мобильная версия
Прамень

Б'е з-пад зямлі крынічка

Нумар - №34-35    Рубрыка - Стаўбцоўшчына – родны край

22.02.2011

Фотография 1

Аграгарадок Рубяжэвічы мае нямала славутасцей, якія вядомы не толькі за межамі раёна. Адной з адметнасцей гэтага населенага пункта з'яўляецца крынічка, якая невялічкім ручайком уліваецца ў Сулу, што працякае ад яе літаральна за некалькі дзясяткаў метраў. Сула ж нясе свае чыстыя воды ў раку Нёман.

Бяруць адсюль ваду вясковыя жыхары, спецыяльна прыязджаюць па яе дзяржынцы і мінчане, напаўняючы бітоны. Карыстаюцца стаўбчане, якія бываюць праездам, а таксама ўсе жадаючыя. Але не кожнаму вядома адкуль жа ўзялася гэта крынічка, якая цячэ бесперапынна вось ужо больш за сорак гадоў.

 Як высветлілася, утварылася яна не сама па сабе. Мясцовая жыхарка Кацярына Станіславаўна Гарэлік, на прысядзібным участку якой і б'е з-пад зямлі крынічка, расказвае, што яны з мужам вырашылі прабурыць свідравіну, каб качаць з яе ваду. Ды ўзбіліся на такую вадзяную жылу, што і сілы не трэба было прыкладваць - вада пачала біць фантанам на некалькі метраў. Спрабавалі яе закрыць, але не змаглі, таму вымушаны былі адвесці трубу за плот, а для вёдраў і іншага посуду зрабілі спецыяльную падстаўку. З той пары і льецца вадзіца - халодная, крыштальна чыстая. Рассмакавалі яе вяскоўцы і пачалі прыходзіць па ваду практычна штодзень. Сёння крынічная вада запатрабаваная, п'юць яе людзі і дзякуюць гаспадыні. 

Фота Васіля ЗЯНЬКО

Надзея БАТАЛКА