Прэстыж стаўбцоўскіх энергетыкаў
Нумар - №243-244 Рубрыка - Прамысловасць
21.12.2011



2011 год - год 80-годдзя беларускай энергасістэмы.
Сярод яе лепшых прадстаўнікоў - старшы майстар службы падстанцый Мікалай Канкаловіч, кіраўнік службы падстанцый Франц Аксюта, электраманцёр па рамонце ліній электраперадач Раман Вільнявец, дыспетчар аператыўна-дыспетчарскай службы Васіль Жыбуль, майстар рэлейнай службы Валерый Зайко, кіраўнік рэлейнай службы Валянцін Ярмак, старшы майстар службы ізаляцыі Юрый Аляшкевіч, кіраўнік службы сродкаў дыспетчарскага і тэхналагічнага ўпраўлення Сяргей Барысенка, трактарыст раённых электрасетак Уладзімір Дзянісаў, старшы майстар рамонтна-будаўнічага ўчастка Сяргей Клімовіч, галоўны інжынер праектаў Мікалай Пашковіч, галоўны інжынер раённых электрасетак Валерый Куніцкі і інш.
Для вопытнага энергетыка Уладзіміра Рублеўскага гэты год асаблівы. 2011 - першы год яго кіраўніцтва Стаўбцоўскімі электрычнымі сеткамі.
Як склаўся ён? Што ўдалося? Якія перспектывы яшчэ чакаюць? Напярэдадні прафесійнага свята мы звярнуліся да Уладзіміра Віктаравіча, каб пачуць адказы на гэтыя і іншыя пытанні.
- Няпроста падводзіць вынікі 2011 года, - прызнаецца Уладзімір РУБЛЕЎСКІ. - Адбывалася прыцірка, станаўленне мяне як кіраўніка. У цэлым для калектыву гэты год складваўся не самым лепшым чынам. Пачнём з таго, што Новы год большая частка працаўнікоў сустрэлі на рабочых месцах. Вы памятаеце, якія былі тады пагодныя ўмовы! Яшчэ раз пераканаўся, што ў электрасетках працуюць людзі, якія прайшлі прафесійны адбор, для якіх іх работа - прызванне. Так і павінна быць, бо спажыўцы электраэнергіі чакаць не могуць, ды і сучасныя патрабаванні, што прад'яўляюцца да нас у плане надзейнасці электразабеспячэння, высокія.
- Уладзімір Віктаравіч, па выніках вытворча-гаспадарчай дзейнасці ваша прадпрыемства захавала пазіцыі лідара сярод галіновых прадпрыемстваў РУП "Мінскэнерга". Што, на вашую думку, найбольш удалося?
- Усе намечаныя планы выкананы. Не дапушчана збояў у электразабеспячэнні падчас уборачнай кампаніі. Паспяхова, з належнай якасцю, прайшла падрыхтоўка да чарговага асенне-зімовага перыяду. Паколькі пагодныя ўмовы дазваляюць, то работы па павышэнні надзейнасці нашых энергасістэм працягваюцца і на даны момант. Разам з заменай канструкцыйных элементаў абсталявання, рамонтам сетак вядзецца і добраўпарадкаванне нашых аб'ектаў. Рэалізаваны планы па энергазберажэнні. Выкананы сацыяльны стандарт па вулічным асвятленні ў населеных пунктах.
На нашым прадпрыемстве, якое абслугоўвае пяць раёнаў, нельга без удасканалення сістэмы аховы працы. Толькі завяршылася аўдытарская праверка па сертыфікацыі якасці абслугоўвання і рамонту электрычных сетак. Скажу шчыра, заўваг паступіла нямнога, мы ў сваю чаргу працуем над тым, каб увогуле выключыць іх.
У гэтым годзе Стаўбцоўскія электрасеткі занялі першае месца ў галіновым спаборніцтве сярод электрасеткавых філіялаў РУП "Мінскэнерга" ў першым паўгоддзі і трэцім квартале. Каманда прадпрыемства заваявала ганаровае другое месца на рэспубліканскіх спаборніцтвах прафесійнага майстэрства сярод брыгад па рамонце ліній 110 кВ і вышэй. Гэта, лічу, - поспех, за які варта падзякаваць маладому майстру Максіму Бурновічу і нязменнаму кіраўніку каманды, намесніку дырэктара Віктару Крупе. Віктар Андрэевіч не адзін раз запрашаўся і як суддзя аналагічных спаборніцтваў на ўзроўні краін СНД.
- З якімі надзеямі крочыце ў новы год?
