Дзіця і алкаголь – паняцці несумяшчальныя
Нумар - №20-21 Рубрыка - Сям’я
01.02.2011
Як толькі дзіця навучыцца трымаць лыжку і міску, яго тут жа вучаць трымаць і бутэльку. У ёй, вядома, звычайны сок, кампот і іншае. Але калі тое дзіця крыху падрасце, дарослыя бяруць яго з сабой за святочны стол і малому дазваляюць чокацца бакалам з дарослымі, няхай сабе бакал гэты будзе з безалкагольным напіткам. Хлопчык ці дзяўчынка назіраюць, радуюцца такім "допускам" іх да даросласці. Так выпрацоўваецца стэрэатып алкагольнага застолля. З часам бакал з напіткам замяняюць на піва, потым наліваюць віна ці шампанскага...
І ў сваіх гульнях з равеснікамі дзеці паўтараюць той жа застольны рытуал, які яны бачаць у сям'і. Малыя падрастаюць, алкаголь прыходзіць на "тусоўкі" непаўналетніх. Спачатку прывыкаюць да лёгкіх алкагольных напіткаў, даступных па цане. Але трэба памятаць, што для сур'ёзнага атручэння маладому арганізму хопіць і літра моцнага піва. У грамадскай свядомасці замацаваўся міф аб тым, што піва - безалкагольны напітак, а джын-тонік - нешта накшталт салодкай газіроўкі. Часам чуеш: "Мой сын зусім не п'е, ён любіць толькі піва". Ці прыходзіць сын дамоў, відаць, што ў стане ап'янення і пераконвае: "Мама, я ў гасцях зусім не піў, на стале былі толькі тонік і шампанскае". Але так вось з "лёгкага" напітку пачынаюцца нялёгкія праблемы з алкаголем.
Гэта адно, што дзіцячае шампанскае і безалкагольнае піва - прывучэнне да рытуалу застолля з багатай выпіўкай. Справа ў тым, што безалкагольнага піва наогул не існуе, у ім таксама ёсць, хаця малы, ды таксама працэнт спірту. А піва "дарослае" - сапраўдны алкагольны напітак, яно выклікае практычна такое ж ап'яненне, як і моцныя спіртныя напіткі і можа стаць прычынай алкагалізму і іншых алкаголезалежных захворванняў, што практыкай і пацвярджаецца.
Чым пазней пачнецца ўжыванне нават слабаалкагольных напіткаў і піва, тым больш шанцаў прадухіліць небяспеку. Маленькаму чалавеку яшчэ належыць расці, станавіцца больш дарослым, вучыцца кіраваць сваімі дзеяннямі, адрозніваць добрае ад дрэннага. Перайсці ад безалкагольнага піва да алкагольнага, страціць здароўе няцяжка, калі ў выніку падобнага выхавання ў сям'і ў дзіцяці сцвердзіцца як нешта абавязковае "свяшчэнны" рытуал ужывання спіртных напіткаў.
Алкаголь, этылавы спірт з'яўляецца наркатычным ядам, ён згубна дзейнічае, перш за ўсё, на клеткі галаўнога мозга. 100 грамаў гарэлкі нішчаць 7,5 тысячы актыўна працуючых клетак. У навуковых даследаваннях было даказана, што фарміраванне асноўных функцый мозга завяршаецца да 21 года, таму ўжыванне алкаголю да гэтага ўзросту замаруджвае развіццё мозга, прыводзіць да парушэнняў псіхікі, захворванняў печані, падстраўнікавай залозы, сэрца. Такія дзеці адстаюць у фізічным развіцці. І ўвогуле дзеці хутка прывыкаюць да алкаголю. Вядомы выпадкі, калі за паўгода сістэматычнага ўжывання ў малалетніх фарміравалася ўжо першая стадыя алкагалізму.
Таму паглядзім з пункту гледжання здаровага сэнсу - тытунь і спіртное, няхай нават з невялікім працэнтам алкаголю, дзецям супрацьпаказаны, таму што цана ранняму прывыканню - будучае загубленае жыццё.






