у беларускіх рублях; засведчанне сапраўднасці подпісаў; пералічэнне грашовых рахункаў на працягу банкаўскага дня. Усе такія аперацыі за сімвалічную плату - па 20 беларускіх рублёў.

-       Ці дзейнічае даная акцыя на рэгістрацыю і падключэнне "Кліент-Банк"?

-       Дзейнічае, таксама за 20 рублёў. Дарэчы, тэрмін дзеяння акцыі - да 31 снежня 2011 г.

-       Скажыце, як будзе фінансавацца будаўніцтва жылых дамоў у 2012 годзе?

-       У сувязі са змяншэннем аб'ёмаў эмісійнага крэдытавання, магчыма, на наступны год  праграма будзе скарочана. Пакуль  мы яе не атрымалі. У той час крэдытаванне будаўніцтва пераходных і запланаваных да ўводу дамоў у 2012 годзе будзе адназначна праведзена. Гэта, напрыклад, па пяць жылых дамоў у аграгарадку Горкі і вёсцы Ніўнае, па восем - у аграгарадках Шашкі і Рубяжэвічы. Сёння ўсе прад'яўленыя ў банк дакументы па будаўніцтве ўводных у бягучым годзе дамоў аплачаны, а таксама выплачаны авансы падрадчыкам па ўказаных дамах на студзень.

-       Калі пачнуць таннець крэдыты?

-       Мы, як і вы, заклапочаны памерамі дзеючых ставак, бо плацежаздольнасць кліента не бязмежная. Пры захаванні запланаванай на 2012 год інфляцыі ў межах 20 працэнтаў, стаўка рэфінансавання будзе зніжацца, і адпаведна змяншацца кошт крэдытаў. Просім нашых пазычальнікаў, улічваючы фінансавыя цяжкасці, разлічвацца па крэдытах і працэнтах своечасова, захоўваць добрую крэдытную гісторыю і імідж надзейнага пазычальніка.

Шэраг  просьбаў ад арганізацый і ўстаноў: "Акажыце спонсарскую дапамогу!"

-       Права аказання спонсарскай дапамогі аддзяленню не прадстаўлена, паколькі гэта паўнамоцтвы Праўлення ААТ "Белаграпрамбанк".

Паступіла некалькі пытанняў ад суб'ектаў малога бізнесу аб крэдытнай падтрымцы яго развіцця.

-       Выконваючы Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 21 мая 2009 г. № 255 "Аб мерах дзяржаўнай падтрымкі малога прадпрымальніцтва", банк аказвае крэдытную падтрымку суб'ектам малога прадпрымальніцтва на фінансаванне затрат у рамках рэалізацыі інвестыцыйных праектаў, на ўмовах, вызначаных Указам № 255, за кошт сродкаў мясцовых бюджэтаў, размешчаных у дэпазіты банка.

Удакладню, што да суб'ектаў малога прадпрымальніцтва адносяцца: індывідуальныя прадпрымальнікі, камерцыйныя арганізацыі з сярэдняй колькасцю да 15 чалавек, малыя арганізацыі, дзе працуюць ад 16 да 100 чалавек. Асноўная ўмова крэдытавання - наяўнасць заключанага з Мінскім аблвыканкамам пагаднення аб узаемадзеянні. Тэрмін крэдытавання не можа быць большым за 5 гадоў. Крэдыт выдаецца на набыццё абсталявання, камплектуючых вырабаў, сыравіны і матэрыялаў для ўласнай вытворчасці. Сума крэдыту ўлічвае наяўнасць фінансавых крыніц у банка і вызначаецца з улікам чыстага даходу ІП, фінансавых паказчыкаў малога прадпрыемства і наяўнасці залогу, паручыцельства. Працэнтная стаўка - не вышэй стаўкі рэфінансавання, устаноўленай Нацыянальным банкам РБ. Сёння яна складае 45 працэнтаў.

Паступіла некалькі пытанняў аб парадку правядзення ўнутрырэспубліканскіх разлікаў, афармлення плацежных інструкцый.

-       Парадак ажыццяўлення банкаўскіх пераводаў юрыдычных асоб і ІП выкладзены ў "Інструкцыі аб банкаўскім пераводзе", зацверджанай  пастановай Праўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь № 66 ад 29.03.2011 з каментарыямі і дапаўненнямі. Больш падрабязную інфармацыю вы зможаце атрымаць у аддзеле разлікаў банка.

Л. М. Лобка знаёміць са станоўчымі водгукамі на адрас кіраўніцтва і супрацоўнікаў аддзялення Белаграпрамбанка, якія паступілі ў рамках Дня кліента. Так, кіраўнік фермерскай гаспадаркі "Сула" У. У. Радзевіч выказвае ўдзячнасць за доўгатэрміновае і плённае супрацоўніцтва, крэдытную падтрымку. Сярод пастаянных кліентаў Белаграпрамбанка ААТ "Агранёманскі", "Вялікі Двор", "Радзіма Дзяржынскага", раённае спажывецкае таварыства, яго структурнае падраздзяленне ПУП "Стаўбцоўскі кааппрамгандаль", ААТ "Аўтамабільны парк № 17", ААТ "Паслугі фотасалона", ПГУП "Мілена". Ад іх - шчырыя словы ўдзячнасці і пажаданняў паспяховага развіцця.

 На такой вось прыемнай ноце завяршаецца гутарка.

Ф. БАНДАРОВІЧ