- Спадзяёмся, што ў 2012 годзе нарэшце пачнецца будаўніцтва новай базы раённых электрасетак у Стоўбцах. Праект для будаўніцтва ёсць, загад аб пачатку рэалізацыі праекта - таксама, справа за фінансаваннем. У гэтым годзе паступілі на службу брыгадныя машыны, а таксама два энерганасычаныя трактары для расчысткі прасек ліній электраперадач, якія працуюць з поўнай загрузкай і гэтай парой. Набыта дызельная электрастанцыя для электразабеспячэння на выпадак аварыйнай сітуацыі. Аварыйных сітуацый, на шчасце, не было, тым не менш станцыя ўкамплектавана і гатова да работы. Персанал па рабоце з абсталяваннем праводзіць трэніроўкі са станцыяй, адпрацоўвае неабходныя навыкі.
- У вас відавочная пераемнасць кадраў - побач з вопытнымі спецыялістамі працуе моладзь.
- У гэтым годзе да нас прыйшлі па размеркаванні чатыры выпускнікі БНТУ, пераважна гэта мясцовая моладзь. Узровень іх падрыхтоўкі прыемна здзівіў: у кожнага з іх сярэдні бал дыплома ад 7,4 да 8,5 бала! І на наступны год мы ўжо намецілі сярод выпускнікоў гэтай ВНУ пяцярых кандыдатаў, каго запросім да сябе працаваць.
На даны момант з-за розных абставін склалася цякучка кадраў электраманцёраў у калектыве электрасетак Стаўбцоўскага раёна. На вакантныя месцы прыходзяць маладыя кадры, пакуль з невысокім разрадам. Іх трэба навучаць.
- На фінішы года стаўбцоўскія энергетыкі могуць пахваліцца і спартыўнымі, культурнымі вынікамі. У калектыве працягваюць жыць традыцыі, закладзеныя вашым папярэднікам.
- Не памятаю такога месяца, каб калектыў наш не браў удзел у якіх-небудзь спаборніцтвах - раённых, галіновых... Прыжыліся "куставыя" сустрэчы з калегамі з электрасетак Баранавічаў, Ліды, Ваўкавыска. У нас моцныя пазіцыі па шашках, шахматах - у лістападзе каманда прадпрыемства заняла першае месца ў раёне. Мы ганарымся нашымі спартсменамі Сяргеем Феўралёвым, Мікалаем Грэцкім, Аксанай Ціток і іншымі. На турзлёты выязджаюць нашы работнікі. Музей прадпрыемства ўяўляе сабою сапраўдную калекцыю з прызоў, кубкаў, грамат...
- Не магу не адзначыць вашу крэатыўную моладзь. Дзяніс Аляшкевіч - капітан каманды вясёлых і знаходлівых "Кароткае замыканне", адзінай, якая ёсць на Стаўбцоўшчыне і паспяхова выступае.
- Узровень каманды высокі. Прыемна, што сёлета яна стала фіналістам пятага гульнявога сезона турніру І адкрытай Мінскай лігі Беларускага КВЗ. Мы стараемся максімальна ствараць магчымасці для яе паспяховых выступленняў. Але, каб гумар заўсёды быў заўзятым, іскрыстым, варта задумацца пра амаладжэнне складу.
- Ведаю, што стаўбцоўскія энергетыкі звычайна прысвячаюць свайму прафесійнаму святу спартакіяду.
- Так. Але сёлета мы правялі яе ў верасні на базе аздараўленчага комплексу ў Гарадзеі (басейн там круглы год наведваюць нашы работнікі па абанементах, якія набываем за кошт прафсаюзнага камітэта). Былі спаборніцтвы па розных відах, але самы відовішчны, папулярны, які стараюцца не прапусціць усе ўдзельнікі, - гэта перацягванне каната.
У Дзень энергетыка, 22 снежня, плануем арандаваць Дом культуры ў Старым Свержані, ушанаваць там нашых лепшых работнікаў, падарыць калектыву канцэртную праграму. Гэта таксама адна з нашых добрых традыцый.
НА ЗДЫМКАХ: служба ліній, якая заняла другое месца на рэспубліканскіх спаборніцтвах прафесійнага майстэрства: Раман Вільнявец, Дзмітрый Калоша, Віктар Супрон (начальнік службы), Аляксандр Пабярэжны, Максім Бурновіч (майстар), Мікалай Жаўнерчык; дырэктар прадпрыемства Уладзімір Рублеўскі і яго намеснік Віктар Крупа; персанал раённых электрасетак: Сяргей Шпакоўскі, Сяргей Стома (майстар), Юрый Шыкуць і Аляксандр Сахута.
Фота Васіля ЗЯНЬКО






