На шляху да прафесіі
Нумар - №248-249 Рубрыка - Адукацыя
28.12.2011

У сярэдняй школе № 2 стала добрай традыцыяй арганізоўваць свята пасвячэння ў прававы клас вучняў 10 класа. Такая спецыялізацыя - вялікая адметнасць гэтай навучальнай установы. Яшчэ ў 2002 годзе ў СШ № 2 быў адкрыты ліцэйскі клас юрыдычнага профілю. Сёння выпускнікі гэтага класа, закончыўшы Акадэмію МУС, паспяхова працуюць у органах унутраных спраў Рэспублікі Беларусь. А наогул 21 выпускнік спецыялізаваных класаў юрыдычнага профілю СШ № 2 г. Стоўбцы стаў курсантам Акадэміі МУС.
Усе прысутныя ў зале на свяце пасвячэння дзесяцікласнікаў у прававы клас згадзіліся з дырэктарам школы Валерыем Рыжых, што навучальнай установе не сорамна за вынікі сваёй працы ў гэтым накірунку.
Настойлівасць кіраўніка навучальнай установы выратавала прававы клас і тады, калі з'явіліся нарматыўныя дакументы аб скасаванні дзейнасці профільных класаў. Прафарыентацыйная работа ў школе не была спынена. І з 1 верасня 2010 года школа афіцыйна працягнула пачатую ў 2002 годзе работу, адкрыўшы першы клас прававой накіраванасці. У гэтым навучальным годзе адкрыты ўжо другі.
Клас прававой накіраванасці адметны ў першую чаргу прыгожай формай вучняў, праграмай навучання і падборам саміх рабят. На гэтым зрабіла акцэнты на свяце класны кіраўнік Тамара Янкоўская. Яна сумела падмеціць у кожнага з 16 вучняў яркую індывідуальнасць, цёпла расказала пра сваіх выхаванцаў - 7 юнакоў і 9 дзяўчат. Тамара Іосіфаўна выказала гатоўнасць ісці разам са сваімі вучнямі да іх вышынь у авалоданні навукамі, падтрымліваць іх.
Павіншавалі вучняў прававога 10 "А" класа намеснік начальніка аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Сяргей Богач, старшы лейтэнант аддзела ўнутраных спраў Уладзімір Курнасенка - выпускнік ліцэйскага юрыдычнага класа СШ № 2, старшыня раённага савета ветэранаў вайны і працы Іосіф Язвінскі, ад імя бацькоў - Валерый Кульбака. Рабятам жадалі быць дысцыплінаванымі, мэтанакіраванымі, настойлівымі ў атрыманні прафесіі, звязанай з законамі грамадства, мараллю, правам.
На здымку: прававы 10 "А" клас з класным кіраўніком Тамарай Янкоўскай.






