Прыгажуні глыбінкі
Нумар - №248-249 Рубрыка - Гандаль
28.12.2011

Вольга Жукавень на свой адрас толькі і паспявае прымаць кампліменты. Не дзіва, што ў магазіне пастаянна ёсць наведвальнікі. У вёсцы Пруды, якую яна абслугоўвае, больш за 260 двароў. Усіх сваіх пакупнікоў Вольга добра ведае: сама яна родам з гэтай вёскі. Закончыла гандлёва-эканамічны каледж.
Цяжка выйсці з прудскога магазіна без пакупкі. Вольга Леанідаўна стараецца, каб вяскоўцы маглі на месцы купіць усё, што ім трэба да стала, а таксама прамысловыя тавары першай неабходнасці, каб асартымент магазіна быў як у горадзе, хоць ад райцэнтра крама на адлегласці 50 кіламетраў. Пераднавагодні настрой у магазіне ствараюць падарункавыя наборы, упрыгожаная зала і прыветны твар прадаўца.
Канешне ж, работа ў Вольгі Жукавень нялёгкая. Яна адна спраўляецца з усімі абавязкамі. І робіць гэта адмыслова - у мінулым годзе па вытворчых паказчыках прудскі магазін быў у лідарах у раёне.
Ці трэба гаварыць аб удзячнасці вяскоўцаў маладому прадаўцу за плён яе працы, павагу да іх патрэб і за ветлівае гандлёвае абслугоўванне. А ў многіх прыезджых вёска Пруды доўга будзе асацыіравацца з усмешкай Вольгі Жукавень.






