Падзеі і здарэнні
Нумар - №27-28 Рубрыка - Тыдзень Стаўбцоўшчыны
11.02.2011
ЗАГСам зарэгістраваны па раёну 7 шлюбаў, зроблены 2 адзнакі аб скасаванні сямейнага саюза. Пасведчанні аб нараджэнні выдадзены дзевяці маленькім жыхарам Стаўбцоўшчыны: Карыне Грузд, Настассі Калінінай, Вікторыі Тарабеш, Ксеніі Гаўрыленка, Марыі Рэзнік, Івану Калдузаву, Валерыі Баршчовай, а таксама двайнятам - Віктару і Аляксандру Варажунам.
Зямны шлях закончыўся для 11 чалавек.
У пажарнай часці мінулы тыдзень, на шчасце, прайшоў спакойна.
Пракуратурай раёна разгледжана 5 зваротаў, у тым ліку зварот грамадзянкі па пытанню пазбаўлення бацькоўскіх правоў яе мужа ў адносінах да траіх непаўналетніх дзяцей. Даны зварот накіраваны для прыняцця рашэння ў раённы выканаўчы камітэт і ў райаддзел міліцыі, ён знаходзіцца на кантролі ў пракуратуры. Праводзіцца праверка па факту смерці ў выніку суіцыду жыхара вёскі Вішнявец. У судзе раёна падтрымліваліся абвінавачанні па 8 крымінальных справах, па 5 з іх былі вынесены абвінавачвальныя прыгаворы.
Суд прыгаварыў 35-гадовага мінчаніна, раней судзімага, да пазбаўлення волі на 2,5 года, а таксама да прымусовага лячэння ад наркаманіі: мужчына варыў у дачным доме сваёй маці ў вёсцы Бярозаўка наркатычны опій, ужываў яго. Крымінальныя прыгоды дзвюх стаўбчанак, 1987 і 1989 гадоў нараджэння, закончыліся прыгаворам у 2 гады 1 месяц абмежавання волі і ў 4 месяцы арышту адпаведна. За імі - тры крадзяжы: пасля сумеснага распіцця спіртнога ў кампаніі з мужчынамі, дзяўчаты пакінулі аднаго з іх без аўто, другога - без ноўтбука; у кафэ "Маліна" яны выкралі мабільнік. Акрамя таго, маладзейшая з абвінавачаных раней была пазбаўлена бацькоўскіх правоў у адносінах да двух малалетніх дзяцей, таму атрымала сваё і за ўхіленне ад выплаты аліментаў. Шэсць жыхароў раёна, у якіх міліцыяй быў знойдзены дома ці ў гаспадарчай пабудове самагонны апарат, аштрафаваны ад 70 тысяч да 140 тысяч рублёў. Яшчэ пяцярым самагоншчыкам вынесена пакаранне ў суме ад 175 тысяч да 245 тысяч рублёў (у аднаго з іх канфіскавана аж 200 літраў брагі).
ДАІ выявіла 164 парушэнні правілаў дарожнага руху. Сярод парушальнікаў - 4 бяспраўныя і 5 нецвярозых вадзіцеляў (адзін з іх -службовая асоба, галоўны спецыяліст адной з гаспадарак раёна), 24 недысцыплінаваныя пешаходы і інш. Здарыліся 11 дарожных аварый. На шчасце, ніхто не пацярпеў.
"Хуткая" выязджала да хворых 219 разоў, у прыватнасці 2 сігналы паступілі да асоб з алкагольным ап'яненнем. Пераважная большасць выклікаў звязана са з'яўленнем прыкмет вострых рэспіраторных вірусных інфекцый.






