Слаўная традыцыя чэмпіёнства
Нумар - №248-249 Рубрыка - Спорт
28.12.2011

Для ўрачыстай вечарыны ў раённым Цэнтры культуры была хаця і не каляндарна-святочная, але не менш прыемная нагода. Грамадскасць, аматары самай папулярнай спартыўнай гульні сабраліся, каб ушанаваць аўтараў значнай перамогі - здабытага звання чэмпіёнаў Мінскай вобласці па футболе. Больш дакладна, пацверджанага тытулу. Стаўбцоўская каманда "Нёман-Агра" і сёлета адстаяла права называцца футбольнай дружынай сярод аматарскіх калектываў вобласці.
Шчырыя словы віншаванняў, узнагароды, якія ўручалі футбалістам першы намеснік старшыні райвыканкама Ілья Шацько, намеснік старшыні Сяргей Шэсцель, кіраўнік абласной федэрацыі футбола, намеснік старшыні асацыяцыі БФФ Алег Чыкун, - усё гэта незабыўныя моманты для спартсменаў і іх настаўнікаў.
Вядучы свята Анатоль Грэкаў, які зноў праявіў сваё майстэрства спартыўнага каментатара, валодаючы багатым матэрыялам, акрэсліў пераможныя вехі футбола Стаўбцоўшчыны. Тут значацца і прызавыя прыступкі ў першынстве Міншчыны, і ўдзел у чэмпіянаце рэспублікі. А самае адметнае: два гады запар абласное чэмпіёнства, можна ўжо смела сказаць - слаўная традыцыя.
Каманда
"Мы - каманда" - не раз гучала і ў імправізаваных інтэрв'ю, і ў гутарках з членамі калектыву. Выказваліся хлопцы эмацыянальна, часам з гумарам, "смакуючы" перыпетыі матчаў. "Прайграём на сваім полі апошняму ў табліцы салігорскаму "Аўтамабілісту". Мы гол забіваем, яны - у адказ. Ды не могуць нашы ўступіць, на дзевяностай хвіліне Анатоль Ціханчык магутным ударам ірве сетку сапернікаў. "У Дубаўлянах на іхні "агарод" выйшлі. Гульня роўная. Сяргею Коржыку, нашаму надзейнаму варатару, сёння не шанцуе. Выбег за варатарскую, а яму - "парашут" за спіну. Добра што Аляксей Рудзянок неўзабаве зраўняў лік. Ціханчык не забівае пенальці. І ў нашы вароты за пяць хвілін да фінальнага свістка адзінаццаціметровы прызначаюць, Коржыку чырвоную картку суддзя паказвае, з поля выдаляе за фол апошняй надзеі - няправільна атакаваў саперніка ў штрафной пляцоўцы. Хто адважыцца стаць у вароты? Абаронца Дзмітрый Філіпчык па-варатарску ўпэўнена бярэ мяч, прабіты сапернікамі з той жа адзінаццаціметровай…" "Едзем у суседнюю Узду. Настрой баявы, але закрадваецца і трывога. Іхні славуты "Беліта-Вітэкс" "пад арэх раздзелалі" ў Дзераўной - 5:1. А цяпер на кану - казырны туз. Мы выйграём - бясспрэчныя чэмпіёны, а для іх паражэнне - вылет за межы прызавой тройкі. Наш заўсёды ўпаўнаважаны, гумарны трэнер падбадзёрвае: "Хлопцы, футбольная сталіца дзе, у Стоўбцах ці ва Уздзе?" Смяёмся: "У Гарадзеі!" Выйшлі на поле, глядзім на новыя "беліта-вітэксаўскія" трыбуны, а там нашых балельшчыкаў больш, чым уздзенцаў. І паімчаліся, да пераможнага фінальнага свістка…"
Паслуханыя інтэрв'ю, падслуханыя размовы поўных уражанняў хлопцаў, хай даруюць, калі крыху "літаратурна апрацаваныя" аўтарам, скіроўваюць да хронікі падзей у такім напружаным чэмпіянаце. Калі толькі ў апошнім туры ўпартае супрацьстаянне "Нёмана-Агра" і "Іслачы" з Мінскага раёна вырашылася на карысць стаўбчан. А яшчэ былі прынцыповыя паядынкі, як ужо адзначана, з тым жа "Беліта-Вітэксам", "Жодзіна-2007", дзяржынскай "Лівадзіяй-Юні", маладзечанскай "Забудовай-2007", пухавіцкай "Зоркай". Толькі пяць нічыіх ды адно паражэнне ад "Іслачы" на доўгім турнірным шляху. І дваццаць перамог, большасць з разгромным лікам - перавагай у тры і больш мячоў. Адным словам, чэмпіёнства заслужанае, здабытае і майстэрствам, і воляй усёй каманды.
