мобильная версия
Прамень

Дзераўная

Нумар - №29-33    Рубрыка - Стаўбцоўшчына – родны край

17.02.2011

Фотография 1

Ці шмат скажа пра вёску яе імя? У назве паселішча ўвасоблена нешта адметнае, але ж часта і да іншых падобнае. Так, вёскі з назвай Дзераўная знаходзім на картах Слонімскага, Баранавіцкага і, вядома ўсім нам, Стаўбцоўскага раёна. А што тлумачаць тапанімічныя слоўнікі? Назва, магчыма, пайшла ад слоў "дзёран", "дзірван", а можа - ад "дрэва" (дзерава)". Можна падключаць фантазію, звяртацца да ўспамінаў, паданняў. Але не пра гэта размова, а пра тое, як адрозніць населены пункт, раскрыць той самы цуд, якім вёска зможа здзівіць, захапіць, прываражыць.

Дзераўная даўно і далёка знакамітая сваім касцёлам. Старадаўні храм, званы якога склікалі людзей здалёку на малітву, да святога слова. Нібы астравок святасці, бараніў ён людзей у гады ліхалеццяў - войнаў, нападаў і, самае горкае, прамых ганенняў на царкву…

Сёння, калі маладым няўцям, што магчыма было і праследаванне, і абмежаванне ў праве чалавека на веравызнанне, людзі старэйшага пакалення шмат могуць расказаць. І недалёка шукаючы факты. Як у пяцідзясятыя гады мінулага стагоддзя не аднаўлялі, як цяпер робіцца, а руйнавалі пашкоджаныя ў вайну муры касцёла ў Стоўбцах. Як у адну з летніх начэй сямідзясятых гадоў згарэў малітоўны дом у райцэнтры і запалала аптэка ў Рубяжэвічах, дзе шчыраваў лекар ад Бога і шчыры вернік Станіслаў Вількоцкі. Да касцёлаў як у Рубяжэвічах, так і ў Дзераўной не дабраліся, гэтыя храмы заставаліся на той час аднымі з нямногіх на Беларусі, якія пастаянна дзейнічалі.

У адрозненне ад касцёла ў суседніх Рубяжэвічах, стагоддзе якога адзначалі летась, дзераўнянскі мае значна даўжэйшую гісторыю. У вызначэнні дакладнай даты яго заснавання пакуль розгалас. Згодна з аднымі гістарычнымі звесткамі, фундатарства пазначана 1590 годам, па іншых - першай паловай сямнаццатага стагоддзя. Увогуле ж можна лічыць, што святыня вернікаў - помнік архітэктуры рэспубліканскага значэння, мае гісторыю ў амаль паўтысячагоддзе.

Што датычыць самой Дзераўной, то і энцыклапедычныя даведнікі пазначаюць яе як адно са старажытных паселішчаў на Беларусі. І ў кнізе "Памяць. Стаўбцоўскі раён" сцвярджаецца, што вядома вёска з першай паловы ХV стагоддзя як маёнтак кашталяна віленскага Сямёна Гедыголдавіча. Потым больш за трыццаць гадоў маёнткам кіравала жонка Сямёна Мілохна Кежгайлаўна. Пасля яе смерці Дзераўная - уласнасць прадстаўнікоў малодшай лініі роду Кежгайлаў. У 1525 годзе Вялікі князь Літоўскі Жыгімонт І даў дазвол Мікалаю Кежгайлу на заснаванне ў маёнтку Дзераўная мястэчка і наладжванне ў ім таргоў і корчмаў.

Гады, дзесяцігоддзі, стагоддзі…                Ян Завіша, Эўфімія Вяржбіцкая, князь Вішнявецкі, ваявода Мікалай Крыштоф Радзівіл, іншыя князі з роду Радзівілаў, затым графы Абуховічы, Чапскія. Вяльможныя паны ў шыкоўных пакоях замкаў і палацаў, пазалочаных брычках. Але не толькі яны тварылі гісторыю, а і сотні, тысячы местачкоўцаў, якія жылі і працавалі на гэтай зямлі.

Біяграфія вёскі пазначана ў архіўных спісах, многія з якіх захаваліся дзякуючы і летапісцам касцёлаў. Ведаем, што ў 1593 годзе ў мястэчку налічвалася 49 двароў і каля 350 жыхароў. Аб іх побыце нешта засведчыць архіўная "паперка", пазначаная 1591 годам. Яна канстатуе, што жыхары мястэчка Дзераўная мелі наступныя віды феадальных павіннасцей. У час жніва тубыльцы павінны былі аддаць пану "па шэсць талок з дыму" (адпаведнай па той метрычнай сістэме колькасці снапоў з гаспадаркі). А таксама абавязаны былі вазіць лісты (пэўны груз) да чатырох міль. Для двара лавіць рыбу, калі загадаюць. Удзельнічаць у адпоры суседу ў выпадку яго нападу на панскі двор.

