Няхай будзе больш прыемных навін
Нумар - №250-252 Рубрыка - Жыццё. Улада. Чалавек
31.12.2011

Навагодняе віншаванне старшыні райвыканкама У. Т. Місько
Паважаныя стаўбчане, дарагія землякі! Адыходзіць у гісторыю 2011 год. Нягледзячы на цяжкасці, ён быў напоўнены працоўнымі справамі і ў цэлым паспяховым для Стаўбцоўшчыны. Дзякуючы вам, паважаныя землякі, вашай працы, старанню, жаданню выканаць намечанае, дзякуючы вашаму пачуццю адказнасці, рашучасці, уменню праявіць сябе, мы справіліся з узятымі абавязацельствамі. У адыходзячым годзе, аб'яўленым кіраўніком дзяржавы Годам прадпрымальнасці, актыўна ажыццяўляліся працэсы рэгіянальнага развіцця з выкарыстаннем інавацыйных і рыначных механізмаў, ініцыятывы насельніцтва. Прыгажэйшым стаў наш раённы цэнтр, добраўпарадкоўваюцца аграгарадкі і сёлы.
Як і раней, словы шчырай удзячнасці адрасую самаму вялікаму калектыву раёна - філіялу Мінскага маторнага завода. Паспяхова працуюць работнікі Стаўбцоўскага мясакамбіната, якія ў няпростых для гэтага года ўмовах выканалі прагнозныя паказчыкі па аб'ёму прамысловасці і выпуску тавараў народнага спажывання. Шмат зрабілі ў гэтым годзе працаўнікі ААТ "БелНатурПрадукт" па рэканструкцыі прадпрыемства.
Спадзяюся, што і 2012 год для гэтых калектываў, як і для ўсёй прамысловасці раёна стане годам новых дасягненняў, годам прарыву на новы якасны ўзровень.
Выказваю шчырыя словы падзякі ўсім працаўнікам сяла. Сёлетні год стаў самым паспяховым для работнікаў сельскай гаспадаркі раёна. На свяце "Дажынкі-2011" наш раён абвешчаны пераможцам у рэспубліканскім спаборніцтве сярод раёнаў Мінскай вобласці па ўзроўні вытворчасці. І адзначаны Прэзідэнтам краіны за выдатныя дасягненні, высокія паказчыкі на ўборцы ўраджаю збожжавых і зернебабовых.
Заслужаная перамога дае ўпэўненасць у далейшым развіцці, у тым, што працы, гаспадарскім рукам падуладна ўсё. Няхай гэтыя дасягненні і гэтая перамога прымножацца ў новым 2012 годзе.
Выказваю сардэчную ўдзячнасць усім, хто сваёй працай, розумам і клопатам уносіць неацэнны ўклад у развіццё раёна: кіраўнікам і спецыялістам лясгаса, лесазавода, Стаўбцоўскіх электрасетак, АКС, райгаза, Хатаўскога спіртзавода, дарожна-будаўнічых арганізацый раёна.
Самых цёплых слоў заслугоўвае работа будаўнікоў ПМК-233, РБУ "Універсалрамбуд", Стаўбцоўскай ПМК і іншых арганізацый і прадпрыемстваў.
2011 год быў адзначаны творчымі дасягненнямі не толькі дарослых, але і нашых дзяцей, навучэнцаў агульнаадукацыйных, спартыўных і мастацкіх школ. 12 навучэнцаў сярэдніх школ раёна атрымалі дыпломы рознага ўзроўню па прадметных алімпіядах.
57 юных дараванняў Стаўбцоўшчыны сталі лаўрэатамі і дыпламантамі шматлікіх міжнародных, рэспубліканскіх, абласных і рэгіянальных фестываляў і конкурсаў.
Зборныя каманды раёна па валейболе, баскетболе, лёгкаатлетычным кросе, лыжных гонках, гіравым спорце, настольным тэнісе сталі пераможцамі і прызёрамі абласных і рэспубліканскіх спаборніцтваў. А каманда "Нёман-Агра" чарговы раз стала чэмпіёнам Мінскай вобласці па футболе.
Адыходзячы год падарыў нам больш за 400 юных грамадзян Рэспублікі, у пяці сем'ях нарадзіліся двайняты, а ў адной - трайняты. А гэта значыць, што ў нашых сем'ях стала больш шчаслівых дзён.
Адным з прыярытэтных напрамкаў дзейнасці раённага выканаўчага камітэта ў адыходзячым годзе з'яўлялася забеспячэнне належнага функцыянавання і далейшае развіццё галін сацыяльнай сферы. Усяго на фінансаванне ўстаноў і мерапрыемстваў сацыяльнай сферы накіравана больш за 82 мільярды рублёў, ці каля 66 працэнтаў расходаў раённага бюджэту. Толькі на патрэбы ўстаноў аховы здароўя выдзелена 24 мільярды рублёў, на адукацыю - 54 мільярды, на патрэбы прадпрыемстваў жыллёва-камунальнай гаспадаркі - 16 мільярдаў рублёў.
З кожным годам абнаўляюцца, пераўтвараюцца наш горад, аграгарадкі і вёскі. У раёне ідзе будаўніцтва і рамонт жылля, розных сацыяльных аб'ектаў. Робіцца ўсё магчымае, каб жыццё стаўбчан стала лепшым і больш камфортным.
Дарагія землякі! Шчырая ўдзячнасць вам за добрасумленную працу. Слоў падзякі заслугоўваюць работнікі культуры, адукацыі, медыцыны, гандлю, сацыяльнай службы, праваахоўных органаў, усе, хто з пачуццём глыбокай адказнасці, прафесійна выконвае свае абавязкі, усе, хто забяспечвае дабрабыт і спакой.
Усё, што адбылося, ужо становіц-ца гісторыяй, а яна, як вядома, вучыць нас заглядваць у будучае. Я спадзяюся на вашу актыўную падтрымку ўсё новых стваральных ініцыятыў, якія будуць нараджацца ў нашым раёне, чакаю ад усіх вас на кожным рабочым месцы праяўлення прафесіяналізму, творчасці. Мы жывём у спакойнай, стабільнай краіне. Жывём з упэўненасцю ў заўтрашнім дні. І ў нас ёсць усе падставы спадзявацца, што 2012 год будзе напоўнены плённымі справамі, ва ўсім апраўдае надзеі. Усё залежыць толькі ад нашай працавітасці, творчай актыўнасці, згуртаванасці.
Дарагія сябры! Прыміце самыя шчырыя і сардэчныя віншаванні з Новым 2012 годам і Нараджэннем Хрыстовым. Здароўя і шчасця вам, новых працоўных здзяйсненняў, удачы ва ўсіх добрых справах!






