мобильная версия
Прамень

У сельскім магазіне – святочная атмасфера

Нумар - №250-252    Рубрыка - Гандаль

31.12.2011

Фотография 1

Старшыня Літвенскага сельвыканкама Ірэна Дзяжынская параіла нам заехаць у магазін райспажыўтаварыства ў Рочавічах.

- Пабачыце, якія харошыя там працуюць дзяўчаткі, - сказала Ірэна Палікарпаўна. - Жыхары вёскі вельмі задаволены тым, як добра маладыя прадаўцы іх абслугоўваюць, - адно задавальненне прыходзіць у магазін.

Кацярына Дубкоўская і Настасся Калевіч працуюць у магазіне параўнальна нядаўна - усяго чатыры месяцы, а ўжо заслужылі павагу сяльчан. Дзяўчаты скончылі Мінскі гандлёвы каледж, дзе атрымалі прафесію прадаўцоў-кантралёраў. Кіраўніцтвам райспажыўтаварыства былі накіраваны на працу ў адну з аддаленых вёсак раёна. Але гэта акалічнасць іх не засмуціла, бо абедзве выраслі ў вёсках. Настасся з Кнотаўшчыны, а Кацярына з Мархачоўшчыны.

Дзяўчаты раней не сустракаліся і ўпершыню ўбачыліся ў сталіцы. Таму вялікім было здзіўленне, калі даведаліся, што бацькі іх адзін аднаго ведаюць.

Самае галоўнае, што Кацярына і Настасся добра ладзяць. Прыемна зайсці ў гандлёвую залу - тут утульна і чыста. Акуратна расстаўлены на паліцах прадукты. Асартымент іх даволі разнастайны. Прадаўцы стараюцца пабольш заказваць тых тавараў, якія карыстаюцца асаблівым попытам.

- Дзяўчаты абслугоўваюць культурна, пастаянна ветлівыя і ніколі не бывае ў магазіне чаргі, - сказала адна з наведвальніц, - прапануюць тавар і заўсёды параяць, што лепш купіць.

 З твараў Кацярыны і Настассі ніколі не сыходзіць усмешка. Яны бадзёрыя і поўныя жадання працаваць. І напярэдадні Новага года пастараліся годна прадставіць гандлёвую кропку, у якой працуюць, - упрыгожылі залу, паставілі невялічкую ёлачку, каб адчувалася святочная атмасфера.

У Кацярыны і Настассі ёсць запаветная мара. Раскрываць іх сакрэт мы не будзем, але пажадаем, каб тое, што задумалі, у наступным годзе абавязкова здзейснілася.

Надзея БАТАЛКА, Фота Васіля ЗЯНЬКО