мобильная версия
Прамень

Падзеі і здарэнні

Нумар - №248-249    Рубрыка - Падзеі і здарэнні

28.12.2011

ЗАГСам зарэгістраваны па раёне два шлюбы, зроблены чатыры адзнакі аб скасаванні сямейнага саюза. Пасведчанні аб нараджэнні выдадзены дванаццаці маленькім жыхарам Стаўбцоўшчыны: Савелію Бураку, Яраславу Фунцікаву, Паліне Камароўскай, Ульяне Гацура,  двайнятам Хітрыкам - Арцёму і Аліне, Марыі Клочка, Назару Вярцянкіну, Лесі Дзяк, Паўлу Лапкоўскаму, Ільі Грыгаровічу і Ульяне Буката.

Зямны шлях закончыўся для 8-мі чалавек.

У пажарнай часці тыдзень прайшоў спакойна.

Міліцыяй узбуджана восем крымінальных спраў. У пакоі інтэрната, размешчанага па вуліцы Ленінскай, грамадзянін забаўляўся з кухонным нажом і па неасцярожнасці папаў у малалетняга сына. Хлопчык атрымаў траўмы, небяспечныя для жыцця. Грамадзянка разам са сваім сынам абрабавала дом у Казейках  - вынесла грошы і ювелірныя каштоўнасці. У Стоўбцах па вуліцы Горкага з хлява знік самаробны зварачны апарат. У Апечках грамадзянін паквапіўся на прыватны аўтамабіль ЗІЛ, паспеў праехацца на ім. У Галавенчыцах злодзей выкраў з дачнага дома будаўнічыя матэрыялы.

Пракуратура раёна праводзіць праверку па факце смерці жыхара Стоўбцаў. У судзе раёна падтрымлівалася абвінавачанне па шасці крымінальных справах. Разгледжаны тры грамадзянскія справы аб пазбаўленні бацькоўскіх правоў, па аднаму матэрыялу дадзена заключэнне. У суд накіраваны сем крымінальных спраў у адносінах да 10 абвінавачаных.

Суд прыгаварыў да 1,5 года выпраўленчых работ 45-гадовага жыхара Вялікай Гуменаўшчыны: будучы абавязаным кампенсаваць расходы на ўтрыманне непаўналетніх дзяцей у дзяржаўнай установе, ён ухіляўся ад выхадаў на работу. 27-гадовы жыхар Зуёў (раней шэсць разоў судзімы) пазбаўлены волі на 4 гады 2 месяцы: мужчына, будучы ў гасцях, выкраў 250 тысяч рублёў, а потым накінуўся на суседзяў, якія не захацелі адчыніць яму дзверы. За пагрозу забойства, адрасаваную падчас сваркі свайму сябру разам з лёгкімі траўмамі, прыгавораны да  года выпраўленчых работ 39-гадовы жыхар Наваколасава. 27-гадовая кандытар райспажыўтаварыства аштрафавана на 35 тысяч рублёў за тое, што была на рабочым месцы нецвярозай. 21-гадовы стаўбчанін пакараны штрафам у памеры 770 тысяч рублёў: будучы ў стане алкагольнага ап'янення, ён набраў нумар дзяжурнай часці міліцыі і абразіў супрацоўніка нецэнзурнай лаянкай.     

ДАІ выявіла 198 парушэнняў правілаў дарожнага руху. Сярод парушальнікаў -  пяцёра п'яных і 9 бяспраўных вадзіцеляў, 19 недысцыплінаваных пешаходаў і інш. Здарылася 12 дарожных аварый. На шчасце, ніхто не пацярпеў.

"Хуткая" выязджала да хворых 125 разоў, у прыватнасці чатыры сігналы паступілі да асоб з алкагольным ап'яненнем. Два звароты ў экстранную службу медыкі прылічваюць да неабгрунтаваных.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