мобильная версия
Прамень

З уменнем цаніць, што ёсць

Нумар - №250-252    Рубрыка - Моладзь Стаўбцоўшчыны

31.12.2011

Фотография 1

Калі задацца мэтай у пошуках маладой сям'і, якая сёння дастойна прадстаўляе беларускую вёску, то Дзяніс і Таццяна Колесені выдатна падыдуць для гэтага вобраза. Дзяніс Сяргеевіч узначальвае сельскагаспадарчае таварыства "Рубяжэвічы", а Таццяна Пятроўна выкладае ў пачатковых класах Тонаўскай сярэдняй школы. Працуе яна тут тры гады. Аб школе мае самыя добрыя ўражанні. Настолькі, што з упэўненасцю гаворыць: пакуль школу не закрыюць (яна малакамплектная), не памяняе месца працы.

Што ж так прыцягвае Таццяну Колесень у гэтай невялікай сельскай школе? Выдатны калектыў, які жыве адной сям'ёй, як адзіны арганізм. Тут зразумеюць, прыйдуць на дапамогу, не зайздросцяць адзін аднаму, радуюцца поспехам, аберагаюць адзін аднаго, прыкладваюць усе сілы, каб пра школу ішла добрая слава.

У гэтым навучальным годзе ў школе толькі 46 вучняў. А ў класе Таццяны Пятроўны - і наогул два - хлопчык і дзяўчынка. Таццяна Колесень задаволена сваімі вучнямі - Іванам Гусарэвічам і Ганнай Чураўцовай. З удзячнасцю гаворыць і аб іх бацьках, якія трымаюць цесную сувязь са школай, жыва ўдзельнічаюць у жыцці класа, жывуць клопатамі сваіх дзяцей. Канешне ж, пры такім раскладзе і справы ў класе ідуць добра. Удзел бацькоў у навучальным працэсе - падмога настаўніцы, якая прыкладвае ўсе старанні, каб вучні атрымалі добрую падрыхтоўку перад паступленнем у школу сярэдняй ступені.

Сама Таццяна Колесень выклікае сімпатыю тым патрыятызмам, з якім яна гаворыць аб школе, пачуццём уласнай годнасці - яна выглядае ва ўсіх адносінах не горш за гараджанку, і проста чалавечай абаяльнасцю.

Святлана ЖЫБУЛЬ