Сельская гаспадарка
Нумар - №248-249 Рубрыка - Сельская гаспадарка
28.12.2011
НА НОВЫЯ ТЭХНАЛОГІІ
Будаўніцтву і рэканструкцыі малочнатаварных фермаў у нашай краіне апошнім часам надаецца немалая ўвага, бо, як паказвае вопыт, праведзеная мадэрнізацыя дазваляе значна павялічыць вытворчасць жывёлагадоўчай прадукцыі. Прэзідэнт краіны паставіў перад аграрыямі задачу: у кожнай гаспадарцы неабходна адну ферму абавязкова пераабсталяваць на новыя тэхналогіі. І важна зрабіць гэта за кошт уласных сродкаў. У нашым раёне плануецца пабудаваць тры новыя сучасныя фермы пад беспрывязное ўтрыманне жывёлы з даільнымі заламі - у ААТ "Агранёманскі", "Вішнявецкі-агра" і ПДСУП "Профі-Аграцэнтр". А таксама рэканструяваць дзевяць і адрамантаваць шэсць, на якіх будуць адноўлены былыя жывёлагадоўчыя памяшканні, пабудаваны малочныя блокі і цэхі сухастою. Адным словам, праведзены ўвесь цыкл работ, які дазволіць беспрывязна ўтрымліваць дойны статак.
РЭКАНСТРУКЦЫЯ ФЕРМЫ
У снежні на МТФ "Раёўшчына" ААТ "Жацерава" завяршылася рэканструкцыя жывёлагадоўчага памяшкання пад беспрывязное ўтрыманне цялят. Ад былога збудавання засталіся толькі сцены, на якія работнікі ААТ "Стаўбцоўская ПМК" замацавалі, выкарыстоўваючы металаканструкцыі, спецыяльны тэнт. Былі зроблены кармавыя сталы, што дазволіла прымяняць кормараздатчык. Механізавалі і выдаленне гною. Адным словам, намнога лягчэй стала працаваць работнікам фермы, значна палепшыліся і ўмовы ўтрымання жывёлы. На дарошчванне ў памяшканне паставілі каля 150 цялят ва ўзросце ад трох да васьмі месяцаў. І на жывёлагадоўчай ферме ў Савонях, дзе адкормліваюцца бычкі, праведзена падобная рэканструкцыя. Толькі дах тут з празрыстым шыферам.
З НЯМЕЦКІМІ ПАРТНЁРАМІ
Кіраўнік СФГ "Сула" Уладзімір Радзевіч вярнуўся з камандзіроўкі ў Германію. З групай фермераў на базе кампаніі "Еўраплант" вялося практычнае вывучэнне тэхналогіі вырошчвання бульбы. Сучасная сельскагаспадарчая тэхніка, селекцыйная работа, выкарыстанне эфектыўных прэпаратаў для апрацоўкі пасеваў, метады захоўвання клубняў - усё гэта бярэцца на ўзбраенне сельгасвытворцамі.
Партнёрскія сувязі СФГ "Сула" з адной з вядучых еўрапейскіх кампаній па вырошчванні бульбы прыносяць добры плён. На палях сялянскай фермерскай гаспадаркі і сёлета атрымана больш як па 400 цэнтнераў клубняў высокай якасці з гектара. І паслядоўнікі ячонскіх фермераў стараюцца пераймаць перадавы вопыт.






