Нязменны "Сонцаварот"
Нумар - №245-247 Рубрыка - Культура
23.12.2011



Аматары мастацтва Стаўбцоўшчыны ведаюць, што кожны год у перыяд, калі сонца паварочвае на вясну, - у снежні - народны клуб майстроў народнай творчасці "Пралеска" адкрывае рознажанравую выставу. Гэта свайго роду справаздача: як прайшоў год, што новага ў калекцыі майстроў народнай творчасці. Гэта і прэзентацыі новых аўтараў.
Сёлетняя выстава, якая працуе ў фае раённага Цэнтра культуры, юбілейная , 10-я па ліку. Юбілейны год і для самога клуба, якому ўжо 30 гадоў. Заснавальнікам яго некалі быў усебакова адораны чалавек, які пакінуў слаўны радок у гісторыі Стаўбцоўшчыны, - таленавіты журналіст, мастак і скульптар Андрэй Траяновіч. З 1990 года гэту самабытную спадчыну прыняла ў свае рукі вядомы ў раёне майстар па саломкапляценню Аліна Халявінская. Усе традыцыі рамяства і мастацтва былі не толькі захаваны, але і прымножаны, аб чым сведчыць і сёлетняя выстава.
Свае работы прадэманстравалі на ёй больш чым 50 майстроў Стаўбцоўшчыны - тут і разьбярства па дрэве, кераміка, жывапіс, батык, акварэль, бісерапляценне, паясы, беларускія лялькі, лялькі-грэлкі на чайнік, саломкапляценне, войлачны дызайн, сасновая дранка, пляценне з лазы, лясная скульптура, пекарская скульптура, арыгамі, роспіс па дрэве, вышыўка, беларускія ручнікі, ткацтва, вязанне кручком і спіцамі... Выстава яшчэ працуе ў Цэнтры культуры, і кожны са стаўбчан і жыхароў раёна можа палюбавацца на гэту прыгажосць.
Адметна, што ў ліку майстроў - умельцы з вялікім стажам і тыя, хто сёлета ўліўся ў народны клуб і ўпершыню прадставіў свае работы. Як стаўбчанка Святлана Шайнова, майстар рабіць арыгінальныя лялькі-грэлкі на чайнік. Яны могуць паслужыць выдатным ражджэственскім падарункам сябрам і блізкім. Упершыню прэзентавала свае прыгожыя работы з войлаку і Людміла Несцярук. Гэта выдатныя аксесуары да адзення - вельмі арыгінальныя, па-мастацку выкананыя. Сярод новых аўтараў - Дзіяна Чарнец са сваім батыкам. Назавём і тых аўтараў, якія на працягу дзесяцігоддзяў застаюцца верныя клубу і пастаянна ўдзельнічаюць у выставах. Гэта мастак Алег Новікаў, майстар пекарскай скульптуры Валянціна Уласік, майстрыца па вязанню сурвэтак кручком Ала Бабіцкая, разьбяр па дрэве Валерый Чараднічэнка, вышывальшчыца Галіна Дошчачка. Спіс гэты, канешне ж, можна было б працягваць.
Гэта дзякуючы ім, умельцам, наш раён славіцца народнымі промысламі. Майстры - пастаянныя ўдзельнікі розных выстаў-кірмашоў і штогод папаўняюць скарбонку ўзнагарод новымі лаўрэацкімі дыпломамі.
Фота Васіля ЗЯНЬКО






