У новы год – з любімай газетай "Прамень"
Нумар - №245-247 Рубрыка - Калонка рэдактара
23.12.2011

На вуліцы маркотна. Туманы, дробны дожджык са снегам. Апошнім часам пачало падмарожваць. Ужо лягчэй, а праз тыдзень-другі - святы: Новы, 2012 год, Ражджаство Хрыстова. Усе людзі адчуваюць набліжэнне добрых, светлых дзён.
Гэтыя святы чакаюць у кожнай сям'і, як дзеці, так і дарослыя. Усе мы чакаем здзяйснення новых жаданняў, планаў. Хоць пакуль надвор'е не святочнае, а на душы - добра, прыемна. У паветры адчуваецца набліжэнне гэтых навагодніх дзён. Горад пачынае апранацца ў святочнае ўбранне. Грацыёзныя ёлкі як бы гавораць: "Мы ўжо на плошчах. Чакаем вас на навагоднія карагоды".
Так. Хутка-хутка будзем сустракаць Новы, 2012 год.
Па традыцыі, кожны чалавек, калі заканчваецца год, задумваецца, што яму ўдалося зрабіць у бягучым годзе, якіх вынікаў ён дасягнуў, над чым трэба папрацаваць, а што чакае наперадзе, у наступным годзе. Так і мы, супрацоўнікі раённай газеты "Прамень", робім агляд прэсы, абмяркоўваем, што нам удалося, а над чым трэба яшчэ папрацаваць, будуем планы на год наступны.
Паважаныя нашы падпісчыкі, чытачы! Вялікі вам дзякуй, што вы былі ўвесь 2011 год побач з намі, выпісвалі сваю любімую газету "Прамень", дзяліліся сваімі думкамі, планамі, марамі. Падказвалі адрасы цікавых людзей, цікавых падзей, а таксама і адрасы безгаспадарчасці. У сваю чаргу, мы імкнуліся расказваць аб навінах і ў рэспубліцы, вобласці, і, безумоўна, у раёне. Пісалі для вас і пра вас. Мы ўдзячны за падтрымку, за супрацоўніцтва раённаму выканаўчаму камітэту, ААТ "Жацерава", "Радзіма Якуба Коласа", "Агранёманскі", "Дзераўное", "Вішнявецкі-агра" і ўсім астатнім гаспадаркам раёна, птушкафабрыцы "Колас", Белаграпрамбанку, ЦБУ № 624 у г. Стоўбцы, нашым няштатным аўтарам. Спадзяюся, што і надалей мы будзем разам творча супрацоўнічаць.
Хто не паспеў аформіць падпіску на любімую раёнку, то гэта можна зрабіць у любы дзень да 30 снежня. Падпісацца можна як у паштовым аддзяленні, так і ў паштальёна. Пасля Новага года ўсе падпісчыкі атрымаюць каляровы каляндар на 2012 год.
Паважаныя нашы чытачы! Прыміце шчырыя віншаванні з Ражджаством Хрыстовым і Новым годам! Няхай 2012 год прынясе вам удачу, добрае здароўе, дабрабыт і аптымізм, плён у працы, паспяховае здзяйсненне задуманых планаў і новых творчых ідэй і, безумоўна, задавальненне ад супрацоўніцтва з намі.
З Новым годам! З новым шчасцем!






