мобильная версия
Прамень

Старшыня Мінскага аблвыканкама Барыс Батура: "Мэта – упэўнена крочыць наперад"

Нумар - №248-249    Рубрыка - Афіцыйна

28.12.2011

Фотография 1

На чарговую сустрэчу з губернатарам былі запрошаны прадстаўнікі рэспубліканскіх, абласной і рэгіянальных СМІ.

Адказваючы на пытанні журналістаў, Барыс Васільевіч Батура расказаў аб тым, што на Міншчыне актыўна прымяняюцца комплексныя меры сацыяльнай абароны насельніцтва. Рэалізуюцца адпаведныя меры па падтрымцы тых груп насельніцтва, якія маюць у гэтым неабходнасць. "Ужо другі год пенсіянерам, якія маюць у гэтым патрэбу, бясплатна выдзяляецца 3 кубаметры дроў. З 1 снежня дзейнічае рашэнне Мінаблвыканкама "Аб некаторых мерах сацыяльнай падтрымкі асобных катэгорый грамадзян", якім прадугледжаны скідкі да 10% у гандлёвых сетках вобласці па сацыяльных картках, - расказаў Барыс Батура. - Там, дзе няма магчымасці карыстання такімі карткамі, скідкі прадастаўляюцца па спісах. Гэтыя меры ахапілі 194 магазіны нашай вобласці. Зніжкі па пластыкавых картках належаць 18 групам харчовых і 23 групам нехарчовых тавараў, а таксама на 6 відаў бытавых паслуг".

У Мінскай вобласці з'явіцца і льготнае камерцыйнае арэнднае жыллё. Такія дамы будуць будавацца пакуль толькі ў Барысаве і Маладзечне. На думку губернатара, гэта праекты маглі б ажыццяўляць і іншыя рэгіёны. Увогуле, тэмпы будаўніцтва на Міншчыне знізіліся ў бягучым годзе: пры прагнозе 1,3 млн кв. метраў будзе ўведзена толькі 1,1 мільёна. "Але гэта самы высокі паказчык сярод рэгіёнаў рэспублікі", -  зазначыў Барыс Васільевіч.

Таксама Барыс Батура паведаміў журналістам, што ў Мінскай вобласці вядзецца работа па стварэнні высокатэхналагічных вытворчасцяў па выпуску інавацыйнай імпартазамяняльнай прадукцыі. Ядром стварэння інавацыйнай інфраструктуры ў рэгіёне павінен стаць Мінскі абласны тэхнапарк. Таксама было адзначана, што да гэтага працэсу трэба больш прыцягваць прадпрымальнікаў, а таксама праз прыцягненне ў абарот нявыкарыстанай дзяржмаёмасці,  продаж неэфектыўных прадпрыемстваў новым уласнікам можна дабіцца значных вынікаў у гэтым накірунку. У 2011 годзе на Міншчыне было задзейнічана каля 170 аб'ектаў, палова з іх выстаўлялася на аўкцыён за адну базавую велічыню і пад канкрэтныя інвестпраекты.

-       Што тычыцца выканання прагнозных паказчыкаў, то ў бягучым годзе ў Мінскай вобласці назіраецца станоўчая дынаміка.  Тэмп росту аб'ёму валавога рэгіянальнага прадукту (ВРП) у гэтым годзе чакаецца каля 107 працэнтаў, - адзначыў Барыс Батура, - гэта крыху ніжэй, чым планавалася. На гэта ёсць аб'ектыўныя прычыны, але ВРП Міншчыны вышэйшы за сярэднерэспубліканскі паказчык. Вобласць выканала амаль усе паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця і са станоўчымі тэндэнцыямі ўступае ў 2012 год. Вынік мог быць лепшым, так я лічу, бо ў Мінскай вобласці вялікі патэнцыял, ёсць рэзервы росту, якія неабходна задзейнічаць у поўнай меры.

Закрануў Барыс Васільевіч і зямельнае пытанне. У Мінскай вобласці ў чарзе на атрыманне зямельных участкаў пад індывідуальнае будаўніцтва стаіць 36,3 тыс. чалавек. З іх 23 тыс. - у Мінскім раёне. У гэтым годзе  1,2 тыс. зямельных участкаў былі забраны ў грамадзян, якія не прыступілі да будаўніцтва. Актыўна праводзяцца і аўкцыёны. Усяго ў 2011 годзе ў цэнтральным рэгіёне будзе ўведзена ў эксплуатацыю 1,1 млн кв. метраў жылля.

Усе пытанні развіцця Міншчыны знаходзяцца на асобым кантролі ў губернатара. Барыс Батура ўпэўнены, што чым часцей кіраўнік сустракаецца з людзьмі, тым больш грунтоўныя прымаюцца рашэнні.

Наша рэдакцыя таксама звярнулася з пытаннем да Барыса Васільевіча. Выслухаўшы просьбу ад імя ўсіх жыхароў Стаўбцоўскага раёна наконт далучэння мясакамбіната да холдынга і рэканструкцыі гарадскога стадыёна "Юнацтва", губернатар запэўніў, што даныя пытанні вывучыць больш дэталёва і паабяцаў, што мясакамбінат застанецца самастойным прадпрыемствам, а рэканструкцыя стадыёна будзе завершана ў першым паўгоддзі 2012 года,  дадатковае фінансаванне прадугледжана менавіта на гэты перыяд. Прыемныя навіны для стаўбчан.

Цікавілі журналістаў і ацэнка падрыхтаванасці жыллёва-камунальных службаў вобласці да зімы, работа са зваротамі грамадзян. На што старшыня Мінскага аблвыканкама сказаў, што ацэнка работы ЖКГ у зімовы перыяд будзе давацца вясной, калі будзе відаць, як яны спрацавалі ў даны перыяд. А звароты грамадзян заўсёды знаходзяцца на кантролі. Безумоўна, трэба абавязкова разабрацца з праблемай і дапамагчы. У вобласці ў бягучым годзе колькасць зваротаў у вышэйстаячыя інстанцыі паменшылася на 23 працэнты.

Падводзячы вынікі сустрэчы з журналістамі, Барыс Васільевіч Батура сказаў: "Мэта Міншчыны - упэўнена крочыць наперад. Першыя станоўчыя вынікі ўжо ёсць…", а таксама павіншаваў журналістаў з надыходзячымі святамі.

Нэлі АСТРЭЙКА