мобильная версия
Прамень

У чаканні навагодняга свята

Нумар - №243-244    Рубрыка - На сувязі – рэдакцыя

21.12.2011

Пярэдадзень прыгожых зімовых свят - Ражджаства Хрыстовага і Новага года накладвае свае адценні і на змест рэдакцыйнай пошты. Асабліва гэта адчуваецца ў допісах школьнікаў.

У такім лірычным настроі прабывае член гуртка "Юны карэспандэнт" Дзераўнянскай СШ Людміла Мінкевіч: "Снег пацерушыў трохі і перастаў. Вецер за дзень вымеў белую муку і пазаганяў яе па закутках. Яркія белыя палоскі толькі дзе-нідзе пярэсцяць па панурых дварах і агародах... І ўсё роўна ўсё жыве чаканнем Новага года. Асабліва дзятва - Дзед Мароз са Снягуркай абавязкова прыйдуць.

Прыўзняты настрой і ў вучаніцы гэтай жа школы Святланы МакоўскаЙ: "Ужо восьмы год я хаджу па сваёй сцяжынцы, якая вядзе мяне да роднай школы. Іду, а над галавою - бяздоннае блакітнае неба. Справа ад асфальтаванай дарогі - чароўнае азярцо. Потым мая сцяжынка бяжыць ля хат аднавяскоўцаў - Тэрэзы Пугач, настаўнікаў Суднікаў, Панамаровых, дзе ўражваюць кветкавы дызайн і прыгажосць. А калі я падыходжу да дома, мяне вітаюць мае верныя сябры - сабака Блэк і кот Мурзік. Вочы ў іх, як у чалавека, у мяне з імі - поўнае ўзаемаразуменне".

Сваім лірычным настроем дзеліцца і Максім Гівойна, які радуецца кожнаму новаму дню: "Цішыня. Ранак. Зімовыя імгненні. У такія хвіліны хочацца пабыць адзін на адзін са сваімі думкамі, закрануць у сваіх светлых успамінах усё, што дарыў мне мінулы год".

У вучаніцы гуртка "Юны карэспандэнт" Наталлі Далідовіч пісьмо сур'ёзнае - яна разважае, як можна засцерагчыся ад грыпу.

Вучаніца Дзераўнянскай СШ Настасся Дзюдалава нагадала, што 20 лістапада грамадскасць адзначыла Міжнародны дзень правоў дзіцяці. Юны аўтар з адказнасцю разважае і пра правы, і пра абавязкі таксама.

Рэдакцыя ўдзячна юным карэспандэнтам школ раёна за актыўнасць і чакае новых свежых навін у іх пісьмах у "Прамень".

Лана СВЯТЛІЦКАЯ