мобильная версия
Прамень

Ствараецца салон паслуг

Нумар - №245-247    Рубрыка - Жыццё. Улада. Чалавек

23.12.2011

Мікалаеўшчынскі дом-інтэрнат для ветэранаў вайны і працы ў рабочым парадку наведала дэлегацыя спецыялістаў такой жа сацыяльнай установы з Нясвіжа.

Дом-інтэрнат лічыцца лепшым у вобласці па арганізацыі работы ў многіх накірунках. Аб гэтым лепш раскажа дырэктар сацыяльнай установы Валянціна Атрушкевіч, чалавек, не раўнадушны да лёсаў людзей:

-       Нашых калег з суседняга раёна цікавіў ход рэалізацыі доўгатэрміновай праграмы развіцця і аптымізацыі сацыяльнай сеткі ў нашым доме-інтэрнаце. Асаблівая цікавасць была праяўлена да арганізацыі медыцынскага абслугоўвання, сістэмы  харчавання пражываючых і стварэння ўмоў (не толькі матэрыяльных) для камфортнага пражывання пажылых людзей у рэжыме дома-інтэрната. Нясвіжскі дом-інтэрнат адчувае праблему кадраў медыкаў. У нас жа штат укамплектаваны трыма ўрачамі, фельчарам, 9-цю медыцынскімі сёстрамі, наладжаны  належным чынам фізіялячэнне і лячэбная фізкультура. Многія інтэрнатныя ўстановы вобласці выказваюць гатоўнасць пераняць і вопыт арганізацыі харчавання пажылых людзей - у аб'ёме выдзеленых сродкаў нам удалося максімальна збалансаваць харчаванне па ўсіх патрабуемых нарматывах, яшчэ і прыкласці талент павароў, каб абеды былі, як дамашнія. У плане арганізацыі занятасці, адпачынку пражываючых мы расказалі калегам з Нясвіжа аб тых гуртках па інтарэсах, якія працуюць, аб тэматычных праграмах, што рэалізуюцца, аб супрацоўніцтве з мясцовым свяшчэннікам па духоўнаму акармленню пражываючых і многіх іншых момантах, што стварае сістэму работы ў гэтым накірунку. Акрамя таго, нашы госці змаглі паглядзець, як праходзяць работы па арганізацыі ў доме-інтэрнаце салона сацыяльна-бытавых і творчых паслуг. Стварэнне салона стала магчымым пасля таго, як сацыяльнай установе было перададзена памяшканне Міністэрства працы і сацыяльнай абароны - аб'екта па грамадзянскай абароне рэспубліканскага значэння. У гэтым выдатным прасторным памяшканні цяпер будуць працаваць майстэрня па рамонту чаравікаў, цырульня, пакой бытавых паслуг, дзве тэхнічныя майстэрні, швейная, студыя выяўленчага мастацтва, клубы па інтарэсах, вядзецца работа па адкрыцці залы-музея. Для арганізацыі такой дзейнасці па комплекснаму аказанню сацыяльна-бытавых і творчых паслуг інтэрнат мае кадры і сваю праграму работы ў гэтым накірунку. На вакантныя штатныя месцы будуць залічаны творчыя людзі, з якімі ўжо ёсць дамоўленасць.

Лана СВЯТЛІЦКАЯ