Каманда - жывы арганізм. І дасягненне, вынік залежаць ад укладу кожнага, умення ігракоў, іх імкнення і праз не магу зрабіць рашучы рывок, адолець стому, часам фізічны боль ад атрыманай траўмы. Каманда моцная і баявым сваім адзіным духам, і майстэрствам футбалістаў.
У справаздачах на працягу ўсяго чэмпіянату мы адзначалі найбольш нападаючых. Яны аўтары галоў, заўсёды навідавоку. Колькі разоў паўтаралася імя Анатоля Ціханчыка! Калі ён знаходзіцца ў выдатнай форме, яго не стрымаць. Па два, тры, чатыры мячы "закалачваў" ён за гульню ў вароты сапернікаў. А ўсяго на яго рахунку за сезон 34 галы, абсалютны рэкорд чэмпіянатаў Міншчыны. "Запрашэнне ў калектыў маладога, але вельмі здольнага Анатоля Ціханчыка - сапраўды, удача". Гэта вытрымка з аглядавага артыкула ў нумары газеты "Прамень" за 1997 год. Потым яго, зразумела, заўважылі, запрашалі ў вядучыя калектывы рэспублікі. У асноўным выступаў за салігорскі "Шахцёр", а цяпер вось вярнуўся да нёманскіх берагоў. І, як бачна, адметнае майстэрства пры ім. Няхай жа доўжыцца футбольнае шчыраванне! На рахунку самага выніковага бамбардзіра стаўбчан у леташнім першынстве Аляксея Рудзянка сёлета 17 галоў. Трэба ўлічыць, што перанёс хваробу, па іншых прычынах задзейнічаны быў не ва ўсіх матчах стаўбчан. Малады, таленавіты, нездарма выступаў і за зборную юніёрскую каманду Беларусі. Варта пажадаць Аляксею ўдалай спартыўнай дарогі. 9 мячоў за сезон правёў Дзмітрый Гаўрыловіч. У нападзенні выступалі таксама Сяргей Ермаковіч, Дзмітрый Даўбейка, Уладзіслаў Жук.
Паўабарона - рухавік каманды, ад зладжанасці дзеянняў гэтай цэнтральнай лініі залежыць і выніковасць нападзення, і трываласць абароны. Тут таксама ў нёманцаў - асобы. Хуткія і тэхнічныя Віталь Даўнаровіч, Аляксей Дзягель, Аляксандр Карніцкі, Аляксандр Крамко, Анатоль Лапко, Максім Талейка. А з маладзейшымі - самы вопытны капітан каманды Андрэй Шпадарук, якія выступаў і ў чэмпіянаце рэспублікі за брэсцкае "Дынама", і шмат гадоў верна служыць стаўцоўскаму футболу.
Абарона таксама адно з важнейшых звенняў калектыву. Моцны, надзейны тыл - і нападзенне разгортваецца на поўную бамбардзірскую сілу. Аляксандр Масько - наш Шусцікаў, як параўнаў нашага футбаліста са знакамітым іграком зборнай СССР Анатоль Грэкаў. І з ім Арцём Сукала, Валерый Карніцкі, Дзмітрый Філіпчык. Сцелюцца хлопцы ў падкатах, галавой выносяць мяч са штрафной, дакладным пасам арганізуюць атаку. Так трымаць і далей - усё будзе выдатна!
Хаця і ўзгадалі кур'ёзны эпізод у адной з гульняў, але ў цэлым варатары не падводзілі. Часцей надзяваў футболку з нумарам адзін Сяргей Коржык, яго змяняў Вадзім Уставіч. І было спакойна за свае вароты, мацавалася ўпэўненасць у перамозе.
Ёсць моцны калектыў, касцяк футбольнай каманды. Сталым ігракам павышаць майстэрства, новым талентам праяўляць сябе. Упэўнена можна гаварыць аб эфектыўнасці дзейнасці Стаўбцоўскай ДЮСШ.
Трэнеры і ўсе, хто працаваў на перамогу
Сапраўды, футбол заўсёды моцны сваім тылам, балельшчыкамі, тымі, хто блізка ўспрымае поспехі і няўдачы каманды, дапамагае ёй. Але перш пра асобу трэнера.
