Добрая прыкмета – чытаць "Прамень"
Нумар - №248-249 Рубрыка - На сувязі – рэдакцыя
28.12.2011

Апошні ў адыходзячым годзе Дзень падпісчыка, які традыцыйна прайшоў у гарадскім аддзяленні сувязі, прынёс шмат цікавых сустрэч з нашымі даўнімі і новымі сябрамі.
Афармленне падпіскі на раённую газету на першы квартал 2012 года (а для многіх - і адразу на першае паўгоддзе) - гэта, так бы мовіць, абавязковы пераднавагодні рытуал, як, напрыклад, падрыхтоўка дамашняга святочнага стала ці ўстаноўка ёлкі. У тым, што без "Праменя" нельга ўявіць у новым годзе свой дом, сваю сям'ю і нават душэўны камфорт блізкіх людзей, прызнаваліся многія стаўбчане.
Напрыклад, маладая стаўбчанка Наталля Нарановіч выпісвае нашу газету на працягу сямі гадоў, а чытаюць яны яе ўсёй сям'ёй, разам з мужам і сынам-пяцікласнікам. Раман Кавецкі - увогуле наш пастаянны падпісчык, які не прапускае, бадай, ніводнага Дня падпісчыка. Яго сяброўства з газетай вымяраецца не менш як чатырма дзясяткамі гадоў! Ёсць у яго і любімая тэма - публікацыі па гісторыі, краязнаўстве. Як дапытлівы чытач, ён заўважыў, што найцікавей распрацоўвае яе Аляксандр Турко, наш няштатны аўтар. Каб такіх матэрыялаў было пабольш, мы ўлічым яго прапанову ў новым годзе. "Паважаю "Прамень" за разнастайнасць інфармацыі", - адзначыў малады падпісчык Юрый Булаш.
Сталая падпісчыца Ніна Гундзіловіч падзякавала не толькі рэдакцыі, а і паштальёну Алене Сяднюк, якая абслугоўвае іх вуліцу Першамайскую. Газету яна дастаўляе ў добрым настроі, з усмешкай, з самай раніцы.
З пачуццём выкананага доўгу адышла ад падпіснога стала, за якім на гэты раз працавала старшы інструктар па эксплуатацыйных пытаннях раённага вузла паштовай сувязі Алена Буцько, маладая стаўбчанка Вераніка Пракаповіч. "Нашая бабуля Еўдакія Васільеўна Болтава ўсё жыццё выпісвала "Прамень", - расказала Вераніка. - Мы жылі з ёй разам, а нядаўна яе не стала... Успамінаю, як і падчас хваробы яна нагадвала нам: "Не забудзьце выпісаць "Прамень"!"
Вельмі прыемна, што бабулі перадаюць у пасаг сваім унукам такія цікавыя традыцыі, адорваюць такой адметнай духоўнай спадчынай. А ў Веранікі і яе мужа ёсць двухгадовы сынок. Ён расце і выхоўваецца мамай і татам як след, і ён стане, упэўнена, нашым будучым чытачом.
Так здарылася, што на пошту паспяшалася і Ніна Цвірбут. У мітусні перадсвяточных клопатаў нашая падпісчыца падзялілася галоўным: "У мінулым месяцы забыла працягнуць падпіску на "раёнку". Дык муж мой Васілій Іосіфавіч кожны дзень не даваў спакою - ідзі і ідзі на пошту. Ён любіць чытаць..."
Паўплывала гэтая гісторыя ці не, але ў Дзень падпісчыка выйшла, што сярод пяці бясплатных падпісак, якія разыгрывала сярод падпісчыкаў рэдакцыя, адну з іх пашчаслівілася атрымаць і сям'і Цвірбутаў. Яшчэ сярод шчасліўчыкаў - стаўбчане А. І. Скварчэўскі, А. А. Астахновіч, С. І. Ціхановіч і Р. С. Пархімовіч. Усім ім наш навагодні падарунак - бясплатная падпіска "Праменя" на другі квартал 2012 года (а калі ўжо аформлена падпіска на паўгоддзе, то - на трэці квартал 2012 года).
Няхай жыццё і лёс усіх нашых падпісчыкаў у новым годзе асвятляе "Прамень"!






