мобильная версия
Прамень

Што душа і думкі падкажуць, тое і рукі звяжуць

Нумар - №34-35    Рубрыка - Стаўбцоўшчына – родны край

22.02.2011

Фотография 1

Практычна ў кожнага чалавека ёсць сваё хобі, якім ён займаецца ў вольную гадзіну. І прысвячаюць яму апантаныя людзі нямала часу, а некаторыя проста акунаюцца з галавой. І многім іх любімая справа дапамагае набыць душэўны спакой, надае сілы. Такім заняткам для Людмілы Цімафееўны Турко з аграгарадка Рубяжэвічы стала вязанне. Даведаўшыся пра хобі былой настаўніцы фізікі, завіталі да яе ў госці. Дарэчы тут прыгадаць, што муж Васілій Барысавіч выкладаў у школе матэматыку.

Перш чым пачаць гаворку на прадмет нашай цікаўнасці, запыталіся, як жа жывецца сёння пенсіянерам-настаўнікам. Людміла Цімафееўна бойка адказала, што няблага, пенсія задавальняе, у магазінах усё можна купіць. Вось толькі са здароўем цяжкавата. Пакінула свой адбітак нялёгкае ваеннае дзяцінства, і ў юнацкія гады многага неставала, асабліва калі вучыліся.

- Цяпер вось дажылі да сівізны, свабоднага часу ў нас хоць адбаўляй, - жанчына сама падвяла нас да тэмы размовы, - летам у агародзе корпаемся, а зімою тэлевізар глядзім, па большасці навіны, пазнавальныя і забаўляльныя праграмы. Пастаянна ходзім у бібліятэку. Рознай літаратуры ў нас і дома нямала, але там свежыя газеты і часопісы паглядзім, новымі выданнямі таксама цікавімся, з людзьмі пагутарым. А самае галоўнае асабіста для мяне рукадзелле - займаюся вязаннем. Вам, напэўна, цяжка ўявіць, але выратоўвала мяне ад адзіноцтва толькі маё хобі, калі нядаўна муж трапіў у бальніцу і я засталася ў хаце адна. У мяне толькі адных часопісаў па вязанню штук дзвесце.

У пацвярджэнне сваіх слоў Людміла Цімафееўна паказвае апошні нумар часопіса "Ксюша" і адначасова захапляецца тымі прыгожымі рэчамі, якія можна звязаць пруткамі і кручком.

Падчас размовы высветлілася, што яна асвоіла гэту навуку яшчэ дзяўчынкай.

Рукадзельніцамі былі і бабуля, і маці.

- Ніякіх курсаў не заканчвала, але ўмею і пражу прасці, і ткаць, - сказала Людміла Цімафееўна. - Вучылася ў другім класе, калі настаўніца папрасіла мяне звязаць ёй пальчаткі.

З той пары і прызвычаілася. Цяпер Людміла Цімафееўна можа любую рэч звязаць: сярод іх пледы, кофтачкі, світары, камізэлькі, накрыўкі, рукавічкі і шкарпэткі, вазачкі, дарожкі і нават шторы на дзверы і вокны. Адным словам, на ўсе рукі майстрыха. У бабулі чацвёра ўнукаў і два праўнукі, якіх яна балуе сваімі вырабамі. Выконвае заказы суседзяў, знаёмых. Не за грошы, проста сядзець без справы не можа. Нямала і раздае проста так.

- Ужо на пенсіі вяла ў школе гурток па вязанню, і многія дзяўчынкі навучыліся вязаць, - дадала Людміла Цімафееўна, - вяжуць мае ўнучкі і нявесткі, толькі часу ў іх нестае. Але трэба, каб яшчэ і жаданне было, і любоў да гэтай справы. Тое, што зробіш сваімі рукамі, - рэч непаўторная. І здаравей для цела, калі яна натуральная. Мая студэнцкая сяброўка з Брэста адправіла мне ніткі з авечай воўны і папрасіла звязаць камізэльку. Ёй параілі насіць яе і лячыць такім чынам астму. З чаго раблю вывад - нягледзячы на тое, што многа зараз прадаецца прыгожага адзення ў магазінах і на рынках, рамяство маё застаецца запатрабаваным. Балазе, нітак хапае, і не толькі пакупных. Нярэдка развязваю раней звязанае і перавязваю наноў, хоць муж вельмі шкадуе, што так раблю, і бывае проста выхоплівае з рук, не даючы гэтага зрабіць. Дарэчы, у мяне суседка таксама вяжа і шые.

Падчас нашага візіту Кацярына Станіславаўна Гарэлік якраз была тут у гасцях.

- Гэта мае лепшыя суседзі, з якімі сябруем больш за сорак пяць гадоў, - сказала жанчына, - і не толькі сябруем, а і адзін аднаму дапамагаем у розных жыццёвых сітуацыях. Маем з Людмілай Цімафееўнай аднолькавае хобі, што яшчэ больш нас яднае. А вязаць я таксама навучылася з дзяцінства.

 Жанчыны пастаянна кансультуюцца адна з адной і, так бы мовіць, абменьваюцца вопытам. І Васіль Барысавіч часам прымае ўдзел у гэтых размовах, але больш моўчкі слухае, таму пастаянна ў курсе новых "распрацовак" дзвюх сябровак. А якія яго адносіны да гэтага занятку?

- Ганаруся, што мая жонка можа гэта рабіць і карыстаецца, як майстрыха, павагай сярод людзей, - сказаў Васілій Барысавіч, - такое хобі мае і сваё практычнае значэнне, аднак не гэта самае галоўнае, важна, каб яна сама была задаволена пладамі сваёй работы.

Слухаючы мужа, Людміла Цімафееўна з удзячнасцю і ледзьве прыкметнай усмешкай паглядала на яго - вялікае шчасце, калі цябе разумеюць.

На здымку: (злева направа) Людміла Цімафееўна і Васілій Барысавіч Турко разам са сваёй суседкай Кацярынай Станіславаўнай Гарэлік абмяркоўваюць чарговую работу.

Фота Васіля ЗЯНЬКО

Надзея БАТАЛКА