мобильная версия
Прамень

Новы год – у новым доме

Нумар - №250-252    Рубрыка - Моладзь Стаўбцоўшчыны

31.12.2011

Фотография 1

Напрыканцы кастрычніка сям'я Далідовічаў засялілася ў новы дом, пабудаваны па прэзідэнцкай праграме. Маладыя спецыялісты задаволены, бо атрымалі жыллё з газавым ацяпленнем. Справілі наваселле. У кватэры цёпла, і дачушцы Палінцы тут вельмі камфортна. Да таго ж, ёй ёсць дзе разгуляцца - дзяўчынка паступова асвойвае хадункі, у якіх бегае па ўсіх пакоях. Яна вельмі радуе сваёй спрытнасцю бацькоў, якія спадзяюцца, што да новага года іх дачушка зробіць першы самастойны крок. Абедзве бабулі хацелі ўнучку, і іх надзеі спраўдзіліся. Вераніка гаворыць, што Палінка як дзве кроплі вады падобная на тату, але Яўген заўважае, што вочы ў яе маміны, і жанчына згаджаецца. 

Далідовічы прыехалі ў ААТ "Дзераўное" па накіраванні, абое скончылі аграмеханічны факультэт Беларускага аграрна-тэхнічнага ўніверсітэта. Ажаніліся на чацвёртым курсе. Прычым выбралі дату свайго шлюбу невыпадкова - напрыканцы чэрвеня мінулага года якраз споўнілася пяць гадоў з таго першага дня, як яны пачалі сустракацца.

- Гэта быў першы ў нашым жыцці сумесны юбілейчык, - сказала Вераніка, - мы вучыліся разам у школе і ўжо тады сімпатызавалі адно аднаму, але спачатку паступаць у адну навучальную ўстанову не збіраліся. Жэня меў намер пайсці вучыцца ў каледж, але потым мы перадумалі, таму ён падаў дакументы ўслед за мною у БАТУ.

Вось так выпускнікі Дзераўнянскай сярэдняй школы сталі студэнтамі. Пэўна, так было наканавана лёсам. За гады вучобы Яўген і Вераніка не страцілі таго вялікага пачуцця, якое іх аб'яднала, -  каханне маладых людзей прайшло надзейную праверку часам.

Яўген Далідовіч працуе інжынерам у гаражы. У яго абавязкі ўваходзіць набыццё запчастак для аўтамашын і трактароў. Кіраўніцтва таварыства задаволена работай маладога спецыяліста. Старанны і акуратны, Яўген з даручанымі абавязкамі спраўляецца выдатна. Вераніка пакуль што ў дэкрэтным адпачынку, а працавала інжынерам па ахове працы. Работы ёй  зараз хапае і дома: за дачкой глядзець трэба, ежу прыгатаваць, у хаце прыбрацца. Звяртаем увагу на тое, што ўсе пакоі абстаўлены мэбляй.

- Мы ўзялі крэдыт у банку, - тлумачыць Яўген. - І  практычна ўсё адразу купілі, толькі вось яшчэ марым набыць вадкакрышталічны тэлевізар з вялікім экранам. Аўтамашына ў нас таксама ёсць.

Маладыя спецыялісты вярнуліся жыць і працаваць на сваю малую радзіму. Тут жывуць іх бацькі - у Яўгена ў Ніўным, у Веранікі - у Дзераўной. Яны прывучылі сваіх дзяцей да працы на зямлі, таму  можна з упэўненасцю сказаць, што маладыя людзі таксама пусцяць тут моцныя карані. Як і сад, які хочуць пасадзіць. Дзеля гэтага ля прысядзібнага ўчастка гаспадар мае намер купіць зямлю, каб не пуставала. Ужо і саджанцы паступова набывае. У перспектыве абзавесціся хатняй гаспадаркай. Пра карову размовы пакуль не было, а вось паставіць у хлеў парсючкоў думаюць ужо наступнай вясной.

- Новы год будзем сустракаць у новай хаце, -  падзялілася планамі гаспадыня, - запросім гасцей да сябе. Абавязкова прыбяром ёлачку прыгожымі цацкамі, а на святочны стол да ўсіх іншых страў паставім і нашы любімыя  - запечаную курыцу і салату з кукурузы.

Хочацца спадзявацца, што ўсё ў гэтай сям'і будзе ладзіцца і ў наступным годзе. А сёлетні быў адным з самых удалых на важкія падзеі - скончылі ўніверсітэт, нарадзілася дачушка, атрымалі жыллё.

Фота Васіля ЗЯНЬКО

Надзея БАТАЛКА