Чорны смутак Афгана
Нумар - №34-35 Рубрыка - Памяць
22.02.2011
15 лютага, Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў, на Стаўбцоўшчыне адзначаны шэрагам сустрэч і мерапрыемстваў.
Сёлета, у год 22-й гадавіны вываду савецкіх войскаў з тэрыторыі Афганістана, збор воінаў-інтэрнацыяналістаў (іх у нас амаль 100 чалавек), праходзіў традыцыйна ў райваенкамаце. Менавіта адсюль для васьмярых стаўбцоўскіх рабят, прызваных у армію, пачаўся шлях у Бессмяротнасць... Святочная калона накіроўваецца ў цэнтр горада да стэлы ў гонар воінаў-інтэрнацыяналістаў. Тут, ля прыгажунь-елачак, пасаджаных у памяць аб загінуўшых, праходзіць мітынг. Піянеры нясуць ганаровую варту. Эмацыянальныя словы ўдзячнасці воінам, якія, рызыкуючы жыццём, выконвалі свой доўг у чужой краіне, наказ берагчы мір на зямлі гучалі з вуснаў намесніка старшыні райвыканкама Сяргея Шэсцеля, раённага ваеннага камісара Вячаслава Воранава, старшыні раённай ветэранскай арганізацыі Іосіфа Язвінскага, старшыні раённай арганізацыі ветэранаў вайны ў Афганістане Рыгора Мамайкі. Начальнік аддзела па справах моладзі Настасся Віслаўская прадастаўляе слова для выступлення старшыні раённай арганізацыі партыі камуністаў Ніне Дубовік, ад імя стаўбцоўскай моладзі - дзесяцікласніцы ДАСШ № 2 Дар'і Манцывода. Пасля прачулых вершаваных слоў да падножжа стэлы ўскладзены жывыя гваздзікі і вянкі.
Далей калона рушыла ў кінатэатр "Беларусь", дзе адбыўся канцэрт з удзелам ансамбля Шашкоўскай школы мастацтваў "Святліца", дэманстрацыя дакументальнай стужкі пра Афганістан, а таксама відэаролікаў выступлення членаў раённага клуба "Абаронца Айчыны". Падлеткі, якія займаюцца ў гэтым клубе, паказалі элементы рукапашнага бою непасрэдна перад прысутнымі ў кінатэатры. Воін-інтэрнацыяналіст Рыгор Мамайка з'яўляецца старшынёй клуба, створанага ў Стоўбцах сем гадоў таму. Рыгор Андрэевіч заўважыў:
- Наша раённая афганская арганізацыя ў першую чаргу павінна займацца ваенна-патрыятычным выхаваннем моладзі. У сучасных умовах гэта справа надзвычай важная. Нельга не выкарыстоўваць патэнцыял воінаў-інтэрнацыяналістаў, якіх разглядаюць як нашчадкаў традыцый ветэранаў Вялікай Айчыннай. Наш клуб, несумненна, будзе развівацца. Вялікую падтрымку гэтаму мы адчуваем з боку раённага выканаўчага камітэта. Больш актыўна будзем весці патрыятычную работу сярод вучняў школ. У клубе, паверце, знойдзецца справа для кожнага воіна-інтэрнацыяналіста. І тады мы сапраўды зможам гаварыць пра сваю арганізацыю як пра дзейсную, моцную баявым брацтвам і дружбай...
Напярэдадні Дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў не забытымі аказаліся і бацькі загінуўшых воінаў-інтэрнацыяналістаў. У іх пабывала дэлегацыя раёна. Раённы выканаўчы камітэт выдаткаваў кожнай з іх 200 тысяч рублёў, на працягу года аказвалася і іншая дапамога.
Памяць жыве ў справах.