У гісторыі стаўбцоўскага футбола, калі яна будзе напісана, згадаюцца імёны знакамітых у спартыўным свеце Міхаіла Мустыгіна, Эдуарда Зарэмбы, Юрыя Мохава, Генадзя Вароніна, якія ці вялі да поспехаў асноўны нёманскі састаў, ці рыхтавалі маладую змену. Можна смела прадказаць добрую трэнерскую будучыню і Андрэю Мікалаевічу. Сярод сяброў ён - наш Мікола, ігракі звяртаюцца да настаўніка паважліва - Іванавіч. Здаўна прыкмечана: нават футбаліст з міжнародным імем не заўсёды можа стаць паспяховым трэнерам. Тут патрэбна не толькі навучыць ігракоў тым ці іншым тэхнічным прыёмам, падцягнуць фізпадрыхтоўку, правільна расставіць лініі на полі, даць належную ўстаноўку. Але і мець асаблівы талент, калі хочаце, харызму, проста кажучы, шанцаванне. Спартыўную, трэнерскую біяграфію Мікалаевіча няцяжка прасачыць. У футболе гуляў, і нядрэнна, але за вядучыя каманды рэспублікі не выступаў. У Стаўбцоўскай ДЮСШ вопытнаму іграку "Нёмана" прапанавалі весці групу футбола. І неўзабаве поспех! Юныя нашы футбалісты перамагаюць на абласным турніры "Скураны мяч", едуць на рэспубліканскія спаборніцтвы і там перамагаюць.
Андрэя Мікалаевіча запрашаюць у Гарадзею трэніраваць каманду "Цукровы камбінат", якая выступала тады ў абласным першынстве разам з нашым "Нёманам". Праз сезон гарадзейцы апярэджваюць усіх і выходзяць у чэмпіянат рэспублікі. І там, хутка адольваючы прыступкі турнірнай лесвіцы, падымаюцца ўсё вышэй. Летась становяцца пераможцамі спаборніцтваў у другой рэспубліканскай лізе. А сёлета сталі бронзавымі прызёрамі ў першай лізе. Вышэй толькі, прабачце за таўталогію, вышэйшая ліга, дзе выступае 12 камандаў. "Мы ў рэспубліцы пятнаццатыя", - справядліва канстатуе сам Андрэй Мікалаевіч.
Дзеля аб'ектыўнасці скажам, што адно з вядучых прадпрыемстваў харчовай прамысловасці рэспублікі - Гарадзейскі цукровы камбінат - мае дастаткова рэсурсаў, каб падтрымаць сваю каманду. Але ж падобныя прадпрыемствы працуюць, скажам, у Слуцку, Скідалі, ды і шмат у якім горадзе ёсць прыбытковая вытворчасць. Толькі ж вось менавіта з Гарадзеі, калектыў нават не раённага цэнтра, выходзіць у лік мацнейшых футбольных камандаў Беларусі. Справа ў адносінах да футбола, а гэта, як гаворыцца, не толькі справа густу яго ўплывовых аматараў, але і ўдача ў выбары трэнераў.
Згадка тут пра ФК "Гарадзея", а нас больш цікавяць перспектывы сваёй каманды. Андрэй Мікалаевіч, які вядзе і "Нёман-Агра", не бачыць іншай мэты, чым толькі першае месца. Гэтым пераможным настроем акрыляе ўсіх. А складаемыя трэнерскага майстэрства? У размове з Андрэем Іванавічам ён выказаўся можа праз адзін з важкіх рычагоў: "Сакрэтаў ад хлопцаў у мяне няма. Калі ёсць заахвочванне, дзелім пароўну". Яшчэ раз падкрэслім толькі, што касцяк сённяшняй каманды складаюць менавіта тыя хлопцы, хто выйграў легендарны ужо юнацкі "Скураны мяч".
Пажадаўшы трэнеру далейшых поспехаў, прыгадаем, калі не ўсіх, няхай не крыўдуюць, але і іншых, каму дарагія перамогі футбалістаў і хто спрыяў ім, спонсараў, хто дапамагаў фінансамі, транспартам, набыццём формы. Калектывы работнікаў стадыёна "Меліяратар" на чале з Сяргеем Сахарам і Дзераўнянскай ДЮСШ, які ўзначальвае Антон Бурак. Усе госці і інспектары матча падкрэслівалі: футбольнае поле ў Дзераўной у добрым стане. Асаблівы дзякуй ад ігракоў і трэнераў каманды медсястры Людміле Гаптар. Яна была заўсёды на месцы, каб аказаць неабходную, а ў ходзе гульні здараюцца і траўмы, дапамогу.
А як не сказаць дзякуй бацькам, якія выгадавалі такіх выдатных хлопцаў. Дарэчы, бабуля Аляксея Рудзянка Ганна Іосіфаўна выязджала на многія матчы з удзелам унука. Цёпла віталі ў час згаданай урачыстасці і бацьку братоў Карніцкіх, у якога акурат быў дзень нараджэння.
Уся каманда шчыра дзякуе сваім верным заўзятарам. Выязджалі стаўбчане не толькі ў Дзераўную, але і ў гарады вобласці, каб падтрымаць свой "Нёман-Агра". Хіба ж з такой падтрымкай можна прайграваць?






