Правілы дарожнага руху напісаны жыццём
Нумар - №243-244 Рубрыка - Прамая лінія
21.12.2011

Прамая тэлефонная лінія з начальнікам аддзела ДАІ райаддзела міліцыі Дзмітрыем Воранавым высветліла найбольш праблемныя пытанні бяспекі дарожнага руху ў нашым горадзе. Званілі вадзіцелі і пешаходы, а таксама бацькі, усхваляваныя за бяспеку сваіх дзяцей.
Адначасова з прамой лініяй у аддзеле ДАІ праходзіў і прыём грамадзян. Cярод наведвальнікаў - тыя, хто аказаўся ў ліку парушальнікаў правілаў дарожнага руху. Вадзіцель, які ехаў з пратэрмінаванай страхоўкай. Вадзіцель, які паўторна на працягу года не прышпіліўся рамянём бяспекі. Вадзіцелі, якія пры вывазе арганічных угнаенняў забрудзілі дарогу... Найбольш цяжкія парушэнні - стварэнне на дарозе аварыйнай абстаноўкі, язда без вадзіцельскага пасведчання і ў стане алкагольнага ап'янення. У прафілактычных мэтах праводзіцца гутарка, парушальніку выпісваецца штраф, як правіла, немалых памераў. А 23-гадовага загадчыка фермы, які праваліў экзамен у МРЭА ДАІ, але асмеліўся сесці за руль без вадзіцельскага пасведчання, Дзмітрый Воранаў яшчэ і папярэдзіў: другі раз яго чакае прафілактычны ўлік, і тады ўжо вадзіцельскае пасведчанне наўрад ці ўдасца ўбачыць. Пасля размовы з тым, хто ехаў п'яным за рулём, учыніў аварыю з пацярпелым, ДАІ падрыхтавала пісьмо наймальніку. Такім чынам гэты грамадзянін, які працаваў вадзіцелем, пазбавіўся не толькі вадзіцельскага пасведчання, а і працоўнага месца...
Жыхары вул. Цэнтральнай, 1, у Стоўбцах прасілі аб устанаўленні штучнай няроўнасці ў раёне гаспадарчага магазіна, на вуліцах Ленінскай і Цэнтральнай. Бацькі хвалююцца за сваіх дзяцей, якім прыходзіцца пераходзіць гэтую ажыўленую дарогу.
- На гэтым скрыжаванні, згодна з праектам рэканструкцыі вуліцы Ленінскай, плануецца ўстаноўка святлафора. Праект праходзіць экспертызу.
Пытанне з вёскі Заямнае: дзе дазволена катацца на мотавеласіпедзе 14-гадоваму падлетку?
- Па-першае, на мотавеласіпедзе, мапедзе, матацыкле можна рухацца па дарозе пры дасягненні 16 гадоў і наяўнасці вадзіцельскага пасведчання кат. "А, АМ". Да гэтага ўзросту можна трэніравацца, вучыцца ездзіць на іх толькі на закрытых тэрыторыях (аўтадромах, пляцоўках). Аўтадром ёсць у раённым вучэбным цэнтры. Туды можна звярнуцца, заключыць дагавор і спакойна займацца. Нагадаю, што навучаць ваджэнню ў індывідуальным парадку на закрытай тэрыторыі можа той вадзіцель, які мае вадзіцельскі стаж не менш за два гады.
- Які штраф за няпройдзены тэхагляд?
- Штраф за даны від правапарушэння - ад 17,5 да 70 тысяч рублёў. Мінімальная штрафная санкцыя прымяняецца пры ўмове, што вадзіцель прызнае сваю віну.
Анатоль Навіцкі, жыхар вуліцы Якуба Коласа, скардзіўся на інтэнсіўнасць руху грузавога транспарту ад вуліцы Дзяржынскага да Стаўбцоўскіх электрасетак, на высокую хуткасць руху.
- Там устаноўлены дарожны знак, які забараняе рух грузавых аўтамабіляў. Акрамя таго, з усімі вадзіцелямі арганізацый, размешчаных на гэтай вуліцы, быў праведзены інструктаж. У бліжэйшы час адпрацуем гэтую вуліцу, дадаткова сазвонімся з кіраўнікамі арганізацый, размешчаных там. А наконт прывядзення ў парадак пешаходных дарожак уздоўж вуліцы Якуба Коласа звернемся з пісьмом у аб'яднанне камунальных службаў.
- Ці абавязкова "абуваць" сваё аўто ў зімовыя шыны?
- Правілы дарожнага руху не забараняюць эксплуатацыю летніх шынаў, але рэкамендуюць абсталяваць свой транспартны сродак зімовай гумай для руху ў зімовых умовах. У летніх і зімовых шын не аднолькавае счапленне з дарогай. Зімовая гума па сваіх уласцівасцях мякчэйшая, з большай колькасцю нарэзак, што дазваляе найбольш эфектыўна выціскаць з-пад колаў снег, бруд, і такім чынам павялічваць каэфіцыент счаплення. Гэта ўсё напрамую ўплывае на бяспеку руху ў няпростых зімовых умовах.
- Ці распаўсюджваецца патрабаванне абазначаць сябе флікерам у ранішні час? Цяпер развідняецца позна, на работу мы ідзём фактычна ў цёмны час сутак.
- Абавязкова патрэбен флікер, патрабаванне не мяняецца! У Мінскай вобласці зарэгістраваны не адзінкавыя факты гібелі пешаходаў, якія спяшаліся на працу і трапілі пад колы аўтамашыны, атрымалі траўмы або загінулі.
- Што значыць перавага руху для пешахода на нерэгулюемым пешаходным пераходзе?
- Перавага занатавана Правіламі дарожнага руху, але заўсёды трэба пераконвацца, што ты ідзеш "не пад колы", што праход бяспечны. Аўтамабіль у адну секунду не спыніш. Бывае і такое, што вадзіцель заснуў за рулём, як, напрыклад, здарылася на пункце спагнання дарожных збораў "Коласава". Аўтамабіль, збіўшы шлагбаўм, наехаў на маладую жанчыну. Траўмы, праблемы са здароўем ужо не адзін месяц...
ДАІ нагадвае, што з пачатку года на дарогах раёна адбылося 41 дарожна-транспартнае здарэнне, у якіх 15 чалавек загінулі і 44 атрымалі траўмы. Сумная статыстыка амаль на трэць пераважае мінулагоднюю. Асноўныя прычыны дарожных аварый - наезды на пешаходаў і веласіпедыстаў, парушэнне правіл манеўрыравання, перавышэнне хуткасці руху. Памятайце гэта, будзьце ўважлівымі на дарозе!