Так, суседзі былі не толькі мірнымі, але і ваяўнічымі. З цікавасцю азнаёмімся з архіўным здабыткам - пісьмом гетмана Вялікага княства Літоўскага Х. Радзівіла трокскаму ваяводу М. Радзівілу. Адзін валадар княжацкага роду паведамляў другому знатнаму родзічу аб тым, што не можа пахваліцца паспяховым зыходам бітвы яго атрада з "разбойнікам" Налівайкам. Выходзіць, што казакі, якія, як вядома з гісторыі, вялі барацьбу з магнатамі і шляхтай, пазбеглі акружэння і зноў збіраюць сілы. Такая вось непрыемнасць, але ж служба службай, а дружба дружбай. І далей у пасланні ідзе прыпіска: "Я даведаўся, што Ваша міласць знаходзіцца цяпер у Дзераўне, калі б Вы там затрымаліся, я прыехаў бы ў Рубяжэвічы, каб мець магчымасць часцей там сустракацца з Вамі…"

У 1646 годзе ў Дзераўной быў ужо 71 двор, а сярод яе жыхароў значылася 26 рамеснікаў. Гэта былі людзі, як сёння сказалі б, рабочых прафесій - цесляры, сталяр, шкляр, краўцы, млынар і іншыя. Але не выпадаў лёс нашым продкам доўгі час жыць у мірнай працы. Варожыя напады, грамадзянскія войны прыносілі ўзрушэнні, разбурэнні. Так, 50-ыя і 60-ыя гады таго ж стагоддзя ў гісторыі пазначаны баявымі паходамі войскаў Багдана Хмяльніцкага. І ў 1665 годзе з 87 дзераўнянскіх двароў 46 было "незаселеных" - пустых, паўразбураных. Сельская гаспадарка, рамяство, гандаль прыйшлі ў заняпад. Неўраджай, нашэсце мышэй выклікалі страшэнны голад, успыхнулі эпідэміі. Пра эканамічны заняпад сведчаць і такія лічбы - у 1727 годзе ў Дзераўной заставалася толькі 39 двароў, у 1786 - 49.

З 1793 года Дзераўная - у складзе Расійскай імперыі. Мястэчку быў нададзены статус цэнтра воласці Ашмянскага павета Віленскай губерні. У 1810 годзе ў мястэчку былі Касцельная, Наваградская, Дворная і Мінская вуліцы, на якіх налічвалася 46 двароў. У 70-ыя гады ХІХ стагоддзя адзначана наяўнасць у мястэчку бровара, 5 крамаў, прытулку для бедных. У канцы таго ж стагоддзя ў Дзераўной было ўжо 125 двароў і звыш 800 жыхароў. Мясціліся 11 гандлёвых лавак, гарбарня, аптэка, карчма.

Нядоўгі мірны перыяд, і зноў узрушэнні. У час Першай сусветнай вайны за мястэчкам, за рэчкай Шурой праходзіла лінія фронту. А неўзабаве непадалёку пралегла і мяжа - з 1921 года Дзераўная ў складзе Польшчы. Гэта было ўжо буйное мястэчка з плошчай, дзе мясціліся нават гасцініца і рэстаран. Вуліцы былі брукаваныя, абапал іх - тратуары. На Стаўбцоўскай вуліцы знаходзілася школа-сямігодка. На сваіх кватэрах прымалі хворых дактары Зянкевіч і Вілім. На кірмашы, што збіраўся на плошчы, гандлявалі рознымі таварамі, пераважна свайго вырабу - драўлянымі лыжкамі, кашамі. Яўрэі прывозілі і кандытарскія, і мясныя вырабы. Адкрыты былі і іхнія мясныя лаўкі. Другі кірмаш збіраўся за могілкамі, там прадавалі жывёлу, кармы для яе… У 1943 годзе амаль уся вёска згарэла, агонь не шкадаваў хат, што размяшчаліся ўшчыльную.

Пра Дзераўную савецкага часу можна таксама пісаць цэлую гісторыю. Вельмі добра, што дзераўнянцы шануюць памяць сваіх знакамітых людзей. Ёсць вуліцы Панамарова, Ваньковіча…

Расці, прыгажэй, аграгарадок Дзераўная, пад мірным небам!

Пр